Рыгору Барадуліну - 75

"Рэспубліка"

Сёння, 24 лютага, свой 75-гадовы юбiлей адзначае народны паэт Беларусi Рыгор Барадулiн.

...Ён нарадзiўся на Ушаччыне. Свае першыя вершы апублiкаваў яшчэ юнаком у 1953 годзе, а ў 1959-м, якраз пад заканчэнне Белдзяржунiверсiтэта, выпусцiў у свет дэбютны зборнiк "Маладзiк над стэпам".

Пазней з-пад пяра Рыгора Iванавiча выйдуць дзесяткi кнiг паэзii – лiрычных, сатырычных i гумарыстычных, для дзяцей. Яго iмя стане побач з iмёнамi лепшых прадстаўнiкоў нацыянальнай лiтаратуры, а творы разыйдуцца далёка па свеце ў перакладах на азербайджанскую, англiйскую, балгарскую, венгерскую, грузiнскую, iспанскую, казахскую, малдаўскую, мангольскую, нямецкую, польскую, хiндзi, рускую, славацкую, украiнскую i iншыя мовы.

"Паэзiя Барадулiна — чыстай красы Боская паэзiя беларусаў, крынiца нацыянальнага натхнення, складнiк яе спрадвечнага духоўнага набытку", — адзначаў Васiль Быкаў.

З Барадулiным яны былi даўнiмi добрымi сябрамi. Дарэчы, здаецца, у кнiзе "Дажыць да зялёнай травы...", дзе сабрана перапiска гэтых двух славутых беларускiх пiсьменнiкаў, згадваецца такi эпiзод.

Напачатку 1960-х, вiншуючы тады яшчэ маладога паэта з днём нараджэння, яго старэйшы сябра i зямляк зрабiў вершаванае пажаданне:

"Боты новыя рыпяць:
— Сто пяць,
Сто пяць
Барадулiну гадоў
пiсаць.
I не спiсацца!"


Няхай пажаданае збываецца. Мацуйцеся, шаноўны Рыгор Iванавiч! Здароўя Вам, доўгiх гадоў i творчага плёну!

поделиться

Новости по теме

Новости партнёров