Памідораў прэзентаваў дыск і накарміў гасцей пельменямі - фота

Budzma.org

Прэзентацыю свайго дыска "Патас/Попс/Прапаганда" Аляксандр Памідораў вырашыў зладзіць на свой дзень народзінаў. Дзеля гэтага ў клуб "Графіці" паклікалі журналістаў, сяброў-музыкаў і проста неабыякавых людзей. Імпрэзу было вырашана зрабіць з асаблівым пачастункам – пельменямі ды гарэлкай.

Пельменяў давялося пачакаць. Адмыслова да імпрэзы іх ляпілі сваімі рукамі сам Памідораў ды яго сябра – журналіст Ілля Маліноўскі. Засталося толькі зварыць. На гэтую справу пайшла амаль гадзіна. У гэты час Памідораў расказваў прысутным, як працаваў над альбомам. "Рабілася ўсё ў чатыры прыёмы, – казаў ён. – Песні пісалі ў студыях Беларусі і Польшчы. За шэсць гадоў назбіралася на дыск 13 песень і два бонусы. І папрашу гэта лічыць не сольным альбомам, а працай усяго гурта Pomidor/off".

Памідораў прэзентаваў дыск і накарміў гасцей пельменямі - фота

Фота Аляксандра Ждановіча

Асаблівая ўвага была нададзеная вокладцы, якую аздабляла дызайн-група "Адліга". Са словаў Памідорава, разглядалася 34 варыянты вокладкі, і ўрэшце сышліся на тым, што ёсць на цяперашні момант. "Нехта там угледзіць дзяржаўную сімволіку, нехта – вясёлку, а нехта анічога не ўбачыць. На гэта і разлік – кожны вольны інтэрпрэтаваць па-свойму", – тлумачыў Памідор падчас варкі пельменяў.

Памідораў прэзентаваў дыск і накарміў гасцей пельменямі - фота

Перад усеагульным пачастункам, выканаўца ўсё ж такі ўзяўся паразважаць пра тое, што ён асцерагаецца рабіць сольныя канцэрты. "Вы асоба, якую добра ведаюць шмат людзей, але на вашы выступы ходзіць зусім не шмат гледачоў", – канстатаваў адзін з журналістаў. "Так і ёсць, – сказаў Памідор. – Маё жыццё – D.I.Y, і я не маю агентаў і мэнэджараў, а да ўсяго мае тэксты не выклікаюць пазітыўных эмоцыяў, нават калегі часам адмаўляюцца выконваць мае песні". Потым ён прызнаецца ў прыватнай размове, што адчувае сябе чалавекам рэалізаваным і шчаслівым ва ўсім і музыка для яго – гэта проста цікавы занятак. Ён цягне свой воз з уласнай ініцыятывы без разліку на нейкія пернікі. "Я хачу граць, выконваць свой матэрыял і запісваць яго. Але мне вось нядаўна казалі, пачуўшы песні з дыска: як ты так спакойна ходзіш па горадзе і блатуеш пасля гэтага? Мы сталі баяцца выказваць простыя рэчы, пра якія казалі яшчэ ў Савецкім Саюзе… Я ўсведамляю, што закранаю тэмы, якія шмат каго раздражняюць. Жыццё такое сумнае, а яшчэ больш сумных песень мала каму хочацца чуць".

Памідораў прэзентаваў дыск і накарміў гасцей пельменямі - фота

Зрэшты, Памідораў ведае, што трэба зрабіць, каб на яго канцэртах быў натоўп. Калі б ён паставіў на рускі рэп ці на шансон, то бяды б не ведаў. І такія творы ён мае, і нават часам гуляецца з гэтым кантэкстам. Аляксандр расказаў, што некалі забавіўся крымінальнай тэматыкай і зладзейскай аўрай 50-х гадоў мінулага стагоддзя ды напісаў пару твораў у рэчышчы адэскага фольку. Дык маскоўскія прадусары ўхвалілі, але палічылі занадта жорсткай песню з прыпевам пра "кровищу цвета одного". Далей у спробах сваіх Памідораў не пайшоў, аднак дагэтуль мае ідэю зрабіць альбом у гэтым кірунку, грунтуючыся ўжо на мясцовым матэрыяле.

Памідораў прэзентаваў дыск і накарміў гасцей пельменямі - фота

поделиться

Новости по теме

Новости партнёров