Барадулін: Ён сагрэў мне сэрца

"Белсат"

"Ён сагрэў мне сэрца", – так пра дакументальны фільм "Эпоха Барадуліна" сказаў яго герой. Упершыню стужку паказалі на канале "Белсат" у гонар 75-гадовага юбілею Рыгора Барадуліна. Нядаўна паказ стужкі адбыўся ў менскай галерэі "Ў". 30 траўня, у нядзелю, у 18.35 фільм "Эпоха Барадуліна" – зноў на "Белсаце".

Стваральнікамі дакументальнага фільму стала сямейная пара: рэжысёр і аўтар сцэнарыю – Віктар Корзун, прадзюсер ды інтэрв’юер – Кася Камоцкая.

Барадулін: Ён сагрэў мне сэрца

Аўтары фільму з Рыгорам Барадуліным

"Мы шмат што здымаем, фіксуем для гісторыі, каб цікавае і важнае не знікла. Рыгора Барадуліна фільмавалі з 2007 года. Была магчымасць бачыць і гаварыць з ім у прыватных сітуацыях, у інтымным антуражы. Грэх было не скарыстацца", – кажа Віктар Корзун. Аўтары фільму дзякуюць за гэта барду Алесю Камоцкаму, які мае багата песень на вершы Барадуліна і сябруе з ім. "Атрымаўся багаты архіў. Было спадзяванне аформіць у фільм, юбілей стаў добраю нагодаю", – распавядае рэжысёр.

Дарэчы, творчы тандэм можа наладзіць цэлы цыкл: "Шмат знятага па персаналіях – тыя самыя Васіль Сёмуха, айцец Надсан, Сяржук Вітушка…"

Кася Камоцкая кажа, што матэрыялу пра Барадуліна хопіць яшчэ на два фільмы. Бо вартая асоба… Барадулін – адзін з самых лепшых беларускіх паэтаў. Шмат хто, упэўненыя аўтары стужкі, скажуць, што і найлепшы.

Застаецца толькі шкадаваць, што прэзідэнт Беларусі, віншуючы з юбілеямі расійскіх поп-музыкаў, на 75-годдзе класіка беларускай літаратуры Барадуліна, які займае сваё месца ў хрэстаматыях, забыўся.

У фільме багата архіўных кадраў – і відэа, і фота. Датычаць яны не толькі жыцця паэта, але і эпохі, у якую яму давялося жыць. То бок з 1935 года і да сённяшняга дня. Усё гэта паказваецца пад акампанемент вершаў Барадуліна, з ягонымі каментарамі-згадкамі, развагамі пра малое і вялікае.

І будзем спадзявацца, што гэты фільм можа працягнуцца хронікаю не аднаго года і новых барадулінскіх радкоў. І што нагодаю для чарговага паказу фільму праз нейкі час будзе атрыманне Рыгорам Іванавічам Нобелеўскай прэміі.

Мы папрасілі Віктара Корзуна назваць, на ягоны погляд, самыя ўдалыя, пранікнёныя эпізоды стужкі.

"Гэта калі гучаць вершы нібыта ад імя маці Барадуліна, пасляваенныя, са зваротам да мужа Івана, якога ўжо няма. Удала легла песня Камоцкага на кадры паваеннага часу. З Караткевічам, Быкавым… Ва Ушачах, калі Барадулін стасуецца з суседзямі, нешта робіць. Кранальныя моманты, калі Барадулін каментуе архіўныя кадры", – згадвае аўтар і рэжысёр фільму.

Барадулін: Ён сагрэў мне сэрца

Кадр з фільму

Такіх кранальных момантаў шмат – кожны глядач нечым прасякнецца. Скажам, успамінамі Барадуліна: калі прыйшлі фашысты, ён сядзеў маляваў хатку, а немец падышоў і падмаляваў дым з коміну. А потым быў ужо дым ад пажараў над хатамі, згадвае паэт.

Ці такі метафарычны момант: малым Барадулін зрабіў шпакоўню, прымацаваў да дрэва, і вось цяпер можна бачыць тое, як вырасла гэтае дрэва – шпакоўня ўжо высока-высока.

Рыгор Барадулін адзначае, што фільм зняты нетрадыцыйна: "Я сам маю досвед стварэння дакументальных фільмаў. Але звычайна ўсё робіцца па адной схеме. А тут нібы фільм у фільме. І яшчэ мне спадабалася, што там не толькі пра мяне, пра мяне, пра мяне… Там і Быкаў, і Караткевіч. Акцэнты расстаўленыя шырока, усплываюць такія постаці".

Што да згаданых сяброў-літаратараў Барадуліна, то ў фільме ёсць кадры, як Караткевіч выступае на з’ездзе пісьменнікаў, што кажа пра Барадуліна Быкаў і як сам паэт нясе крыж на пахаванні Васіля Уладзіміравіча.

Трапіў у кадр і Аляксандр Лукашэнка – ён пляскае ў далоні і пасміхаецца на вокліч паэта "Жыве Беларусь!" са сцэны Купалаўскага тэатру.

Шмат у фільме асабістых фотаздымкаў Барадуліна.

Барадулін: Ён сагрэў мне сэрца

Рыгор Барадулін з маці

Чорна-белыя – дзе ён яшчэ малы, пасля з жонкаю Валянцінай у 1960-я гады, з дачкой Ілонай; каляровыя – напрыклад, з унучкаю Дамінікаю. Багата кадраў, у тым ліку датаваных ваенным часам, з радзімы паэта – вёскі Ушачы.

Самым жа цёплым эпізодам Рыгор Барадулін назваў тыя кадры, дзе гучыць голас ягонай маці, Акуліны Андрэеўны, якая пайшла з жыцця ў 1971 годзе. У фільме гучыць песня ў ейным выкананні.

"Ён сагрэў мне сэрца", – кажа пра фільм паэт.

поделиться

Новости по теме

Новости партнёров