Рэпер Міх: Падвязаўся да Лукашэнкі, як шныр

Сяргей Будкін, Тузін Гітоў, для партала навінаў www.UDF.BY

Лідэр гурта "Нестандартны варыянт" Зміцер "Міх" Міхневіч прызнаецца, што ўжо сёмы месяц сядзіць на антыдэпрэсантах. Да такога стану яго прывяло насычанае жыцьцё: праца на Трактарным заводзе, потым заняткі ў студыі, плюс чарачка на выходных ды яшчэ канцэрты, рэпетыцыі. І сям’я яшчэ ёсць. Апошняя падзея з жыцця гурта – сустрэча з Аляксандрам Лукашэнкам.

Цяперашні стан адной з самых папулярных рэп-каманд з Беларусі можна акрэсліць як падвешаны. "Пэўна, гэта можна назваць творчым адпачынкам. Па сутнасці, мы анічога не робім, няма аніводнага радка. Але старыя песні выконваем, па два выступы на тыдзень маем, хоць нейкую капейчыну прыносіць". Мяркуючы па словах Міха, ён надта расчараваны ва ўсім – у творчасці, у шоў-бізнесе, ва ўласным праекце, у сваёй студыі. "Беларусь скараць цікавасці аніякай, у Расію ды Украіну рваліся-рваліся ды не прарваліся. Можна было заспяваць па-беларуску ды па-англійску ды пайсці на Захад, але цяжка пісаць".

Тым не менш, поспех песні "Да неба", запісанай для праекту "Тузін.Перазагрузка", і сімвалічная ўзнагарода на апошняй "Рок-Каранацыі" Змітра трошкі абнадзеілі. "Распускаць "Нестанду" не думаю. Проста хочацца адпачыць, паглядзець тэлевізар, пагуляць па парку, пабарыжнічаць у плане "купі-прадай".

Апошняя падзея з жыцця гурта – сустрэча з Аляксандрам Лукашэнкам. Музыкантаў паклікалі актывісты БРСМ, пасадзіць дрэвы. На суботніку з’явіўся і кіраўнік дзяржавы з сынам Колем. "Мне было цікава з ім фоткацца. Ён сам прапанаваў, а я падвязаўся, як шныр. А чаго? Я даўно хацеў пабачыць прэзідэнта, хоць здалёк". Пры гэтым Міх прызнаецца – палітыка як такая яго ні каліўца не цікавіць. Досыць абыякава ён ставіцца да таго, што іх версія "Паветранага шара" гучала на Плошчы ў 2006 годзе. "Мне падабаецца творчасць N.R.M., Neuro Dubel з музычнага гледзішча, не больш за тое. А да палітыкі мне пофіг, маю куды большыя прыярытэты. Во на днях дачка народзіцца".

Даведка. Гурт "Нестандартны варыянт" быў заснаваны ў 1999 годзе і адразу быў прызнаны найлепшым маладым гуртом на фэсце "Хіп-хоп нацыя", наступным годам яны ўжо атрымалі перамогу ў намінацыі "Найлепшы гурт году". Удзельнічалі ў буйнейшых рэп-фэстах у Расіі, Украіне, Германіі. Іх дэбютны альбом "Не Как Все…" (2004) увайшоў у дзесятку самых прадавальных беларускіх дыскаў і быў прызнаны ў Беларусі лепшым рэп-альбомам.

З апошніх поспехаў — гурт перамог на хіп-хоп конкурсе "Братинфо-2008" у асноўных намінацыях — "Лепшы артыст году" і "Лепшы альбом году".

поделиться

Новости по теме

    Experty.by назвалі лепшыя альбомы

    Перамогу ў чатырох з дзевяці намінацыях, у тым ліку "Лепшы альбом" атрымаў гурт "Дзецідзяцей", які ўжо не існуе. Каманда Ганны Хітрык не пакінула аніякіх шанцаў гурту Neuro Dubel.подробности

Новости партнёров