Крызіс не дае "Ляпісам" збіраць аншлагі

"Еўрарадыё"

Квіткі на парадыста Маменку ў рэгіёнах чамусьці прадаюцца лепш, чым на шоў антыглабалістаў.

Еўрарадыё заўважыла, што канцэрты "Ляписа Трубецкого" часам пераносяцца з вялікіх Лядовых пляцовак у мясцовыя палацы культуры. Прадзюсар гурта Яўген Калмыкоў запэўніў, што ўсе запланаваныя канцэрты "Маніфест-туру" павінны адбыцца. Перанос з буйных пляцовак на меншыя ён тлумачыць эканамічнай сітуацыяй у краіне:

Яўген Калмыкоў: "Адгадайце з аднаго разу! Квіткі нібыта і набываюць. Напрыклад, папярэдні продаж у Гомелі склаў 1000 квіткоў, а ў Бабруйску — 60, таму што тры месяцы людзям не выдавалі заробак. Гэта ўсё зразумела. Такая агульная эканамічная сітуацыя".

Еўрарадыё патэлефанавала ў абласныя філармоніі, якія займаюцца запрашэннем зорак у рэгіёны. Каб не прагадаць з артыстамі, Магілёўская абласная філармонія робіць апытанне па прадпрыемствах:

Супрацоўніца Магілёўскай філармоніі: "У нас шмат хто быў. Валеры Лявонцьеў, гурты "Король и Шут", "Ляпис Трубецкой", праект "Ледниковый период", быў парадыст Маменка… Ну мы ж бярэм тыя калектывы, якія ведаем. Робім апытанне па прадпрыемствах"…

Канцэрты гэтых зорак прайшлі ў Магілёве пры 70% запоўненасці. Толькі "Ледниковый период" сабраў аншлаг. "Правальных" канцэртаў у горадзе нібыта не было. Аднак крызіс адчуваецца:

Супрацоўніца Магілёўскай філармоніі: "Зараз, у сувязі з гэтым крызісам, стала больш складана. Людзі ўжо думаюць ці набыць ім квіток на канцэрт, ці набыць што-небудзь іншае"…

Пра аншлагі і добрую запаўняльнасць залаў Еўрарадыё паведамілі і ў Брэсцкай абласной філармоніі:

Супрацоўніца Брэсцкай філармоніі: "У лютым-сакавіку ўсе канцэрты ў нас адбыліся з аншлагамі: Ларысы Рубальскай, Ігара Маменкі, Ігара Губермана, братоў Панамарэнак… Канцэртаў было шмат, і даволі-такі нядрэнна яны прайшлі"…

11-га траўня ў горадзе над Бугам мае адбыцца канцэрт гурта "Ляпис Трубецкой". Квіткі на шоў антыглабалістаў разыходзяцца павольна, пераносіць канцэрт з Лядовага Палаца на меншую пляцоўку не плануюць.

Адміністратар Гродзенскай абласной філармоніі робіць стаўку толькі на канцэрты, якія стоадсоткава збяруць залу, аднак лічыць кошты квіткоў на імпрэзы занадта высокімі:

Адміністратар Гродзенскай філармоніі: "У лютым Маменка з аншлагам прайшоў у Лідзе і ў Гродне. У сакавіку Маісееў быў. Не з аншлагам, аднак нармальна. Для нашага народа гэта вельмі дарагі кошт. Асабліва зараз".

Перанос гарадзенскага канцэрта гурта "Ляпис Трубецкой" з Лядовага Палацу ў вялікую залу філармоніі тлумачаць высокай арэнднай платай за памяшканне:

Адміністратар Гродзенскай філармоніі: "Канцэрты перанесеныя ў сувязі з малым продажам квіткоў, а таксама таму, што нам невыгодна працаваць з Лядовымі — іх арандаваць вельмі дорага".

Паводле словаў слухача Еўрарадыё Максіма, канцэрт "ляпісаў" у Гродне адбыўся пры поўным аншлагу. Прыйшлося спыніць продаж квіткоў на канцэрт ды нават дастаўляць крэслы ў залу — месцаў не хапала. Праўда, як толькі каманда з’явілася на сцэне, публіка ўзнялася з месцаў і пратанчыла ўвесь канцэрт:

Максім: "Усе радаваліся, усе танцавалі. Ніхто нават не сядзеў, хоць спачатку на квітках расстаўлялі месцы. Але як толькі "Ляпісы" з’явіліся на сцэне, усе ўсталі".

Атрымоўваецца, што самы запатрабаваны сёння артыст — парадыст Ігар Маменка, які збірае аншлагі амаль паўсюль. Крызіс жанра.

поделиться

Новости по теме

Новости партнёров