Справа Аўтуховіча: чаму маўчыць міжнародная супольнасць

www.udf.by

Следства ў адносінах да прадпрымальнікаў з Ваўкавыска Мікалая Аўтуховіча, Юрыя Лявонава і Уладзіміра Асіпенкі прадоўжанае, нягледзячы на дрэнны стан аднаго з вязняў – Аўтуховіча. Ён з 16 красавіка трымае галадоўку, патрабуючы разгляду справы ў найкарацейшы тэрмін альбо змены меры стрымання. Беларускія праваабаронцы лічаць падсудных палітычнымі вязнямі, але назіральнікі з іншых краінаў вельмі асцярожна каментуюць сітуацыю. Чаму маўчыць міжнародная грамадскасць?

Справа ў тым, што Аўтуховіч не можа быць прызнаны вязнем сумлення менавіта праз абвінавачванні, якія была да яго прад'яўленыя – пашкоджанне маёмасці і незаконныя дзеянні са зброяй, хоць ён да гэтага можа і не мець дачынення, патлумачыў www.udf.by сітуацыю праваабаронца Валянцін Стэфановіч. Паводле яго, арганізацыя "Міжнародная амністыя" не можа прызнаць прадпрымальніцкіх лідэраў вязнямі сумлення, "бо яны вінаваццяцца ў гвалтоўных дзеяннях".

"Паводле прынцыпу арганізацыі, яна надае статус вязня сумлення толькі тым, хто пацярпеў за сваё меркаванне, выяўленае мірным шляхам. Пакуль не будзе 100-працэнтных доказаў невінаватасці. Таму, скажам, гэты статус не даюць тым, каго вінавацяць у збіцці міліцыянта", - кажа спадар Стэфановіч.

Адзінае, што могуць пакуль патрабаваць праваабаронцы – гэта правесці незалежнае расследаванне і адкрыты суд, каб з’явіліся доказы таму, што справа прадпрымальнікаў была сфабрыкаваная.

Якраз пра неабходнасць незалежнага расследавання вядзецца ў Рэзалюцыі ПАСЕ, прынятай 23 чэрвеня. У дзень, калі старшынства ў Еўрасаюзе перайшло да Швецыі, амбасадар гэтай краіны Стэфан Эрыксан паабяцаў, што пытанне Аўтуховіча будзе ўздымацца на самым высокім узроўні. "Гэта вельмі складанае пытанне і стан здароўя Аўтуховіча нас вельмі хвалюе, але ён не атрымаў статус палітычнага вязня", - зазначыў Эрыксан і прызнаўся, што яму не хапае інфармацыі пра стан здароўя прадпрымальніка.

Па інфармацыі www.udf.by, моцна заклапочаныя станам здароўя беларускага прадпрымальніка ў МЗС Германіі. "Мы не можам ацаніць, наколькі справядлівыя абвінавачванні ў падпале, ці мелі яны месца, могуць вырашыць толькі адпаведныя органы ў Мінску, але ЕС выступае за тое, каб адбыўся працэс, які б адпавядаў усім прававым нормам у адносінах да гэтых асобаў, а датычна галадоўкі Аўтуховіча – выступае за гуманнае рашэнне гэтага пытання", - заяўляюць у прыватных размовах нямецкія чыноўнікі.

Пакуль жа за час галадоўкі Аўтуховіча, якая доўжыцца ўжо амаль 80 дзён, нічога ў гэтай справе не зрушылася. Прадпрымальнікі знаходзяцца ў мінскім следчым ізалятары №1, а следства працягнутае ўжо ў чацвёрты раз на новы тэрмін.

Алесь Пехціеў

поделиться

Новости по теме

Новости партнёров