Зміцер Жалезнічэнка дзембельнуўся

"Наша ніва"

Зміцер Жалезнічэнка дэмабілізаваны. З войска ён павінен быў выйсці толькі 25 ліпеня, але кіраўніцтва жлобінскай вайсковай часткі адпусціла яго на два дні раней, каб прадухіліць сустрэчу на КПП Змітра журналістамі, сябрамі, сваякамі. А 13 гадзіне Жалезнічэнка дабраўся да Гомелю, а яшчэ праз некалькі гадзінаў адказаў на пытанні "Наша ніва".

- З якім адчуваннем прынялі дэмбель?

- Пакуль што яшчэ такое адчуванне, што заўтра зноў прагучыць каманда «Рота, пад’ём». На дадзеным этапе няма ніякіх эмоцый. Хочацца проста адпачнуць.

-Войска будзеце згадваць добрым ці кепскім словам?

- Ведаеце, я паўтара году таму, і я цяпер — два абсалютна розных чалавекі. Раней думаў, што буду згадваць толькі кепскім словам. Не тое, каб эмоцыі былі станоўчыя. Хутчэй нейтральныя. Проста не хочацца згадваць пра службу.

- А што дало войска?

- Шмат дало. І станоўчага, і адмоўнага. Я незадоўга да дэмбеля нават склаў спіс. Напэўна, найперш армія навучыла трыванню. Усё ж раней у мяне такіх выпрабаванняў не было. Іншыя адносіны сталі да маёмасці. Не стаў так перажываць, калі нешта забіралі, канфіскоўвалі. У войску прачытаў вельмі шмат кніжак. Калі вучыўся ва ўніверсітэце, то шмат іх купляў, але не заўсёды не паспяваў іх прачытаць. Цяпер навярстаў упушчанае. Пачаў цаніць волю. Стаў клапаціцца пра знешні выгляд. Раней мог хадзіць з нячышчанымі ботамі, то ў войску гэта было немагчыма. Стаў больш працавітым. Шмат чаго.

- Адчувалі падтрымку?

- У войску ўсе кантакты абмежаваныя. Часам мог зайсці ў інтэрнэт. Зрэшты, я імкнуўся не атаясамліваць сябе рэальнага з тым медыйным персанажам, які фігураваў у СМІ.

- Як складваліся адносіны з саслужбоўцамі?

- Былі роўнымі. Канечне, спачатку былі нейкія праблемы з старэйшымі салдатамі, сяржантамі. Стараліся вырашаць гэтыя праблемы. Не скажу, што я з некім цесна кантактаваў, большасць часу праводзіў за кнігамі.

- Якія цяпер планы?

- Хочацца працягнуць вучобу. У Беларусі мне гэта наўрад ці дазволяць зрабіць. Знайшоў магчымасць працягнуць вучобу за мяжой. Для гэтага трэба здаваць тэсты. Я ўжо рыхтаваўся да іх, буду рыхтавацца далей.

- Што можаце параіць тым хлопцам, якія цяпер у войску?

- Не расціскаць зубоў. Трымацца і чакаць. Адразу калі прыйшоў служыць, то ясна зразумеў, што войска толькі на паўтары гады, а сумленне з табой назаўсёды. Дык вось мне не сорамна за праведзены ў войску час.

поделиться

Новости по теме

Новости партнёров