Лідэр "Голай манашкі" Жывалеўскі: Якім я быў, такім застаўся - відэа

"Тузін гітоў"

Лідэр гурта "Голая манашка", якога пасадзілі на 3,2 гады за ўжыванне наркотыкаў, трапіў пад амністыю і выйшаў на волю праз два гады зняволення. Першае інтэрв'ю на волі лідэр самай яскравай беларускай панк-каманды даў "Тузіну Гітоў" ды распавёў, як удалося пазбегнуць суворага пакарання ў 9,5 год турмы, як яго называлі ў калёніі і ці вабяць яго наркотыкі: "Я ж не Дэльфін, каб распавядаць, як я тырчаў ды кінуў. Наркотыкі заўжды вабяць, як тое бывае ў рок-н-роле. Не вабіць толькі перспектыва".

Яму пагражала да 13 год турмы па парушэнню адразу двух артыкулаў Крымінальнага кодэкса, датычных незаконнага абароту наркотыкаў і арганізацыі прытону. Абвінаваўца прасіў даць музыканту 9,5 год. Але асудзілі яго на 3,2 гады пазбаўленьня волі. Жывалеўскі сядзеў спачатку ў жодзінскім ізалятары, потым праходзіў абследаванне ў Навінках, пасля чаго яго адправілі ў аршанскую калонію №8. Адтуль ён і выйшаў 26 ліпеня праз два гады зняволення – трапіў пад амністыю. Гэта апынулася нечаканасцю як для яго самога, так і для яго родных і сяброў. Чакалі Федзю не раней за лістапад 2011 па сканчэнню прымусовага лячэння.

Па выхадзе з калёніі Федзю ніхто не сустракаў. Ён у самоце дабраўся да Мінска, дзе яму ўжо наладзілі цёплы прыём. А 29 ліпеня адзначыў сваё 29-годдзе. Тое, што зрабіў найперш Федзя на волі, дык гэта абтэлефанаваў удзельнікаў сваёй каманды "Голая манашка". У турме напісалася нямала песень і яму карціць іх адрэпетаваць ды запісаць. Першае інтэрв'ю на волі лідэр самай яскравай беларускай панк-каманды даў "Тузіну Гітоў".

ТГ: Твайго выхаду чакалі ў лістападзе. Вызваленне для цябе было нечаканым?

- Так, трапіў пад амністыю. Збіраўся выйсці яшчэ ўвосень 2010 году. Прыехаў у калонію, а тут прысудзілі яшчэ лячэнне па артыкуле 107, яшчэ год накінулі наверх. Давялося ісці граць у ансамбль на базе калоніі – "Апрель" зваўся. Вакалістам там быў.

ТГ: Што выконвалі?

- У асноўным расійскую полупапсу – Нікольскага, "Машину времени", перыядычна змагаліся за беларускамоўны рэпертуар. Па-беларуску гралі аўтарскія рэчы.

ТГ: Як цябе ў прынцыпе ўспрымалі ў калоніі?

- Нармальна ўспрымалі… Рэдкага чалавека нармальна ўспрымаюць. "Мухай" празвалі, бо маленькі яшчэ.

ТГ: Навіны з волі даходзілі?

- "Белку" ("CБ-Беларусь сегодня" - заўвага ТГ) чыталі мы. "Наша Ніва" пэўны час даходзіла. Нелегалы ў інтэрнэт выходзілі са смартфонаў. Так што быў у курсе падзеяў. Нават больш, чым калі тут знаходжуся. Канечне, усе былі шакаваныя канстатацыяй пра "дастойнейшых" людзей.

ТГ: Ты правёў у зняволенні два гады. Ці адчуваеш сам, як за гэты час змяніўся?

- Я?...(збянтэжана смяецца). Не адчуваю. Якім быў, такім і застаўся. Хіба патрапаны толькі.

ТГ: Дык цябе прызналі здаровым? (Федзя намагаўся давесці ў калоніі, што з’яўляецца асобай з расстройствам псіхічнага здароўя і ўмовы ўтрымання яго прыгнятаюць – заўвага ТГ).

- Псіхіятрычныя дыягназы не пацвердзіліся. Ніводны. А спіс там быў вялікі. Здаецца, са здароўем усё нармальна. Акрамя хіба нервовай сістэмы.

ТГ: Ці ты прызнаў тое, што трапіў за краты па справе?

- Прызнаў. Але ж не распаўсюд. Шылі правакацыю, так што давялося паваяваць. У нашай краіне лічаць распаўсюд наркотыкаў марудным забойствам. І няма розніцы ці вы распаўсюдзілі касяк марыхуаны ці кілаграм гераіна. Дзеянне адно і тое ж. І вось з такой логікай нехта, хто зарабляе сабе на пагоны, запрасіў для мяне 9,5 год. Адваявалі, далі тры. Абвінавачванні па распаўсюдзе наркотыкаў ды арганізацыі прытону ўсё ж знялі. Сеў за ўжыванне.

ТГ: Цяперашняе тваё стаўленне да наркотыкаў? Вабяць?

- Яны заўжды вабяць, як тое бывае ў рок-н-роле (смяецца). Не вабіць толькі пэрспектыва такая….Звычка засталася. Я ж не Дэльфін, каб распавядаць, як я тырчаў ды кінуў. Так не модна. Наогул не люблю наркагістэрыю, не падабаецца мне гэта тэма… Мяне засмучвае, што ў гэтай краіне робяць вялікія грошы на гэтай тэме. І хто прадае, і хто закрывае людзей, і хто ламае лёсы. Колькі правакацый у гэтай галіне і ніхто не можа нічога даказаць, а яно працягваецца. Сістэма паспяхова працуе.

ТГ: Што будзеш рабіць на волі?

- На днях збіраемся з гуртом. Падрыхтаваў матэрыял нядрэнны. У верасні магчыма сыграем канцэрт. Да канца году мяркуем запісаць сінгл, песні тры новыя паказаць для пачатку. Хацелася б і на "Бардаўскую восень" заявіцца. У астатнім – пакуль разбіраюся з бытам, усё нармальна, ёсць намёткі па працы. Але пра гэта не буду казаць, які сэнс…

поделиться

Новости по теме

Новости партнёров