Лябедзька: Функцыю ценявога ўраду ўжо выконвае Нацкам АДС

Алесь Пехціеў, партал навінаў www.UDF.BY

Беларускія хрысціянскія дэмакраты маюць на мэце сфармаваць альтэрнатыўны ўрад. Ініцыятары гэтай ідэі Віталь Рымашэўскі і Павел Севярынец збіраюцца прадставіць праграму пераменаў для Беларусі, а таксама спіс канкрэтных асобаў, якія гатовы гэтыя рэформы правесці.

Кіраўнік Нацыянальнага камітэту АДС Анатоль Лябедзька упэўнены, што такая структура не мусіць абмежавацца раздачай партфелей.

БХД называе прыблізную колькасць будучых ценявых міністраў – каля двух дзесяткаў асобаў. Такі ўрад мяркуецца стварыць для адзінага кандыдата ў прэзідэнты. Лідэры БХД кажуць, што іх ідэя ўжо знайшла водгук сярод актывістаў палітычных партый і рухаў, і абяцаюць у хуткім часе назваць канкрэтныя прозвішчы тых людзей, якія могуць увайсці ў ценявы ўрад.

Лідэр АГП Анатоль Лябедзька лічыць, што функцыю ценявога ўраду ўжо выконвае Нацыянальны камітэт АДС, на чале якога ён стаіць, а фундамент быў укладзены яшчэ Генадзем Карпенкам. "Нацыянальны камітэт займаецца рэальнымі справамі, а не палітычнымі дэкларацыямі. Пацверджаннем таму шэраг распрацаваных канцэпцый і законапраектаў, як Малая Канстытуцыя, праграма Нацыянальнага бізнеса, прапановы эканамічных рэформаў".

У функцыі "ценявога ўраду" не толькі распрацоўка пазітыўнай альтэрнатывы для Беларусі, але і падрыхтоўка будучых кадраў. Са слоў Анатоля Лябедзькі, і з гэтай задачай Нацыянальны камітэт спраўляецца. Пры ім працуе школа маладога менеджэра, дзе маладыя спецыялісты могуць атрымаць вопыт дзяржаўнага кіравання.

Кіраўніцтва Нацыянальнага камітэту заяўляе, што яны заўжды адкрытыя для прапаноў і будуць надалей працягваць сваю справу. Аднак лідэры БХД да Нацкаму далучацца не спяшаюцца і збіраюцца гуртаваць людзей вакол сябе.

поделиться

Новости по теме

Новости партнёров