Каліноўцы былі палякамі? Сяляне выдавалі паўстанцаў? Мураўёў-вешальнік і Каліноўскі — абое рабое?

Сяргей Мікулевіч, "Наша ніва"

Такую карціну паўстання 1863-64 г. прадставіў у размове з Польскім радыё выдавец Віктар Хурсік.

Часам імкненне "развянчаць міфы" спараджае спрошчаны і памылковы погляд на мінулае. Ацэнкі Віктара Хурсіка аналізуе доктар гістарычных навук Алесь Смалянчук.

1. Ці паўплывала паўстанне на фармаванне беларускай нацыі і дзяржаўнасці?

Віктар Хурсік: Трэба разумець, што Каліноўскі як выказнік мараў беларускага народа, з’явіўся ў савецкай гістарыяграфіі. Насамрэч, у 1863 годзе ніякай гаворкі пра Беларусь і беларускую нацыю не было і гэта падкрэслівалі самі памешчыкі. Яны запісвалі сябе палякамі, а сяляне — тутэйшымі. У той час у беларусаў не было нацыянальнасці. Таму нельга казаць, што паўстанне Каліноўскага заклала нейкі падмурак дзяржаўнасці альбо, прынамсі, яго аднаўлення. Гэта было не так.

Алесь Смалянчук: Сапраўды, Каліноўскі, які нарадзіўся ў першай палове ХІХ стагоддзя, не мог змагацца за беларускую нацыянальную ідэю, бо беларускага нацыянальнага руху ў разуменні ХХ ст. тады не існавала. Як не існавала ўкраінскага і літоўскага нацыянальных рухаў — яны толькі ўзнікалі. Эпоха нацыяналізму толькі распачыналася. Але Каліноўскі з ягонай беларускай мовай "Мужыцкай праўды" і "Лістоў з-пад шыбеніцы", з апантанасцю лёсам Літвы-Беларусі, што выклікала канфлікты з варшаўскім кіраўніцтвам, стаяў ля вытокаў беларускай ідэі. У палітычнай традыцыі ён быў адным з апошніх "ліцвінаў" і адным з першых беларусаў.

Каліноўскі мог не ўсведамляць сябе беларускім нацыянальным дзеячам [проста таму што тады яшчэ назва "беларус" не мела агульнанацыянальнага значэння, была хутчэй рэгіянальнай. — Рэд.]Але ж мы мяркуем пра постаць, ацэньваючы яго дзеянні і той след, які ён пакінуў.

Постаць Каліноўскага, яго вобраз у мастацтве, музыцы, літаратуры, традыцыя змагання, закладзеная ім, адыгралі вялізную ролю падчас фармавання нацыянальнага руху ХХ стагоддзя.

Можна сказаць, што беларускім нацыянальным героем Каліноўскі стаў пасля смерці. (Згадаем: у 2006 годзе, падчас пратэстаў у часе прэзідэнцкіх выбараў, удзельнікі намётавага лагера называлі Кастрычніцкую Плошчай Каліноўскага.)

Каліноўцы былі палякамі? Сяляне выдавалі паўстанцаў? Мураўёў-вешальнік і Каліноўскі — абое рабое?

Мастак Пётра Сергіевіч, сучаснік Сталіна і Гітлера, так уяўляў характар правадыра паўстанцаў

2. Ці можна Каліноўскага параўноўваць з бальшавікамі?

Віктар Хурсік: Каліноўскі быў сацыял-дэмакратам. У яго не было нацыянальнай ідэі. Дарэмна, што зараз яго імкнуцца прадставіць нацыянальным героем Беларусі. Ён быў такім жа героем, як і рэвалюцыянеры 1917 года.

Алесь Смалянчук: Называць Каліноўскага сацыял-дэмакратам, параўноўваць з бальшавікамі — поўная лухта. Хурсік тут не ўлічвае сітуацыі, разважае як чалавек ХХІ стагоддзя, які прачытаў некалькі кніжак пра рэвалюцыйны рух.

Бальшавікі дзейнічалі ва ўмовах нацыянальнага Адраджэння многіх прыгнечаных імперыяй народаў. Нацыяналістаў успрымалі як ідэйных канкурэнтаў і праціўнікаў дактрыны "сусветнай рэвалюцыі".

Каліноўскі ж, яшчэ раз падкрэслю, жыў у іншы час. Але ён ужо адчуваў набліжэнне эпохі нацыяналізмаў і сам гэтаму спрыяў.

3. Ці многа было паўстанцаў?

Віктар Хурсік: Сілам, якія падаўлялі паўстанне, было выгадна, каб гэтых паўстанцаў на паперы было больш. Яны маглі накладаць кантрыбуцыі на маёнткі, рэквізаваць маёмасць, нажываліся на гэтым, і гэты клубок каціўся ажно да 1869 года. Лічбу 77 тысяч я б паставіў пад сумнеў.

Алесь Смалянчук: На маю думку, удзельнікаў паўстання было нашмат больш за 77 тысяч. Бо каго можна лічыць удзельнікамі? Толькі тых, хто са зброяй сышлі ў лясы? А як жа тыя, хто дапамагаў — інфармацыяй, прадуктамі, лекамі? Як жа тыя, хто, нягледзячы на жорсткія пакаранні, насілі жалобу па загінуўшым, тыя, хто запальваў знічы на магілах загінуўшых паўстанцаў?

Для гэтага трэба была вялікая смеласць, бо пакаранні былі жорсткія: улада мела права высылаць людзей у Сібір у адміністратыўным парадку — без суда.

4. Як ставіліся да паўстанцаў сяляне?

Хурсік: У Польшчы сяляне ў большасці не здраджвалі сваім памешчыкам. Расейская ўлада, якая прыйшла падаўляць паўстанне, звярнулася да іх і папрасіла: "Скажыце, каго вы больш ненавідзіце. Выкажце свае крыўды і мы іх усіх павяжам". Польскі селянін не здаваў свайго памешчыка. У Беларусі было інакш. Калі ўлады звярнуліся да сялян, то яны са шчырай душой пачалі здаваць сваіх памешчыкаў. Добраахвотнікі, якіх паклікаў урад для затрымання паўстанцаў, у Беларусі вызначаліся вялікай колькасьцю спайманых. І потым яны былі дастойна ўшанаваныя расейскім урадам.

Алесь Смалянчук: У Гродзенскай і Віленскай губернях каля 17% сялянаў узяло ўдзел у паўстанні. Гэтая лічба ёсць у падручніках. І гэта вялізная лічба, нашмат большая, чым па Польшчы.

Не выключана, што такая сялянская падтрымка была дасягнутая, дзякуючы якраз "Мужыцкай праўдзе" і наогул дзейнасці Каліноўскага.

Кажучы, што "сяляне выдавалі паноў", трэба звяртаць увагу на тагачасны сацыяльна-палітычны кантэкст. Сацыяльныя адносіны ў вёсцы былі даволі напружанымі. Дарэчы, гэта добра перадаў у сваіх успамінах Адам Багдановіч. Часцяком сяляне з нянавісцю глядзелі на паноў і г.зв. "падпанкаў".

У 1861 годзе царскі ўрад адмяніў прыгон. Гэта быў вялікі не толькі сацыяльна-эканамічны, але і палітычны праект расейскага царызму. Між іншым ён меў прапагандысцкія мэты: паказаць сялянам, што цар — іх галоўны заступнік. Тое, што сяляне ўвогуле далучаліся да паўстання, можна лічыць поспехам паўстання.

Зазначу, што пад уплывам паўстання ўлады ўжо 1 траўня 1863 г. адмяняюць "часоваабавязанае становішча" і стымулююць выкуп памешчыцкай зямлі, даючы сялянам крэдыты. Трэба было выбіраць паміж атрыманнем зямлі, што гарантавала бязбеднае існаванне, і паўстанцамі, якія змагаліся супраць усёй Імперыі. Выбар большасці сялянаў, у т.л. і польскіх (!) сялянаў, быў відавочным. [Рэд. І польскія сяляне пад уплывам дзяржаўнай агітацыі выступалі супраць паўстанцаў-шляхты ў падаўстрыйскай Польшчы ў 1848 і ў падрасійскай этнічнай Польшчы 1863 — Рэд.]

5. Ці можна раўняць Каліноўскага і Мураўёва?

Віктар Хурсік: Былі словы ў "Мужыцкай праўдзе": "біць, каб рука не дрыжэла над рукой шляхецкага дзіцяці" [Відаць, маецца на ўвазе прыпісваны Каліноўскаму выраз: "Паўстанне мае быць чыста народным — шляхта, паколькi з намi не пойдзе, няхай гiне — тады сялянская сякера не павiнна спынiцца нават над калыскай шляхецкага дзiцяцi!" — НН]. На Наваградчыне, напрыклад, вешалі тых, хто не падтрымліваў сялян. [Відаць, маюцца на ўвазе сяляне-паўстанцы — НН]. Разумееце, сяляне балі цёмнай неадукаванай масай. Да яе было проста звярнуцца й сказаць, што ва ўсім вінаватыя памешчыкі. Так рабіў Каліноўскі, так рабіў і Мураўёў.

Смалянчук: Падобныя выказванні недасведчанай асобы выклікаюць толькі абурэнне.

Словы, якія прывёў Хурсік, узятыя з успамінаў аднаго з ідэйных апанентаў Каліноўскага. У "Мужыцкай праўдзе" нічога падобнага не было і не магло быць.
Пры ўсіх рэзкіх заявах супраць здраднікаў (з усіх станаў!) і нават мянушцы "дыктатара Літвы" не Каліноўскі, а Мураўёў і ягоныя прыспешнікі развязалі сапраўдны тэрор.

Не хачу апраўдваць і паўстанцаў, ад рук якіх таксама гінулі цывільныя людзі, але ж трэба разумець, што на самой справе ў Беларусі і Літве адбывалася амаль што грамадзянская вайна. Урадавай хлусні, што нібыта паны паўсталі, каб вярнуць прыгон, супрацьстаяла ідэя "Мужыцкай праўды" Каліноўскага і ягоных паплечнікаў…

Апошнім часам пачынаюць абяляць Мураўёва: маўляў, дзякуючы яго дбанням прыгон у заходніх губернях быў адменены хутчэй, чым у цэнтральнай Расіі. На самой справе, толькі паўстанне прымусіла расейкіх чыноўнікаў пайсці на гэты крок!

Чытаючы ўспаміны і архіўныя дакументы, выразна бачыш, што Мураўёў для пераважнай часткі грамадскасці быў і застаўся "вешальнікам". Дзіўна і абуральна, што ў Беларусі знаходзяцца "спецыялісты", якія раўняюць яго з Каліноўскім.

поделиться

Новости по теме

    Сідарэвіч: Дзеячы БНР былі дэмакраты

    Напярэдадні Дня Волі гісторык і даследчык Беларускай Народнай Рэспублікі Анатоль Сідарэвіч распавеў Ёўрарадыё пра тое, хто стварыў беларускую дыпламатыю, чаму ў Маскве дзівіліся наяўнасці белага хлеба ў сталіцы БНР і як свята 25 сакавіка адзначаліподробности

Новости партнёров