"Краіна Беларусь" выйшла па-ангельску і па-расейску


У славацкім выдавецтве "Kalligram" (Браціслава) выйшлі ў сьвет ангельскі і расейскі пераклады папулярнай кнігі Ўладзімера Арлова і Зьмітра Герасімовіча "Краіна Беларусь".

Па-ангельску кніга названая "This Country Called Belarus. An Illustrated History", па-расейску — "Страна Беларусь. Иллюстрированная история".

Упершыню кніга "Краіна Беларусь. Ілюстраваная гісторыя" выйшла ў сьвет у 2003 годзе. Як апавёў Уладзімер Арлоў, тады ж зьявіліся ідэі перакладу гэтай кнігі на іншыя мовы:

"Я вельмі рады, што нарэшце гэтыя ідэі пачалі зьдзяйсьняцца. Разам са Зьмітром Герасімовічам — маім суаўтарам, мастаком, выдатным кніжным дызайнэрам — мы ўдзячныя вядомай грамадзкай дзяячцы Вользе Стужынскай, якую натхніла ідэя ангельскага перакладу. І пасьля гэтага ідэя набыла рэальныя абрысы".

"Краіна Беларусь" выйшла па-ангельску і па-расейску

Аўтар перакладу і ўступнага слова да англамоўных чытачоў — знакаміты брытанскі беларусіст прафэсар Джым Дынглі. Шмат над кнігай працавала рэдактар Вольга Калацкая.

"Краіна Беларусь" выйшла па-ангельску і па-расейску

Адначасова тое самае славацкае выдавецтва выпусьціла расейскамоўны пераклад "Краіны Беларусі".

Тэкст кнігі аздоблены дзьвюма тысячамі ілюстрацый, сярод якіх — унікальныя летапісныя мініятуры, сярэднявечныя гравюры, рэдкія фатаздымкі.

"Краіна Беларусь" выйшла па-ангельску і па-расейску

Прэзэнтацыі англамоўнага выданьня кнігі плянуецца зрабіць у Менску і ў некалькіх эўрапейскіх сталіцах. Наклад англамоўнага выданьня — тры тысячы, а расейскамоўнага — пяць тысяч асобнікаў. Днямі абодва выданьні маюць зьявіцца ў "Акадэмкнізе", а таксама ў іншых кнігарнях Менску ды іншых гарадоў.

"Мы спадзяемся, што пераклады нашай кнігі „Краіна Беларусь“ ня толькі зацікавяць замежных вучоных і дыпляматаў, прадпрымальнікаў і турыстаў, але і значна павялічаць колькасьць сяброў нашай краіны… Мы зрабілі сваю справу, а зараз кнігі набываюць свой самастойны лёс", — зазначыў Уладзімер Арлоў.

"Краіна Беларусь" выйшла па-ангельску і па-расейску

Суаўтар выданьня, мастак Зьміцер Герасімовіч кажа: новыя выданьні сьведчаць, што кніга ня страціла папулярнасьці, што цікавасьць да гісторыі Беларусі ў сьвеце расьце.

"Краіна Беларусь" выйшла па-ангельску і па-расейску

У аўтараў ёсьць пляны выдаць сваю кнігу і па-польску, а таксама выпусьціць шэраг іншых кніг:

"Краіна Беларусь" выйшла па-ангельску і па-расейску

"Пазьней, падсумоўваючы працу, хочам раскрыць нашы гістарычныя аспэкты ў розных галінах і гістарычных праявах у асобных кніжках: меншых па колькасьці старонак, але больш дасканалых. Калі гэтая кніга пра агульную гісторыю, то ў новых кнігах будуць лякальныя тэмы. Гэта можа быць і дойлідзтва, і пэрсаналіі, і многае іншае — тое, што выдавалася, але на іншым узроўні, эўрапейскім. Гэтыя наступныя кніжкі мы таксама разглядаем як кнігі, прысьвечаныя гісторыі Беларусі", — кажа спадар Герасімовіч.

поделиться

Новости по теме

Новости партнёров