Генадзю Бураўкіну - 75!

"Радыё Свабода"

28 жніўня спаўняецца 75 гадоў паэту і грамадзкаму дзеячу Генадзю Бураўкіну, чыё слова, па вобразным вызначэньні Рыгора Барадуліна, ня ведае дэвальвацый, заўсёды мае цьвёрдую цану. Вершы Бураўкіна цытуюць у публічных выступах — ён афарыстычны, як рэдка хто з айчынных паэтаў. Песьні Бураўкіна сьпяваюць на афіцыйных канцэртах — бо нічым не заменіш «Зачарованую» ці «Завіруху». Жыцьцёваму досьведу Бураўкіна таксама можна пазайздросьціць — шмат чаго чалавек пабачыў на свае вочы… Напярэдадні юбілею мы сустрэліся з паэтам у «Вольнай студыі».

— Генадзь Мікалаевіч, давайце паспрабуем вызначыць нейкі пачатак. Аднойчы мы з вамі выступалі на літаратурных імпрэзах у Полацку, гасьцявалі ў вашай мамы. І мяне тады ўразіла, як яна ўжо ў вельмі паважным веку чытала на памяць вершы Якуба Коласа. Паэзія ў вашым жыцьці — ад маці?

— Думаю, што паэтычнае бачаньне сьвету ў мяне, сапраўды найбольш ад мамы, але яшчэ і ад прыроды, у якой я ў маленстве жыў. Маляўнічая, вельмі беларуская рэчка Дрыса і тыя бары, якія каля нашай вёскі былі, і туманы, якія плылі над лугам, — я ўсё да гэтага часу гэта помню. У мамы памяць проста выключная. Ёй сёньня ўжо 98 гадоў, але яна да гэтага часу памятае тыя вершы, якія вучыла ў школе, і ня толькі Якуба Коласа, але і Кандрата Крапівы, яна памятае песьні той пары. Больш-менш сур’ёзна ставіцца да літаратурнай творчасьці я стаў ва ўнівэрсытэце. Таму, што побач былі сябры, якіх сёньня мы ведаем як выдатных паэтаў: Рыгор Барадулін, Васіль Зуёнак, Міхась Стральцоў… Я быў побач зь імі, на іх азіраўся, і мы разам нешта шукалі. А потым прыйшлі радасныя сустрэчы з клясыкамі, якіх мы вучылі ў школе, я маю на ўвазе Аркадзя Куляшова, Максіма Танка, Пімена Панчанку. Можна было зь імі з жывымі сустрэцца. Яны былі не забранзавелыя, але мы дыстанцыю трымалі, глядзелі на клясыкаў, як на жывыя помнікі. Але яны паводзілі сябе вельмі дэмакратычна, ня ўмелі і не хацелі быць помнікамі.

— За сваё жыцьці вы займалі нямала самых розных і адказных пасадаў — рэдагавалі часопіс, узначальвалі Дзяржаўны тэлерадыёкамітэт, былі прадстаўніком Беларусі ў ААН, намесьнікам міністра культуры… На якой пасадзе вам працавалася найлепш, дзе вы сябе адчувалі, як кажуць, у сваёй талерцы?

— Найперш гэта часопіс «Маладосьць», дзе я пачынаў друкавацца, і куды я потым прыйшоў галоўным рэдактарам. Калектыў наш быў невялікі, але вельмі родны, вельмі адказны, вельмі шчыры. У рэдакцыі тады працавалі і вэтэраны Мікола Аўрамчык і Сьцяпан Кухараў, але былі і мае блізкія сябры Янка Сіпакоў і Ўладзімер Дамашэвіч, а намесьнікамі ў мяне былі Вячаслаў Адамчык і — пазьней — Алесь Жук. У «Маладосьці» ў нас было адзінства ня толькі службовае, але і духоўнае. Таму і ўспамінаюцца тыя шэсьць гадоў, як вельмі сьветлая старонка. Тады ў часопісе нам удалося надрукаваць вельмі знакавыя творы: і аповесьці Васіля Быкава, якія вельмі няпроста праходзілі, і ваенныя раманы Івана Чыгрынава, і дакумэнтальную кнігу-зьяву сусьветнага значэньня «Я з вогненнай вёскі» Алеся Адамовіча, Янкі Брыля і Ўладзімера Калесьніка, і вострыя артыкулы Рыгора Бярозкіна, і апавяданьні Івана Мележа, і вершы Аркадзя Куляшова, якія, дарэчы, былі адрынутыя ў іншых выданьнях.

— Днямі мы бачыліся з вамі на імпрэзе, прысьвечанай свабодзе творчага самавыяўленьня. А як з гэтай самай свабодай у вас: ці часта даводзілася пісаць з аглядкай на зьнешняга ці ўнутранага рэдактара?

Была ў мяне аглядка і «зьнешняя», і «ўнутраная». Прызнаюся шчыра: сядзеў ва мне ўнутраны цэнзар, таму што кожнаму творчаму чалавеку, калі ня будзем хітраваць, хочацца, каб творчасьць яго дайшла да людзей. Таму і мне даводзілася азірацца на тую рэальнасьць, якая была. У адной з маіх пазьнейшых кніжак ёсьць цэлы разьдзельчык вершаў, якія за савецкім часам не друкаваліся. Але я не сказаў бы, што той унутраны цэнзар так ужо на мне вісеў. Я стараўся, хоць і з аглядкай, але выказваць тое, што мне дорага, і ў вершах, і ў паэме «Ленін думае пра Беларусь». За тую паэму мяне сьпярша хвалілі, потым даволі жорстка лаялі, ледзь не зрабіўшы з мяне трубадура марксізму-ленінізму. Тады мяне падтрымаў Масей Сяднёў. Калі мяне пачалі тут лаяць, а я ў гэты час працаваў у Нью-Ёрку, ён мне сказаў: «Генадзь, ты асабліва не хвалюйся. Людзі разумныя ведаюць, што твая паэма не пра Леніна, а пра Беларусь. Я вельмі крытычна стаўлюся да камуністычнай ідэалёгіі і да Леніна, але ў гэтым творы аніякага твайго граху ня бачу». І мне тады гэта было важна пачуць.

— А хто зь беларускіх пісьменьнікаў для вас зьяўляецца прыкладам творчай свабоды?

— Прыкладам паводзінаў творцы для мяне два чалавекі: Васіль Быкаў і Пімен Панчанка. Быкаў, нягледзячы на жорсткую цэнзуру, усё ж сказаў сваё праўдзівае слова пра вайну. І Панчанка, нягледзячы на жорсткія рамкі, якія для яго ставілі, усё ж час ад часу з тых рамак выломваўся і ў сваёй паэзіі быў гранічна шчыры і гранічна сьмелы.

— Аднойчы Янка Брыль паказаў мне сваю «шафу найлепшых», дзе стаяла няшмат, каля паўсотні кніг, самых для яго дарагіх, якія ён любіў перачытваць. А ці была ў вас свая «валізка найлепшых»? Якія кнігі вы бралі з сабой у Нью-Ёрк?

— У Нью-Ёрк я браў няшмат кніг: творы Багдановіча, Купалы, Коласа, Быкава і Брыля. З расейскай клясыкі — Гогаля і Ясеніна, яшчэ публіцыстыку Буніна. Так што валізка не валізка, але ладны стосік кніг быў. Праўда, у Нью-Ёрку ў мяне была магчымасьць пазнаёміцца з кнігамі нашых суайчыньнікаў за мяжой: Натальлі Арсеньневай, Алеся Салаўя, Уладзімера Дудзіцкага, Масея Сяднёва. Для мяне іх творчасьць сталася адкрыцьцём, гэтых аўтараў я таксама люблю перачытваць.

— А я перад нашай гутаркай перачытаў ваш нядаўні зборнік «Лісты да запатрабаваньня» і напаткаў там такія радкі: «Ня бойцеся начальнікаў, яны — зусім ня геніі. Яны ва ўсім звычайныя, ня Гётэ, не Тургеневы, ня Рузвэльты, ня Сталіны, ня Вітаўты, ня Скірмунты. Як лёгка ўверх пастаўлены, так хутка будуць скінуты…» Але, як паказвае практыка, начальніка з вяршыні ўладнай піраміды скінуць складана — і ў Сырыі, і ў Лібіі, і ў Беларусі. Што змушае чалавека рукамі і зубамі трымацца за ўладу?

— Улада дае незвычайныя магчымасьці чалавеку, ён да іх прывыкае, а калі сыходзіць з улады — усё зьнікае. Вазьміце аднаго беларускага дзеяча, які вельмі трымаецца за ўладу. Уяўляеце, якім было ягонае ранейшае жыцьцё, калі ён ня быў кіраўніком? Сказам шчыра — вельмі бедным. Яго тузалі, яму было няпроста і нялёгка. А цяпер ён жыве, робячы ўсё, што захоча. І калі гэтую пасаду ў яго забяруць, куды яму вяртацца? Назад у тое жыцьцё? Ня хочацца. А куды яшчэ? У дыктатараў, як правіла, няма прафэсіі. Пасада робіцца для іх прафэсіяй. Таму яны і трымаюцца за ўладу. Вазьміце таго ж Кадафі. Ясна ўжо, што трэба сыходзіць.

Дыктатар трымаецца за ўладу да канца, да вялікай крыві, бо пасада абараняе яго ад лавы падсудных.
Большасьць твайго народу, імем якога ты клянесься, хоча, каб ты сышоў. Не. Дыктатар трымаецца за ўладу да канца, да вялікай крыві, бо пасада абараняе яго ад лавы падсудных. Толькі зрынутых дыктатараў прыцягваюць да адказнасьці. А пераходзіць з палаца за краты — ніхто такога лёсу ня хоча.


— У «Лістах да запатрабаваньня» надрукаваныя дзьве паэмы — пра Францішка Багушэвіча і Якуба Коласа. Абодва яны пад канец жыцьця перажывалі пэўнае расчараваньне ў сваім народзе. А вы?

— Я не магу цярпець палітыкаў, якія вельмі лісьлівыя ў адносінах з народам: «Наш народ самы выдатны! Наш народ самы мудры! Наш народ самы працавіты! Наш народ самы цярплівы!»… Другія народы таксама ўсё гэта маюць. Наш народ — такі, які ёсьць, другога ў нас ня будзе. Але як мы можам дараваць свайму народу вялікія гістарычныя памылкі, за якія расплачвацца будуць нашы дзеці і ўнукі? Чаму народ дазваляе зь сябе зьдзеквацца, як тое выраблялі амапаўцы 19 сьнежня мінулага года? Чаму народ ня бачыць, чаго вартыя гэтыя сілавікі, па чыіх тварах відно, што яны — нелюдзі? Колькі ж цярпець можна? Народу нашаму бракуе рашучасьці. У свой час я напісаў верш: «Такі народ», дзе былі радкі: «Чужым і ўласным дармаедам глядзіць у рот і паслухмяна крочыць сьледам — такі народ». Што мы маем у рэальнасьці? Адзін чалавек, атрымаўшы абсалютную ўладу, выстраіў цэлы дзяржаўны мэханізм, які абдурвае людзей, які ў людзей забірае мараль. У нас да таго дайшло, што многія людзі кажуць: «Ай, які наш кіраўнік малайчына, ён столькі гадоў абдурваў Расею і браў газ па той цане, якой больш ні ў каго не было». Так, ад гэтага дзяржаве было лепей. Але хіба гэта маральна — атрымліваць нешта за кошт абдурваньня? Адна справа, калі гэтую мяжу пераходзіць адзін чалавек, і зусім іншая справа, калі яе пераходзіць большая частка народу. А мы гэта бачым: «Хай абдурвае некага, абы нам было добра!» Гэта для мяне страшна.

— Сваё 75-годзьдзе вы сустракаеце ў Вільні. Чаму ў Вільні, апошнім часам пачужэлай для беларусаў?

— Вільня, як бы там ні складваліся дзяржаўныя і палітычныя стасункі, была і застаецца духоўнай сьвятыняй для беларусаў. У Вільні жывуць дарагія для мяне людзі. Так атрымалася, што акурат у дзень майго 75-годзьдзя там адбудзецца сустрэча беларусаў Балтыі. І мне хочацца гэты дзень правесьці зь імі. Хочацца ўцячы ад менскай мітусьні і будзённасьці і падыхаць раніцай 28 жніўня вольным віленскім паветрам.

поделиться

Новости по теме

Новости партнёров