Выйшла ў свет унікальная кніга рукапісаў Рыгора Барадуліна "Лепей"

Ксенія Ельяшэвіч, TUT.BY

Напярэдадні афіцыйнай прэзентацыі кнігі партал TUT.BY пагартаў старонкі незвычайнага выдання, у якім няма ніводнай друкаванай літары, а ўвесь матэрыял узяты з нататнікаў Рыгора Барадуліна. Даведаліся мы таксама пра сайт творчасці народнага паэта Беларусі, які запусціцца літаральна на днях.

Матэрыял для новай кнігі “Лепей” Рыгора Барадуліна збіраў і апрацоўваў беларускі журналіст і блогер Глеб Лабадзенка. У выніку атрымалася больш чым кніга – цэлы кейс з рукапісамі вершаў, эксклюзіўнымі фотакарткамі (амаль усе - раней нідзе не друкаваліся) і дыскам з аўдыёкнігай, вершы для якога агучвала народная артыстка Беларусі Зінаіда Бандарэнка.

- Самае неверагоднае ў гэтай кнізе тое, што са 103 вершаў толькі 20 – за 1952-1991 год. Усе астатнія – гэта вершы мінулых 20 год, а каля трыццаці з іх напісаныя за апошнія два-тры гады. А гэта вельмі важны момант: дзядзька Рыгор працягвае пісаць вершы, і гэта не проста паэт, якія “застаўся ў вечнасці”, ды ўсё на тым. Апошнія вершы ў кнізе былі напісаныя спецыяльна для гэтага выдання. Проста неверагодныя, ад якіх дах зносіць! – расказвае Глеб.

Назвай для кнігі стаў надпіс з першай старонкі самага новага нататніка Рыгора Барадуліна. Гэта слова “Лепей”.


"Верш з мацюкамі, натуральна, друкуецца без кропачак"

Апроч малюнкаў, калі дыталёва разглядаць кніжку, можна заўважыць эпіграмы, цытаты з нейкіх размоў (напрыклад, з Васілём Быкавым), нумары тэлефонаў ды нейкія думкі, якія паэт хутка занатаваў на старонках нататнікаў. Тут можна знайсці адзін белы верш, што для Барадуліна – вялікая рэдкасць. І нават верш з мацюкамі, які, натуральна, друкуецца без “кропачак”.

- Вершы для дыску чытала народная артыстка Беларусі Зінаіда Бандарэнка. На маю думку, гэта ўвогуле самае лепшае, што магло здарыцца. Гэта чалавек аднаго пакалення з Барадуліным, і яна чытае вершы так, як сам паэт звык чуць іх цягам жыцця. І менавіта так іх раней чыталі на канцэртах ці па радыё. Канешне, Зінаіда Бандарэнка неверагодна прафесійны чалавек: нават у вершы з мацюкамі, думаў, яна папросіць частку “запікаць” ці змяніць, ды не! Прачытала, і голас не дрыгануў! Ёсць на дыску і яшчэ адна цікавостка: справа ў тым, што адзін верш чытае сам Барадулін. Але не спачатку, а з сярэдзіны. Таму, каб гэта знайсці, прыйдзецца паслухаць дыск цалкам.

Выйшла ў свет унікальная кніга рукапісаў Рыгора Барадуліна "Лепей"

Усе 23 фотакарткі для выдання ўзятыя са старой валізы, да якой шмат год у доме Барадуліных ніхто не дакранаўся. Менавіта з ёй народны паэт некалі прыехаў паступаць у Мінск з Ушаччыны. Зверху - унікальная маленькая картка з прызнаннем у каханні будучай жонцы Валянціне Міхайлаўне

Пры падрыхтоўцы кнігі і вывучэнні іншых выданняў журналіст быў вельмі здзіўлены тым, што нават у сучасных выданнях славутыя вершы паэта чамусьці змяняліся рэдактарамі без узгаднення з аўтарам:

- Здавалася б, цэнзура была толькі за савецкім часам, а выявілася, што нават у незалежнай Беларусі рэдактары дазваляюць сабе ўступаць у "суаўтарства" з паэтам. І гэта пры тым, што змяняючы нават коску, трэба раіцца з аўтарам, бо сэнс можа змяніцца. Цяпер друк рукапісаў дазваляе перадаць вершы ў іх першасным варыянце, такімі, якімі яны былі створаныя.

Выйшла ў свет унікальная кніга рукапісаў Рыгора Барадуліна "Лепей"

Кніга адкрываецца двума вершамі, якія перапісаныя акуратным почыркам паэткі Алены Казанцавай, а таксама рукапісам гэтых жа вершаў ад рукі Барадуліна. Гэта - ключ да кнігі, які дапаможа зразумець почырк паэта

Выйшла ў свет унікальная кніга рукапісаў Рыгора Барадуліна "Лепей"

У сераду, 11 снежня, у кнігарні "Кніжны салон" пройдзе прэзентацыя кнігі "Лепей". Па стане здароўя сам Рыгор Барадулін быць там не зможа. Таму мерапрыемства стане проста ўрачыстым пачаткам распаўсюду кніг. У гэты ж дзень пачне працу новы сайт baradulin.by, прысвечаны творчасці паэта.

Выйшла ў свет унікальная кніга рукапісаў Рыгора Барадуліна "Лепей"

- Цяпер ён напаўняецца інфармацыяй, але хочацца, каб да гэтага далучаліся іншыя людзі: магчыма, у вас ёсць нейкае відэа, фотаздымкі з Барадуліным, ці вы можаце дапамагчы ў алічбоўцы кніг, якіх пакуль няма ў Сеціве, - расказвае Глеб Лабадзенка. - Вядома, на сайце будуць і вершы, асабліва тыя, якіх няма ў кніжках ці часопісах. Канешне, я мог бы зрабіць гэта сам, але тыя рэчы, што робяцца талакой, маюць зусім іншую энэргетыку.

Выйшла ў свет унікальная кніга рукапісаў Рыгора Барадуліна "Лепей"

Апроч сям’і паэта ў кніжным наборы сустракаюцца фотаздымкі толькі двух іншых людзей - Васіля Быкава і Уладзіміра Караткевіча. Гэта таксама надзвычай блізкія людзі ў жыцці Барадуліна

Выйшла ў свет унікальная кніга рукапісаў Рыгора Барадуліна "Лепей"

Дачка і ўнучка паэта. На фота злева можна заўважыць котку Рыжулю, якая пражыла ў сям’і Барадуліных 21 год. У паэта асаблівае стаўленне да катоў: шмат год у яго кватэры жыў кот Мірон, цяпер вось Рысік – якога дзядзька Рыгор узяў у 2003 годзе ў сваіх родных Ушачах. Вядома, што каты таксама часткова "патрапілі" ў вершы Барадуліна

Выйшла ў свет унікальная кніга рукапісаў Рыгора Барадуліна "Лепей"

Выйшла ў свет унікальная кніга рукапісаў Рыгора Барадуліна "Лепей"

Выдаваўся зборнік талакой – уласных сродкаў на яго выданне не было, таму колькасць накладу ў асноўным складалася з папярэдніх замоў на кнігу праз уласны сайт журналіста. Аднак пэўная доля кніг друкавалася "на запас", таму купіць незвычайны зборнік у бліжэйшы час зможа любы ахвочы.

Прэзентацыя кнігі "Лепей" пройдзе ў гэту сераду, 11 снежня, у кнігарні "Кніжны салон" (Мінск, вул. Калініна, 5) ад 17.00 да 19.00. Там можна будзе набыць новую кнігу Рыгора Барадуліна.

Новости по теме

Новости других СМИ