Што адбываецца з Мікалаем Аўтуховічам?

regionby.org

Усё часцей грамадзяне Беларусі ў знак пратэсту супраць дзеянняў улады адмаўляюцца ад харчавання.

Для ваўкавыскага прадпрымальніка Мікалая Аўтуховіча, які ўтрымліваецца ў мінскай турме, Дзень Незалежнасці стаў 79 днём галадоўкі. На гэты крок яго падштурхнула практыка расследавання спраў праваахоўнымі органамі: спачатку пасадзіць чалавека за краты, а потым шукаць на яго кампрамат.

Што адбываецца з чалавечым арганізмам, які столькі дзён не атрымлівае ежу? На гэта пытанне адказвае доктар медыцынскіх навук, прафесар Міхаіл Бушма.

– Чалавек працягвае харчавацца за кошт тых запасаў, якія засталіся ў арганізме. Пасля ідзе паглынанне бялкоў, амінакіслот і малекул. Гэта падобна на блакадны Ленінград падчас Другой Сусветнай вайны, калі гараджане, каб сагрэцца, спальвалі антыкварную мэблю – самае дарагое, што ў іх засталося. Іншымі словамі, чалавек паядае свае самыя важныя субстанцыі, таму што звонку карысныя і неабходныя для жыцця элементы не паступаюць.

– І ўсё ж нейкі рэжым харчавання павінен быць?

– А які рэжым харчавання, калі чалавек свядома ад яго адмовіўся? Яго проста не існуе. Тут не толькі рух, а нават думка скрадае энергію.

– Ці ёсць нейкі шанец безбалюча, ну хаця б з меншымі стратамі, выйсці з гэтага становішча?

– Калі чалавек прыняў рашэнне галадаць, то ён і павінен прыняць рашэнне выйсці з яго. І толькі пад назіраннем вельмі добрых спецыялістаў, таму што любая недасведчанасць прывядзе чалавека да смерці. Самае лепшае, калі ён будзе знаходзіцца пад назіраннем дактароў у шпіталі. Таму што выхад з галадання яшчэ больш небяспечны, чым само акунанне ў голад.

– Гэта трэба рабіць паступова?

– Безумоўна. Колькі дзён чалавек галадаў, столькі ж і павінен выходзіць з гэтага фізічнага стану. І кожную гадзіну дактары павінны кантраляваць змены.

– А калі чалавек галадае 79 дзён, яго можна выратаваць?

– Спачатку трэба тэрмінова спыніць галаданне. І паклікаць на дапамогу спецыялістаў, таму што ў арганізме – катастрофа!

– А як вы ставіцеся да таго, што чалавек прымае такое рашэнне ў знак пратэсту?

– На нядаўняй міжнароднай навуковай канферэнцыі абмяркоўваліся аспекты такіх паводзін. І навукоўцы прыйшлі да думкі, што дом чалавека можна спаліць, адзенне ягонае скрасці. Але адзінага, чаго нельга адняць – яго цела. Яно яму належыць і ён, толькі ён, мае права распараджацца ім.

– Чаму ў Беларусі становіцца ўсё больш галадаючых?

– Прабачце, але я не валодаю такой статыстыкай.

– Ці можа гэта быць пратэстам ад бяссілля?

– Безумоўна, гэта пратэст супраць нечага з прыцягненнем увагі грамадскасці. Скажу, што гэтыя людзі вельмі моцныя і мужныя, у любым выпадку яны дастойныя пакланення. Але, паўтараю, гэта іх выбар і іх права. А кожны з нас ацэньвае такія паступкі з вышыні сваёй чалавечнасці.

поделиться

Новости по теме

    Правілы мовы ад Алега Трусава

    Старшыня Таварыства Беларускай Мовы Алег Трусаў распавёў, як папулярызаваць мову, чаго не стае беларусам у тым, каб мова стала сапраўды паўсюднай і на каго трэба абапірацца ў яе пашырэнні.подробности

Новости партнёров