Міліцыя "адкатае пальцы" і ў жанчын

Радыё Свабода

Надышла чарга беларускіх жанчын тлумачыць міліцыянтам, дзе яны былі ў часе выбуху бомбы падчас святочнага канцэрту ўначы на 4 ліпеня 2008-га году. Тады ад выбуху бомбы ў цэнтры Мінска было паранена больш за паўсотні чалавек. Улады палічылі гэта злосным хуліганствам і распачалі крымінальную справу. Сотні чалавек прайшлі праз следчы ізалятар як падазроныя, а сотні тысяч былі апытаныя ў якасці сведак. Насельніцтва Беларусі ў прымусовым парадку вымушана праходзіць дактыласкапію.

Супрацоўнікі міліцыі складаюць пратаколы допыту жанчын у справе леташняга выбуху. Некаторых дапытваюць у міліцыі, іншых наведваюць дома.

Святлана, якая жыве ў мікрараёне Лошыца, распавяла "Свабодзе":

"Яны патэлефанавалі ў дамафон. Адчыніла ім дзверы і спытала, што здарылася. Яны мне адказалі, што ў іх нібыта ёсць дадзеныя з таварыства ўласнікаў пра тых жыхароў, якія маюць запазычанасці за кватэру. Але гэта смешна, бо я пратэрмінавала аплату літаральна на 6 дзён.

Тады яны мне сказалі, што абыходзяць кватэры, каб выявіць прытоны. Я ім прапанавала ўвайсці, каб пераканацца, але яны адмовіліся. У тамбуры міліцыянты пачалі складаць пратакол. Яны спыталіся, дзе я была падчас выбуху. Я адказала, што ў Страсбуры. Пасля гэтага яны пачалі праглядаць свой спіс, і я ўбачыла, што там толькі жаночыя прозвішчы"
.

Нагадаем: на наступны дзень пасля выбуху была распачата крымінальная справа паводле злоснага хуліганства. У склад следчай групы ўвайшлі супрацоўнікі КДБ, пракуратуры і міліцыі.

Літаральна цягам тыдня ў камеры следчага ізалятара трапілі некалькі дзесяткаў чалавек, у тым ліку прадстаўнікі дэмакратычнага руху і студэнты-хімікі. Супрацоўнікі акадэмічных інстытутаў, выкладчыкі і студэнты здавалі адбіткі пальцаў. Пазней усё мужчынскае насельніцтва пачалі выклікаць у ваенкаматы і міліцыю для дактыласкапіі.

Кіраўнік міліцыі Фрунзенскага раёна Мінска Алег Гайдукевіч паведаміў, што дактыласкапію пройдуць усе грамадзяне краіны для нацыянальнага банку дадзеных. Ён запэўніў, што першымі адбіткі пальцаў здалі супрацоўнікі міліцыі.

"Мы прапаноўваем людзям добраахвотна здаць адбіткі пальцаў. Адмоваў — адзінкавыя выпадкі. Людзі ідуць, асабліва калі ім тлумачыш, што нармальнаму чалавеку няма чаго баяцца. Калі чалавек не здзейсьніў злачынства, то чаго яму баяцца? Ці ён збіраецца здзейсьніць?

Гэта, наогул, прафілактычная мера. Чалавек, які здаў свае пальцы, будзе ведаць, што яны там недзе ёсць. Канечне, нехта пальчаткі надзяе, але немагчыма застрахавацца на ўсе выпадкі. Значна будзе лягчэй, калі ўсе будуць у базе. Мы і да жанчын прыйдзем. Мы і жанчын дактыласкапіруем".


Намесніца старшыні грамадскай арганізацыі "Бацькаўшчына" Ніна Шыдлоўская давала паказанні ў справе свайго мужа, які трапіў у следчы ізалятар праз 5 дзён пасля выбуху бомбы.

"Сярод маіх знаёмых у справе выбуху дзяўчат і жанчын апытвалі следчыя, толькі каб тыя пацвердзілі алібі іх мужоў і сыноў, якіх тады забіралі ў гэтай справе".

Цягам году міліцыянты абыходзілі кватэры ў сталіцы ды іншых гарадах Беларусі і пыталіся ў людзей, дзе тыя былі ў часе святочнага канцэрту, ці ёсць у доме падазроныя людзі. Мужчын запрашалі ў ваенкаматы і там бралі адбіткі пальцаў.

Цяпер міліцыянты атрымалі спісы жанчын і складаюць пратаколы апытання. Назіральнікі лічаць, што ў хуткім часе жанчын пачнуць выклікаць для дактыласкапіі.

поделиться

Новости по теме

Новости партнёров