Дык колькі ў Беларусі беларусаў?

www.udf.by

На презентацыі дакладу, прысвечанага нацыянальнай ідэнтычнасці беларусаў, публіка сабралася розная – ад зацятых нацыяналістаў да дзяржаўных ідэолагаў. Але гарачай спрэчкі не атрымалася, хіба што крыкам "Ганьба" сустрэлі навіну пра тое, што сацыялагічнае апытанне на замову кампаніі "Будзьма" праводзілася па-руску, а сакратар БРСМ Вадзім Гігін пацікавіўся, якімі крэтэрамі кіраваліся даследчыкі, калі вылучалі ў асобную групу "нацыянальнасвядомых". На што атрымаў рэзонны адказ: "Паводле самаацэнкі апытаных".

У выніках даследавання, што праводзіла лабараторыя "Новак" і Беларускі інстытут стратэгічных даследаванняў, аргументы могуць адшукаць, як прыхільнікі ўлады, так і яе апаненты. Дарэчы, вызначэнне аўтарамі апытання прыхільнікаў сённяшняй улады, як "преверженцев белорусского государства" выклікала нараканні з боку часткі прысутных. "Зрузумела, што мелася на ўвазе аўтарамі, але ў Еўропе яны не здолеюць патлумачаць ці гэта прыхільнік сённяшняга рэжыму, ці беларускай дзяржаўнасці", - заявіў пісьменнік Уладзімір Арлоў.

У ліку самых галоўных цікавасцяў, якія адкрыліся ў выніку даследавання: Магілёўская вобласць – самая беларускамоўная, да беларускамоўных большасць ставіцца пазітыўна і не звязвае мову з палітыкай, прыхільнікі Еўропы паціснулі прыхільнікаў СССР, але пазіцыя беларускай мовы ў параўнанні з рускай вельмі слабая: пастаянна ёй карыстаецца 5,8 працэнтаў супраць 74,4 карыстальнікаў рускай. Затое больш за 70 працэнтаў хацелі бы больш дазнацца пра беларускую гісторыю, традыцыі, нацыянальную кухню.

Не былі агучаныя на прэзентацыя не менш цікавыя звесткі, відаць каб не кранацца палітыкі, бо даследаванне было ад пачатку заяўленае, як апалітычнае. Галоўным нацыянальным святам большасць апытаных лічыць 3 ліпеня, а 25 сакавіка адзначылі толькі 1,2 працэнты. Падобная сітуацыя і з сімволікай – чырвона-зялёны сцяг і цяперашні афіцыйны герб сваім лічаць больш за 72 працэнты, у той жа час бел-чырвона-белы сцяг і "Пагоню" – 7,7 працэнты.

Але нават без агучвання гэтых звестак, самая актыўная частка аўдыторыі абуралася. "Калі бы апытанне праводзілася не па-руску, а па-беларуску, былі бы іншыя вынікі", - упэўнена заявіў Алег Трусаў. Яму запярэчыў філосаф Уладзімір Мацкевіч: "Спажывецкае стаўленне да розных апытанняў здзіўляе, бо тымі ці іншымі маніпулятыўнымі сродкамі можам атрымаць больш спрыяльныя для сваёй ідэалогіі дадзеныя. Вядома, што гэтыя вынікі не адпавядаюць бачанню беларускамоўнага чалавека, але з іх вынікаюць практычныя высновы наконт таго, якім чынам паставіць беларускую справу на больш-менш рэалістычную глебу".

Алесь Пехціеў

поделиться

Новости по теме

Новости партнёров