Супраць Аўтуховіча сведчыў невядомы голас

"Салідарнасць"

У Вярхоўным судзе па справе Аўтуховіча дапыталі Уладзіміра Саўчанку, былога старшыню Гродзенскага аблвыканкама, на якога нібыта і планаваўся замах па замове прадпрымальніка. Аднак самым кур’ёзным на судзе стаў допыт невядомага сведкі. Чалавек па прозвішчы Заяц заявіў, што баіцца за сваё жыццё, таму яго допыт адбываўся праз гучную сувязь. Седзячы ў асобным пакоі, таямнічы сведка заявіў, што падпал быў зроблены менавіта па замове Аўтуховіча і пра гэта яму расказаў сябар, якому гэта нехта расказаў.

Як распавёў "Салідарнасці" старшыня Руху Салідарнасці "Разам" Вячаслаў Сіўчык, паказанні пацярпелага Уладзіміра Саўчанкі, на якога нібыта і планаваўся замах па замове Мікалая Аўтуховіча, не пралілі святла на справу. На судзе Саўчанка заявіў, што ніякіх прэтэнзій да падсудзімага не мае.

— Бачна было, што справа развальваецца, — расказаў палітык. — Дапыталі нават дворнічыху, якая мяце двор перад аблвыканкамам — нічога. Тады суддзя абвясціў перапынак. Пасля вярнуўся ўвесь чырвоны і абвясціў, што ёсць яшчэ адзін сведка.

Высветлілася, што чалавек па імені Іван Іванавіч Заяц настолькі баіцца за сваё жыццё, што не хоча паказваць свой твар. Вырашана было заслухаць яго сведчанні па гучнай сувязі.

— Гэты сведка заявіў, што падпал здзейснены быў менавіта па замове Аўтуховіча, — адзначыў Сіўчык. — Калі ж суддзя спытаў, адкуль ў яго такая інфармацыя, той сказаў, што даведаўся ад свайго знаёмага, якога назваць не можа з-за пагрозы ягонаму жыццю. На пытанне адваката, адкуль пра гэта даведаўся знаёмы, быў адказ: "Ад іншага знаёмага". Прысутныя проста каталіся ад смеху.

Суддзя вымушаны быў выдаліць некаторых з залі. Сам жа Аўтуховіч заявіў, што не жадае ўдзельнічаць у гэтым цырку. Тым не менш працэс прадоўжыўся.

— Такога ў маёй практыцы яшчэ не было, каб на судзе прымаліся сведчанні паводле слоў знаёмага знаёмага нейкага голасу. Не чакаў, што Вярхоўны суд дойдзе да такога, — пракаментаваў сітуацыю палітык.

Нагадаем, суд па справе Аўтуховіча пачаўся 10 сакавіка і ад 16 сакавіка ідзе фактычна штодня.

поделиться

Новости по теме

Новости партнёров