Барадулін упадабаў альбом Вольскага

Сяргей Нятрэба, www.udf.by

Адным з першых, хто пачуў новую праграму Лявона Вольскага "Белая яблыня грому", стаў Рыгор Барадулін. Народны паэт Беларусі, чый верш і даў назву дыску, асабліва ўразіўся рэп-прачытаннем твора Францішка Багушэвіча.

Канцэпцыя новай праграмы Лявона Вольскага палягае ў тым, што вершы беларускіх класікаў знайшлі сваё музычнае ўвасабленне ў розных музычных кірунках. Ёсць тут і рок, і рэп, і нават хэві-метал. Рэп на верш Багушэвіча "Немец" асабліва прыйшоўся да спадобы аднаму з першых слухачоў дыска – Рыгору Барадуліну, які нядаўна справіў свае 75 год:

- Здавалася, што тут такія вершы, на якія немагчыма напісаць. Напрыклад, Багушэвіча – гэта толькі Вольскі мог! І якраз яна гучыць, гэтая песня! Ну, а што тычыць "Белай яблыні грому"… Не таму, што яна мая – я не з тых, хто толькі сваё любіць… Але мяне дужа ўразіла песня, Лявонаў падыход, меладычнасць.

Народны паэт Беларусі паабяцаў прыйсці 23 сакавіка ў Купалаўскі тэатр на жывую прэзентацыю праграмы "Белая яблыня грому", калі яму дазволіць здароўе.

поделиться

Новости по теме

Новости партнёров