Лукашэнка агучыў новую версію знікнення Завадскага

"Радыё Рацыя"

Аляксандр Лукашэнка ў нядаўнім інтэрв’ю галоўным рэдактарам шэрагу расійскіх газет выказаў новую версію знікнення тэлеаператара Дзмітрыя Завадскага і шэрагу апазіцыйных палітыкаў. Гэтая поўная версія адказаў беларускага кіраўніка на пытанні журналістаў апублікавала маскоўскае выданне "Завтра".

Паводле Аляксандра Лукашэнкі, усе зніклыя былі забітыя, прычым двое сталі ахвярамі "забойства на камерцыйнай глебе". "Абяцалі купіць, прадаць, не стрымалі абяцанне і былі забіты, як гэта заведзена ў паўбандыцкім асяроддзі. След забойцаў нядаўна выяўлены ў Нямеччыне" – заявіў беларускі кіраўнік.

Аляксандр Лукашэнка таксама сцвярджае, што аператар ОРТ Дзмітрый Завадскі стаў ахвярай групы спецназаўцаў на чале з Валерыям Ігнатовічам. Тыя ваявалі ў Чачні на баку Расіі, а Завадскі з Паўлам Шараметам зрабілі з імі інтэрв’ю пасля чаго ў сваім тэлесюжэце нібыта сказалі, што спецназаўцы ваявалі на баку чачэнцаў. Паводле Лукашенкі, "Завадскага злавілі і забілі, а Шарамет выкруціўся і цяпер сядзіць у Маскве і піша розныя брыдоты пра Беларусь". Павел Шарамет так пракаментаваў гэтыя словы Аляксандра Лукашэнкі:

- Гэта поўная лухта і хлусня ад пачатку і да канца. Жахліва, бо ўсім вядома праўда, і што прэзідэнт на вачах усяго свету, на вачах людзей сам сябе высек. Гэтае трызненне, гэтую хлусню безсэнсоўна каментаваць.

Былы следчы пракуратуры Алег Волчак, які вёў грамадскае расследванне справы зніклых здзіўлены, што Лукашэнка так упэўнена кажа, што ўсе яны забітыя. На яго думку паўстае шмат пытанняў: хто забойцы, дзе яны і г.д. Волчак збіраецца звярнуцца да генпракурора з просьбай дапытаць Лукашэнку каб той патлумачыў следству адкуль ён валодае такой важнай інфармацыяй?

Даведка. У 1999—2000 гадах у Беларусі адбыліся чатыры гучныя знікненні. 7 мая 1999 года знік былы міністр унутраных спраў Юрый Захаранка, 16 верасня 1999 года — былы кіраўнік Цэнтравыбаркама Віктар Ганчар і бізнэсоўцам Анатоль Красоўскі, 7 ліпеня 2000 года — аператар расійскага тэлеканала ОРТ (цяпер Першы канал) Дзмітрый Завадскі.

поделиться

Новости по теме

Новости партнёров