Моладзь малюе гісторыю

ucpb.org

8 лістапада "Маладыя дэмакраты" правялі прэсавую канферэнцыю, прысвечаную новаму конкурсу "Моладзь малюе гісторыю".

Адчыніў прэсавую канферэнцыю старшыня "Маладых дэмакратаў" Алег Корбан. Ён жа і абвесціў аб пачатку дзейнасці новай ініцыятывы "Моладзь малюе гісторыю". "Гэтая ініцыятыва – выклік саветчыне, пасіўнасці, шэрасці, бездуховасці, і для некаторых і восеньскай дэпрэсіі", - кажа спадар Корбан.

Праект арыентуецца на людзей крэатыўных, а таксама на студэнцкую моладзь. Сутнасць акцыі палягае ў тым, што любы ахвотны можа прывезці ці пераслаць у электронным выглядзе свой твой выяўленчага мастацтва: пры гэтым вітаюцца любыя творы – ад малюнкаў да графіці.

Галоўная ўмова ўдзелу ў конкурсе – гэта прынітаванасць вашага твору да тэматыкі гісторыі Беларусі – гэта можа быць тэматыка ўтварэння беларускай дзяржаўнасці, гэта могуць быць знакавыя персаналіі беларускай гісторыі, важныя даты і падзеі. Таксама не ігнаруюцца і сучасныя падзеі: гэта могуць быць творы на тэму сучаснага палітычнага жыцця Беларусі, выбараў 2010 года і наступных падзей 19 снежня, ці нават тэма народнага лозунга "ШОС". Ад сённяшняга дня творы чакаюцца на электронную адрэсу mdbelarus@gmail.com, а таксама працы можна прывозіць на адрэсу: Менск, вуліца Веры Харужай 22, 17 паверх, офіс 01. Таксама можна ліставаць на наступную адрэсу: г. Менск, вуліца В. Харужай 22, офіс 1701, Аб’яднаная грамадзянская партыя; індэкс: 220123

Плануецца, што дадзены конкурс будзе праходзіць да 15 снежня.

У конкурсе будзе журы, у склад якога ўвойдуць аўтарытэтныя гісторыкі і грамадскія дзеячы, у прыватнасці ў яго ўвойдзе гісторык і пісьменнік Уладзімір Арлоў.

Новая ініцыятыва "Маладых дэмакратаў" – гэта не шэраговы грант ці праект, ён не выкарыстоўвае аніякай фінансавай падтрымкі звонку, а базуецца выключна на падтрымцы саміх дэмакратычных актывістаў і сябраў АГП.

Падчас прэсавай канферэнцыі журналістамі былі зададзены пытанні. Прыводзім тут некаторыя з іх:

- Вядома, што "Маладыя дэмакраты" праводзяць шмат грамадскіх ініцыятываў, у прыватнасці “шчырыя размовы” – то бок, сустрэчы з цікавымі і аўтарытэтнымі людзьмі, і адначасова ў Вас ідзе пастаянная акцыя “Дапамажы дзецям”, калі Вашыя актывісты перадаюць неабходныя рэчы ў дзіцячыя дамы. Як у Вас хапае часу на такую колькасць адначасовых праектаў?

– Справа ў тым, што і "Шчырыя размовы" і "Дапамажы дзецям" шмат часу і высілкаў не патрабуюць: "Шчырыя размовы" арганізуюцца раз на тыдзень, а для дзяцяей сродкі мы па кватэрах не збіраем, іх перадаюць людзі, а выезд для перадачы дзецям мы арганізуем літаральна раз на 1 – 2 месяцы. Таму, мяркуем, цяпер мінскай гарадской арганізацыі варта засяродзіцца на правядзенні новага конкурсу.

- Скажыце, а як Вам пераслаць вынікі графіці? Бо сцяну пераслаць немагчыма..

– Любую вашую выяву Вы можаце сфатаграфаваць, ці адсканаваць і накіраваць нам.

- Ці не плануеце Вы запрасіць у журы дызайнераў і мастакоў - напрыклад, таго ж дызайнера Ўладзіміра Цэслера ці графітчыка “Dream”, а не толькі грамадскіх дзеячоў і палітыкаў?

Такое цалкам магчыма, гэтае пытанне прапрацоўваецца. Мы плануем запрасіць вядомых графітыстаў з Нямеччыны і іншых краін, якія булі датычныя да размалёўкі Берлінскага муру. Мяркуецца, што яны і будуць уручаць прызы. А на дадзеным этапе нам важней праводзіць рэкламу нашай ініцыятывы.

- Вы казалі, што лепшыя графіці будуць рэалізаваныя. Як Вы будзеце рабіць гэта з чыста тэхнічнай кропкі гледжання?

– Мы арганізуем групу мастакоў, забяспечым іх матэрыяльна і яны будуць рэалізоўваць лепшыя графіці з нашага праекта. Гэта будзе адбывацца ў дазволеных месцах – на выездах з гораду каля чыгункі. Але калі гэта будзе забаронена ці ўлады загадаюць замалёўваць творы. Ёсць варыянт размалёўкі недабудаваных ці кінутых дамоў у Менску. У прыватнасці існуе недабудаваны гараж хуткай дапамогі – там шмат месца, і у яго сценах можна нават стварыць цэнтр беларускай творчай дэмакратычнай моладзі, якая праз малюнак зможа паказаць свае думк і памкненні.

- А ці не атрымаецца так, што перамогуць тыя мастакі, якім вы матэрыяльна будзеце дапамагаць?

– Не выключаны і такі варыянт, будзем над гэтым думаць.

- Якія тэрміны ў правядзенні вашай акцыі?

- Першы этап павінен завяршыцца да 15 снежня, а далей будзем рабіць высновы. Затым мы арганізуем выставу, і калі яна будзе паспяховай, то невыключана, што ініцыятыва будзе мець працяг, у тым ліку і ў рэгіёнах.

поделиться

Новости по теме

Новости партнёров