Беларусь можа прайграць свой "Грунвальд"

"МЫ"

Нядаўнія заявы міністраў культуры Беларусі і Літвы пра сумеснае кіно пра Грунвальдскую бітву могуць застацца нязбыўнымі марамі. Фільм можа стаць польска-літоўскім, бо Мінкульту Літвы не хапае сродкаў, таму пошукі грошай зараз вядуцца ў Варшаве.

Нагадаем, 5 кастрычніка міністр культуры Беларусі Павел Латушка заявіў, што Беларусь і Літва рыхтуюць сумесны фільм пра Грунвальд. Бюджэт фільма, прымеркаванага да 600-годдзя бітвы, роўны 6 мільёнам долараў, а сцэнар мусіць адлюстроўваць як літоўскі, так і беларускі пункт гледжання на гэтую гістарычную падзею.

Але, як распавёў крыху пазней міністр культуры Літвы Рамігіюс Вілкайціс, да юбілею бітвы ў ліпені 2010 года фільм не паспее. Больш за тое, не выключаецца, што гледачы не ўбачаць яго і нават у 2011 годзе.
Можа здарыцца і так, што фільм будзе адлюстроўваць не “літоўскі і беларускі пункт гледжання на гэтую гістарычную падзею”, а польскі і літоўскі.

Як інфармуе PAP, Літве не хапае сродкаў для здымкаў фільма "Грунвальд – Дзень Жалеза".
Арунас Стошкус, прадзюсер фільма, сцвярджае, што намеснік міністра культуры Літвы Данатас Валанчаўскас у апошнія некалькі тыдняў наведаў Варшаву і Мінск, дзе прапанаваў краінам унесці свой уклад у стварэнне кіно.

- Тым не менш, няма ніякіх канкрэтных пагадненняў, толькі тэарэтычныя меркаванні аб магчымасцях супрацоўніцтва, - сказаў спадар Стошкус.

Пры гэтым літоўскі прадзюсер ліча, што супрацоўніцтва з палякамі па вытворчасці фільма пра Грунвальдскую бітву больш верагодна, чым з беларусамі. Нягледзячы на адрозненні ў поглядах гісторыкаў трох краін на бітву і яе вынікі, Стошкус лічыць, што дзеля фільма можна выпрацаваць нейкі супольны пункт гледжання. З боку Літвы адна непахісная ўмова – Вітаўта павінен граць літоўскі акцёр.

Зараз літоўскі Мінкульт разглядае магчымасць выдаткавання на "Грунвальд – Дзень Жалеза"” толькі аднаго мільёна еўра – і тое яшчэ пад пытаннем.

Зазначым, што бюджэт фільма і так невялікі. Дзеля параўнання: ганарар Гарысана Форда – 65 млн. долараў, Анжаліны Джалі – 27 млн., Ніколь Кідман – 16 млн. долараў.

Застаецца спадзявацца, што ў новым фільме пра Грунвальд ваяры Вялікага Княства Літоўскага будуць менш дзікаватага выгляду, чым у стужцы Аляксандра Форда "Крыжакі" 1960 году.

поделиться

Новости по теме

    Што зменіць «Масакра»

    На фільм Андрэя Кудзіненкі надзеі асаблівыя – ён пакліканы аднавіць былую славу «Беларусьфільма», нават ажыццявіць пэўную перазагрузку айчыннага кіно.подробности

Новости партнёров