Беларуская музыка 2009. Усё ў парадку ½

Сяргей Будкін, галоўны рэдактар парталу "Тузін Гітоў" для www.udf.by

Музычныя вынікі 2009 года адмыслова для сайта www.udf.by пракаментаваў галоўны рэдактар музычнага партала "Тузін Гітоў" Сяргей Будкін.

2009 год запомніцца прарывам беларускіх рокераў у тэлеэфір, які здарыўся найперш дзякуючы праекту тэлеканала СТВ "Зорны рынг". Асабліва пацешыла "змаганне" гурта "Крама" супраць расійскай поп-зоркі Лаліты. Радыё з нагоды беларускай музыкі маўчыць, працягваючы адкручваць суцэльнае лайно – сёлета нават прыкрылі адзіную ў камерцыйным FM-эфіры праграму "Новая зямля". Беларуская мова па-ранейшаму ў радыйшчыкаў лічыцца прызнакам нефарматнасці.

Сёлета "Ляпіс Трубяцкой" з упэўненасцю пратрымаў сцяг найлепшай беларускай групы. Ён працягнуў сваё шэсце па палацах з падтрымкай "Маніфеста", а потым нечакана для ўсіх выдаў новы альбом "Культпрасвет" ды атрымаў статус найлепшай расійскай альтэрнатыўнай каманды. Міхалок па-ранейшаму з неахвотай блытаецца з тутэйшымі прадзюсарамі і адмаўляецца ад большасці запрашэнняў на здымкі ды канцэрты, але хутчэй не праз нелюбоў да Радзімы, а праз грэблівасць да айчыннага шоў-бізнесу.

"На Маскву" у 2009 годзе выправіўся цэлы дэсант камандаў пад патранатам прадзюсара Сашы Багданава, якога Арцемій Троіцкі адзначыў уласнай узнагародай за прадзюсарскія поспехі. Рускамоўныя авангардысты з Мінска нарабілі вялікага шуму сёлета ў Расіі, пазапальвалі на "Пустых холмах", SKIF, атрымалі станоўчыя водгукі ад тамтэйшых крытыкаў і прадзюсараў і сабралі пару аншлагаў у маскоўскіх клубах. Брытанскі рок беларускага гатунку The Toobes прыйшоўся да спадобы не толькі расіянам, але і Трыкі, на лэйбле якога мае выйсці дыск мінскай каманды.

Адзначыліся нашы і ў Польшчы - гурт Dali трапіў у фінал тамтэйшага адбору на "Еўрабачанне", а Наста Някрасава лішні раз засведчыла чароўную моц беларускага фольку ды перамагла на аўтарытэтным фэсце "Новая традыцыя". На паважаным польскім Biala Blues Festival запалілі беларусы з White Night Blues. Ва Украіне паспяхова прайшоў беларускі фэст Be Free, гэтым разам у Чарнігаве, а MAUZER стаў хэдлайнерам вялікага чыста ўкраінскага фэста "Бандерштат". Датычна гастроляў у няблізкае замежжа адзначыліся "Сябры" і "Ляпісы" з досыць буйнымі турамі па Амерыцы (тамсама даў там канцэрцік для сваіх і Вайцюшкевіч).

Няспраўджаныя вяртанні году – Deviation пасля доўгага перапынку паўсталі на даляглядзе з новым вельмі цікавым альбомам, але ў рэальнай прасторы не з'явіліся. Самы недаацэнены гурт Беларусі - "Голая манашка" быў ужо аднавіў дзейнасць, але ізноў змушана закансерваваўся – лідэр Федзя Жывалеўскі ізноў трапіўся на наркотыках і апошнія пару месяцаў чакае суду.

Было сёлета нібы ўсё ў парадку, але неяк напалову. Былі альбомы – проста клас, але яны не падаравалі песень, якія бы пайшлі ў народ. Былі суперскія прадзюсарскія задумы, але яны не былі рэалізаваныя да канца. Было нібы дадзена зялёнае святло (ці прынамсі не стваралася так шмат перашкодаў) на рэалізацыю незалежных творчых ідэяў, але ўсё адно адчуваецца ў гэтай краіне вялікая задуха, якая часам паралізуе дашчэнту.

поделиться

Новости по теме

    "Ляпіс Трубяцкой": Гігантаманія надакучыла

    Гурт з Беларусі атрымаў статус найлепшай групы Расіі на буйнейшай альтэрнатыўнай прэміі RAMP, узяўшы яшчэ і ўзнагароду за "Кліп году". Пасля цырымоніі прадусар "Ляпісаў" Яўген Калмыкоў даў інтэрв’ю www.udf.by і распавёў, чаму няма эйфарыі адподробности

Новости партнёров