Выступ Rockerjoker у Любліне выклікаў скандал - фота

Сяргей Будкін, Тузін Гітоў, для партала навінаў www.UDF.BY

Канцэрт дуэта Rockerjoker з Беларусі ў цэнтры Любліна на маштабнай акцыі "Ноч культуры" выклікаў неадназначную рэакцыю. Частка гледачоў горача прывітала гасцей канцэрта, а частка асвістала з крыкамі "Падонкі". Беларускі студэнцкі асяродак у Любліне адкрыта заявіў пра сваё абурэнне з нагоды запрашэння аўтараў песні "Саша останется с нами".

Дуэт з Беларусі выступаў на вялікай сцэне на Літоўскім пляцы ў самым цэнтры Любліна. Арганізатары вырашылі, што Rockerjoker закрые канцэрт у межах маштабнай акцыі "Ноч культуры", прысвечанай удзелу Любліна у конкурсе на званне культурнай сталіцы Еўропы-2016. "Гэта быў шыкоўны канцэрт на шыкоўным мерапрыемстве, - апавядае ўдзельнік Rockerjoker Макс Сіры. – Не ведаем, чаму нас выставілі граць апошнімі, але было сапраўды крута, на плошчы сабралася некалькі тысячаў людзей. Нас горача падтрымлівалі, крычалі назву нашай краіны, клікалі на біс".

Але частцы гледачоў запрашэнне Rockerjoker у Люблін не прыйшлося даспадобы. Выхад на сцэну музыкаў з Беларусі шэраг беларускіх студэнтаў, якія вучацца ў гэтым горадзе, сустрэлі крыкамі "Падонкі" і апушчанымі долу вялікімі пальцамі рук. Неўзабаве на інфармацыйнай старонцы Moje Miasto Lublin з’явіўся ліст аднаго з удзельнікаў стыхійнай акцыі на Літоўскім пляцы. "Як вялікі цынізм у адносінах да палітвязняў ды іх сем’яў можа быць ацэненае выкананне гэтай камандай народных песень на расійскай мове. Гэта падзея ўскалыхнула беларускі асяродак у Любліне, дзе жыве нямала людзей, якія вымушаны былі з’ехаць з Радзімы праз пераслед міліцэйскага рэжыма", - заяўляе аўтар ліста Віктар Шукеловіч і просіць даць тлумачэнні: "Хто нясе адказнасць за гэтую дэманстрацыю беларускай "антыкультуры" і якія былі матывы запрашэння каманды Rockerjoker у Люблін?" - пытаецца студэнт.

Удзельнікі Rockerjoker пазнаёміліся з адкрытым лістом Віктара Шукеловіча і выказалі сваё меркаванне.

"Я магу толькі паціснуць плячмі з нагоды дадзенага памфлета, бо канцэрты гурта ацэньваюцца публікай. Мяркуючы з таго, што тысячы людзей на плошчы настойліва клікалі наш гурт на біс, канцэрт прайшоў паспяхова, - кажа вакаліст каманды Міхей Насарогаў. – А што тычыцца культуралагічнага боку пытання, то я бы не стаў браць на сябе адказнасць і вешаць на сябе роль прадстаўнікоў беларускай культуры, бо ў сваёй творчасці мы аперуем суб’ектыўнымі перадумовамі. Датычна ж расейскай мовы, то гэта мова, на якой я размаўляю, і яна мне не падаецца чымсці горшай за іншыя мовы. Настойліва прапаную не рабіць з мухі слана ды не прыцягваць за вушы палітызаваныя клішэ".

"Дадзены ліст не выклікае ў мяне аніякіх эмоцый, - дадае Макс Сіры. – Юнацкі максымалізм. Цемрашальства. Аднабаковасць. Палітызаванасць. Скажоныя факты. А што да канцэрта, то дзякуй польскай публіцы і арганізатарам. Мы шчыра здзівіліся такім прыёмам і радыя таму, як нас віталі. Спадзяемся, што ў нас на радзіме такія мерапрыемствы стануць рэальнасцю".

Выступ Rockerjoker у Любліне выклікаў скандал - фота

Rockerjoker у Любліне. Аўтар Jacek Świerczyński

поделиться

Новости по теме

    Rockerjoker: Саня останется с нами

    Гурт Rockerjoker запісаў песню, у якой заклікаюць Саню застацца. Каго яны мелі на ўвазе, музыкі казаць не хочуць. Аднак песню можа смела выкарыстоўваць ініцыятыўная група Лукашэнкі пад час пікетаў.подробности

Новости партнёров