«Тузін.Unplugged» у чэрвені: Dali і Vinsent

партал навінаў www.UDF.BY

У трэцім канцэрце з серыі "Тузін.Unplugged" 16 чэрвеня выступіць гурт Dali на чале з Віктарам Рудэнкам і рэпер Vinsent з жывым складам музыкаў. Кожны з выступоўцаў рыхтуе экслюзіўны сэт. Dali пакажуць праграму, якую рыхтуюцца прэзентаваць у Маскве, а каманда Вінсэнта рыхтуе акустычныя варыянты ўжо вядомых песень, аранжыроўкі некаторых з іх зменяцца карэнным чынам.

Песні Вінсэнта добравядомыя наведнікам "Тузіна Гітоў". Рэпер дэбютаваў у чарце на пачатку 2008 году з трэкам "Менск-Парыж", заявіўшы, што збіраецца змяніць стан справаў у беларускім рэпе. Яго наступны хіт "Адыходзяць караблі" займеў сур’ёзны поспех, трэк двойчы ўзняўся на першую прыступку хіт-параду. За гэты час Вінсэнт запісаў і прэзентаваў дэбютны альбом "Пачатак", зладзіў першы фестываль беларускамоўнага рэпа, а потым здзівіў усіх, заявіўшы пра свой жывы праект.

Вінсэнт з гуртом загучаў, ды яшчэ як – яго сольны канцэрт у "Рэактары" выклікаў немалы розгалас. На канцэрце "Тузін.Unplugged" 16 чэрвеня Вінсэнт разам са сваімі музыкамі прадставіць адмысловую праграму: "Мы падрыхтуем акустычныя варыянты ўжо вядомых песень. У некаторых аранжыроўкі значна зменяцца. Для мяне і музыкаў гэта будзе цікавым досведам. Будзем рабіць эксперыменты з гукам", - заяўляе выканаўца.

Другія выступоўцы – гурт Dali таксама могуць пахваліцца сваёй арыгінальнасцю. Яны дэбютавалі на "Тузіне Гітоў" на інтэрнэт-адборы да фэсту "Басовішча" у 2005 годзе і вылучыліся сярод астатніх сваёй пазітыўнасцю і нестандартнасцю. Усе наўкол метал граюць ды пра гаротную старонку пяюць, а тут раптам - "Грай гармон". На "Басовішча" Dali так і не трапілі, ад таго, відаць, вырашылі паспрабаваць свае сілы ў адборышчы на "Еўрабачанне". Некалькі год запар яны падавалі заяву, але ў фінальную стадыю адбору трапілі толькі ў Польшчы. У 2009 годзе Dali рэальна прэтэндаваў на тое, каб прадставіць гэту краіну на эўрапейскім фэсце. Не хапіла зусім трошкі, затое музыкі паказаліся ў эфіры польскага тэлебачання і даказалі сабе і людзям, што няма нічога немагчымага. На "Тузін.Unplugged" 16 чэрвеня гурт рыхтуе акустычную праграму, якую неўзабаве прэзентуе ў Маскве.

Уяўленне пра жывое гучанне Dali можна скласці паводле песні "Пахне чабор", якая брала ўдзел у чарце на "Тузіне Гітоў".

Па традыцыі весці імпрэзу будзе лідэр гурта "Палац" Алег Хаменка, нязменны вядучы радыёвэрсіі хіт-параду "Тузін Гітоў", якая ідзе на хвалях "Радыё Рацыя".

Канцэрт "Тузін. Unplugged" падтрымлівае грамадская кампанія "Будзьма беларусамі".

Канцэрт пачнецца ў 19.00 16 чэрвеня ў мінскім клубе "Графіці" (зав.Калініна, 16). Кошт квітка – 25 000 руб. Набыць яго можна ў клубе загадзя з 18.00 да 22.00 штодня, акрамя суботы і нядзелі. Колькасць месцаў абмежаваная!

Інфалінія: +375 (29) 638-4444 / (33) 638-4444, skype, google: Diskoteq, ICQ: 531-07-353.

поделиться

Новости по теме

Новости партнёров