У абарону Леаніда Свеціка збіраюць подпісы

Радыё "Свабода"

Мясцовыя актывісты напісалі заяву ў абарону Леаніда Свеціка, якую мяркуюць перадаць у абласны суд, дзе праходзіць працэс над віцебскім праваабаронцам.

КДБ высунула супраць Леаніда Свеціка абвінавачанне ў распальванні міжнацыянальнай і рэлігійнай варожасці — яго вінавацяць у напісанні і распаўсюдзе лістоў з пагрозамі ад імя незарэгістраванай прафашысцкай арганізацыі "Русское Национальное Единство". Але нават тыя, хто атрымаў такія лісты, не вераць, што праваабаронца мае да іх хаця б нейкае дачыненне.

Былая старшыня віцебскай арганізацыі АГП Алена Залесская, адна са складальніц заявы і першая, хто яе падпісаў, атрымала ліст ад імя РНЕ ў 2006-м годзе. Невядомыя аўтары пагражалі ёй фізічнай расправай за апазіцыйныя палітычныя погляды. Леанід Свецік дапамагаў ёй складаць заявы ў міліцыю і КДБ, каб аўтараў допісаў знайшлі. Але і спадарыні Залесскай, і ўсім іншым віцебскім актывістам, якія атрымлівалі лісты ад РНЕ ў 2006—2007 гадах, прыйшлі пісьмовыя адмовы: маўляў, такая арганізацыя ў Віцебску не зарэгістравана і знайсці тых, хто рассылае лісты з пагрозамі, немагчыма. Таму Алена Залесская палічыла неабходным падкрэсліць у заяве, што "крымінальны пераслед з боку КДБ і гэты судовы працэс — помста Леаніду Свеціку за яго праваабарончую дзейнасць. Але самае галоўнае, што яго хочуць ізаляваць як дзейнага праваабаронцу да наступных прэзідэнцкіх выбараў".

Падпісаць заяву маюць намер і трое апазіцыянераў, якія выступаюць на судовым працэсе ў якасці пацярпелых — Барыс Хамайда, Ян Таўпыга і Ян Дзяржаўцаў. За час судовага працэсу, які працягваецца з 10-га чэрвеня, кожны з іх выказаў недавер суддзі абласнога суду Галіне Урбановіч, бо, на іх думку, яна разглядае справу неаб’ектыўна.

Актывісты збіраюцца перадаць заяву ў абласны суд 8 ліпеня. На гэты дзень запланаваныя судовыя спрэчкі, пасля чаго вынесуць прысуд. Калі Леаніда Свеціка прызнаюць вінаватым, паводле артыкула 130, часткі 1 Крымінальнага кодэксу "Распальванне міжнацыянальнай і міжканфесійнай варожасці" яму пагражае тэрмін зняволеньня да 5 гадоў.

Тыя, хто не верыць у вінаватасць праваабаронцы, лічаць, што гэты працэс мае палітычны характар і падпісваюцца пад заявай у абарону Свеціка.

поделиться

Новости по теме

Новости партнёров