Уладзімір Някляеў: яшчэ не позна ўзяцца за розум і не пахаваць у родную зямлю родную мову жывой

Глеб Хмяльницкі, UDF.BY

Кіеў трэці дзень стаіць на вушах: украінцы пратэстуюць супраць прыняцця закона аб прынцыпах дзяржаўнай моўнай палітыкі.

Закон можа надаць рускай мове статус рэгіянальнага там, дзе як мінімум 10% насельніцтва лічаць яе роднай. Аднак украінцы лічаць такое стаўленне да ўкраінскай мовы здзекам, і пратэстуюць.

5 ліпеня Кіеў бунтуе. Апазіцыя сабрала мітынг каля Украінскага дома супраць падпісання антыўкраінскага закона. Учора апазіцыянеры заяўлялі пра тое, што ўначы іх чакае сілавое супрацьстаянне пад Украінскім домам.

Абаронцы ўкраінскага мовы абяцалі, што пераначую каля Украінскага дома, а сёння калонай пойдуць пад Вярхоўную Раду.

Беларусы самі аддалі беларускую мову на ганьбу, прагаласаваўшы за наданне рускай мове статусу другой дзяржаўнай. Гэта б нічога, калі б беларускі рэжым шанаваў, паважаў усё нацыянальнае, а не вынішчаў.

Нібыта суседзі мы, беларусы з украінцамі, а насамрэч – процілегласць поўная. Як мінімум, у моўным, нацыянальным пытанні. Чаму? На гэтыя пытанні карэспандэнту UDF.BY адказвае былы кандыдат на прэзідэнта Уладзімір Някляеў.

- Другі дзень у Кіеве адбываюцца беспарадкі – украінцы ваююць за родную мову, пратэстуючы супраць закона аб прынцыпах дзяржаўнай моўнай палітыкі. Чаму ўкраінцы б’юцца да крыві за мову і чаму беларусам пляваць на сваё? Хоць і суседзі мы, але – бы з розных сусветаў…

- Так, украінцы б’юцца за родную мову. У сутычках са спецназам каля Ўкраінскага дому пацярпеў нават баксёр Віталь Клічко. Што б, яму, здавалася да мовы? А тое, што ён - украінскі баксёр.

Нацыянальная свядомасць украінцаў заўсёды апярэджвала нацыянальную свядомасць беларусаў. Можна нават сказаць (як яно для нас ні крыўдна), што беларуская свядомасць чаплялася за ўкраінскую - і гэта асабліва было відно ў часы нацыянальнага Адраджэння. Цяпер чапляцца яшчэ ёсць за што, але ўжо амаль няма каму. Вунь не толькі беларускія баксёры, але й беларускія інтэлектуалы заяўляюць: справе не ў мове.

Філасофія іх такая: не чапляючыся за тое, што аджывае, сыходзіць (за беларускую мову), мы мацней учэпімся за тое, што нараджаецца, надыходзіць. Толькі не кажуць яны, што канкрэтна надыходзіць і канкрэтна для каго.

Для нас - нічога добрага. Як, на жаль, што ім раптам адкрыецца - і для іх.

- Ва Украіне руская мова можа набыць статус рэгіянальнага там, дзе як мінімум 10% насельніцтва лічаць яе роднай. У Беларусі з наданнем рускай мове статуса другой дзяржаўнай беларуская мова проста вынішчаецца. У якім стане мова знаходзіцца цяпер?


- У парламенце Украіны (які, у адрозненне ад нашага, усё ж праламент) пры галасаванні за наданне рускай мове статусу рэгіянальнай галасы дэпутатаў падзяліліся папалам - у адпаведнаяць з сітуацыяй у дзяржаве. Я думаю (нягледзячы на ўсю несуцяшальную статыстыку), што хай трохі горшая, але прыблізна такая ж сітуацыя (рэальная, а не статыстычныя) і ў Беларусі. Таму яшчэ не позна ўзяцца за розум і не пахаваць у родную зямлю родную мову жывой. Каб пасля нашчадкі нашы вякамі не слухалі глухія праклёны з зямлі.

- Мова – гэта тое, што робіць украінца ўкраінцам, а беларуса – беларусам. Беларусы адмовіліся ад мовы – карыстаюцца ёю нямногія. Ці азначае гэта, што беларуская нацыя дэ-факта знішчана? І які лёс наканаваны такому народу?

- На жаль, разуменне сутнасці мовы і ў нашай уладзе, і ў нашым грамадстве прымітыўнае. Ва ўяўленні большасці людзей мова — гэта толькі сродак камунікацыі. Ты сказаў — я пачуў. Ён напісаў — я прачытаў. Яно так, гэта сапраўды найважнейшая функцыя мовы, аднак не адзіная. Усё значна складаней, глыбей. Мова — адзін з інструментаў фармавання ўнутраных прыкметаў чалавека, народа. Усяго таго, што сёння прынята называць менталітэтам. Таго, чым рознімся мы паміж сабою ў адзіным Боскім свеце, у якім, пры ўсёй ягонай адзінасці, кожнаму дадзена нешта, што робіць яго ні на каго не падобным. І наўрад ці Усявышні, раз’яднаўшы народы ў мовах, тым самым пакараў іх за гардэчу. Можа быць, таму і даў Гасподзь усялякаму народу ўласную мову ягоную, што ўбачыў каля падножжа вежы Вавілонскай: людзі, аднолькавыя ў мове, — аднолькавыя ва ўсім. Прычым занадта аднолькавыя, настолькі, што ўсе — пыхлівыя дурні.

Калі ў свеце, дзе для ўсіх і кожнага найдаражэй крэўнае, сваё, раптам мы, беларусы, ці некаторыя з нас, на сваё забыўшыся, пытаемся: а навошта нам, беларусам, беларуская мова? — дык для чаго тады мы самі? З нашай памяццю, крывёй, гісторыяй?..

- Ці можна нешта змяніць ва ўмовах, калі ўлада ўсяляк заахвочвае вынішчэнне мовы?

- Можна. Прывяду дзве (даволі вядомыя) цытаты.

"Люди, которые говорят на белорусском языке, не могут делать ничего, кроме как разговаривать на белорусском языке, потому, что по-белорусски нельзя выразить ничего великого. Белорусский язык - бедный язык. В мире существует только два великих языка - русский и английский". (Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А. Лукашенка. З выступлення на сесіі Гомельскага гарсавета 1 снежня 1994 года).

"Найдите хоть одну фразу, где я пренебрежительно отозвался о белорусском языке. Найдите и покажите. Не найдете. Я уплачу миллион долларов. Найдите и мне пришлите. Никогда не было этого". (А. Лукашэнка. "Независимая газета", 29 мая 1997 года).

Няхай чалавек, які ўсё гэта сказаў, заплаціць мільён долараў. Ахвяруе іх на помнік беларускай мове. І ўсё ў адносінах улады да мовы зменіцца.

поделиться

Новости по теме

Новости партнёров