N.R.M. без Вольскага: першы тур па Беларусі і новы альбом

"Еўрарадыё"

N.R.M. без Вольскага скончыў першы тур па Беларусі і рыхтуецца сказаць беларусам: "Да пабачэння".

Канцэртамі ў Слуцку і Магілёве, літаральна, на гэтых выходных скончыўся так званы летні тур N.R.M., з якім, па словах Піта Паўлава, музыканты аб’ехалі амаль усю Беларусь. Падчас гэтых канцэртаў гурт планаваў знайсці сабе новага вакаліста і афіцыйна аб’явіў пра гэта на сваім сайце.

Як высветлілася па выніках туру, вакалістамі N.R.M. будуць не адзін, а адразу тры чалавекі.

"Зараз ў гурце тры вакалісты. Гэта Юрась Ляўкоў, Алезіс Дземідовіч і Піт Паўлаў", – распавёў Еўрарадыё Піт Паўлаў.

Але, кажа Піт, магчыма, склад гурта ўсё-такі пашырыцца.

Піт Паўлаў: "Пакуль мы нічога не вырашалі. Яно неяк так само паволі "устаканілася". Мы ехалі ў тур і ўвесь час спявалі. І зараз спяваем. Пакуль усё выглядае вось так. А паколькі ў нас усё адбываецца само сабой, стыхійна, і няма такога – вось мы вырашылі, што так і будзе – мы ўсё правяраем стыхійна".

Геаграфія тура N.R.M. гэтым разам захапіла нават месцы, куды музыканты яшчэ ні разу не прыязджалі.

Піт Паўлаў: "У нас быў канцэрт нават у такім маленечкім закутку, як выспа на возеры Сялява. Ці, напрыклад, у Слуцку, дзе мы дагэтуль ні разу не былі. Зараз мы маем уласныя вынікі і досвед, і разумеем, што і як. А таксама маем фітбэк ад гледачоў – у нас з’явілася інфармацыя для аналізу".

Падчас гэтых выступаў музыкантам не пісалі ўжо традыцыйных для канцэртаў N.R.M. цыдулак, і амаль не задавалі пытанняў. Што тычыцца праграмы выступу – зараз N.R.M. спрабуе максімальна прыцягнуць увагу да новых песень.

"Мы нават перакрочваем мяжу. Таму што наш досвед сведчыць, што новых песень у канцэрце можа быць дзве, а лепш за ўсё адна,– тлумачыць Піт. - Калі болей – людзі пачынаюць сумаваць, не ўспрымаць і г.д. Зараз у нашых акустычных канцэртах больш за палову новых песень, а ў электрычных –больш за траціну. Гэта рызыкоўна, таму што новыя песні слухачы ўспрымаюць крышачку без увагі і неахвотна. Але мы ўсё ж такі рызыкуем, каб прывучыць людзей да новых песень".

У бліжэйшых планах гурта – вялікі канцэрт у Мінску, здымкі кліпа і выпуск новага альбома, над якім музыканты працуюць зараз. У параўнанні з папярэднім альбомам N.R.M. "06" (які музыканты запісалі яшчэ ў поўным складзе, – заўв.рэдакцыі) альбом будзе больш меладычным і іншым па гучанні – дзеліцца ўражаннямі Піт:

"Гэтыя змены звязаныя з вядомымі прычынамі – змяніўся склад гурта. Пакуль мы запісваем альбом сваім складам, але плануем запрасіць і сесійных музыкантаў, як гэта заўсёды было ў апошніх альбомах N.R.M. Могуць з’явіцца народныя інструменты".

Плануецца, што ў альбом увойдуць прыкладна 10 кампазіцый – прынамсі, над такой колькасцю трэкаў зараз працуюць музыканты. Працоўная назва альбома – "ДПБЧ".

"Такім чынам мы хочам увесці ва ўжытак беларусаў, нават рускамоўных, новую "фішку". Каб яны пісалі ў смсках літары "ДПБЧ" замест "пакуль" ды інш. Гэта значыць "Да пабачэння". І хутчэй за ўсё такую назву будзе мець загалоўная песня альбома".

поделиться

Новости по теме

    N.R.M. cыгралі першы канцэрт без Вольскага

    Гурт N.R.M. даў першы сольны канцэрт без свайго лідэра Лявона Вольскага. Паўпадпольны выступ каманды прайшоў 22 красавіка ў полацкім клубе "Сфера". У клуб, разлічаны на 180 чалавек, змясцілася больш чым удвая гледачоў.подробности

Новости партнёров