Мінскія заводы працуюсь па скарочаным графіку

Радыё Свабода

Бальшыня буйных прадпрыемстваў Мінска дагэтуль працуюць паводле летняга графіку. То бок — са скарочаным працоўным тыднем і частковай занятасцю работнікаў.

Між тым яшчэ на пачатку лета, уводзячы вымушаныя захады дзеля эканоміі, кіраўнікі заводаў і фабрыкаў абяцалі, што ўвосень усё вернецца ў звыклы рэжым.

На штотыднёвай аператыўнай нарадзе ў Мінгарвыканкаме адказныя за эканамічную галіну чыноўнікі агучылі такія звесткі: складскія запасы на стратэгічных прадпрыемствах за першы восеньскі тыдзень знізіліся амаль на 90 мільярдаў рублёў. Аднак самі ж прызнаюць: запасы скарачаюцца надзвычай марудна. МАЗ разгрузіў склад толькі на 20 аўтамабіляў і 30 аўтобусаў. У той жа час павялічыліся аб’ёмы затаваранасці на МТЗ, падшыпнікавым заводзе, заводзе колавых цягачоў, "Амкадоры", "Камунарцы", "Мотавела". Адносна апошняга нават прагучала інфармацыя, што больш за тысячу чалавек выпраўленыя ў адпачынкі без аплаты. Кіраўнік "Мотавела" Казімір Мароз тлумачыць, што пэўнасці з працоўным тыднем сапраўды няма, але людзей завод не кідае: "Хто гэта сказаў, што ў неаплатным адпачынку? Нават калі на і прастоях, 2/3 усё адно атрымліваюць. Праблемы былі, калі мы разбіраліся з аплатай за энерганосьбіты. Унутраныя прастоі былі, але, дапусцім, бухгалтэрыя працавала над закрыццём месяца, падвядзеннем вынікаў. Гэтыя службы працавалі. Людзі, у якіх была праца, таксама былі задзейнічаныя. А ў каго не было працы і дзе ў нас былі абмежаванні, дык тыя тэрыторыю падмяталі, і там аплата па сярэднім заробку, а ніякі не адпачынак. Проста хтосці падае няправільную інфармацыю. Пакуль мы яшчэ нікога за свой кошт не адпраўлялі. Хоць і няма грошай, але 2/3 стараемся аплаціць. Ці хоць бы прастоі — тыя дні, калі людзі вымушана не працуюць. То бок, як паводле Працоўнага кодэксу трэба, так і аплачваем".

Як і ў летнія месяцы, паводле скарочанага графіку працуюць практычна ўсе прадпрыемствы машынабудавання. Тры-чатыры дні на тыдзень занятыя супрацоўнікі маторнага і падшыпнікавага заводаў, МАЗа, МТЗ, "Амкадора".

Вядучы тэхнічны спецыяліст Мінскага падшыпнікавага завода Андрэй Гардзейка кажа, што і з надыходам восені няма падставаў казаць пра асаблівыя поспехі. Не ўдаецца наноў заваяваць традыцыйны рынак збыту — расійскі: "Як такога, зачыненага рынку Расіі няма, тым больш што ў нас нядрэнна працуе тавараправодная сетка. Тут пытанне ў фінансавым крызісе, вельмі адбіваецца адсутнасць на прадпрыемствах абаротных сродкаў. Некаторыя ўжо вярнуліся да схемы ўзаемаразлікаў, да бартэрных схемаў. Адны прадпрыемствы ў Расіі працуюць поўны працоўны тыдзень, іншыя, як і мы, таксама перайшлі на трохдзёнку. Справа ў тым, што аб’ём патрэбаў на многіх прадпрыемствах застаўся, як і раней. Але стала меней сродкаў для таго, каб набыць гэты прадукт. Ну і, натуральна, складаюць канкурэнцыю тыя ж кітайскія, расійскія вытворцы. Але, яшчэ раз паўтару, у нас адносна нядрэнна працуе новая тавараправодная сетка, сфармаваная ў 2005 годзе. Вось ужо 3,5 года адным дыстрыбутарам мы працягваем сертыфікаты, у іншых, з улікам таго, як яны працуюць і трымаюць справаздачу, іх забіраем".

Не надта паляпшаецца сітуацыя і ў рэгіёнах. Паводле загаду дырэктара бярозаўскага шклозавода "Нёман", на прадпрыемстве яшчэ на месяц працягнуты скарочаны працоўны рэжым — людзі працуюць чатыры гадзіны ў дзень. Афіцыйная прычына — немагчымасць своечасовага рамонту абсталявання. Працаўнікі лічаць, што дырэктар, згодна з заканадаўствам, павінен быў пра захаванне неспрыяльных умоваў папярэдзіць за месяц. У сувязі з гэтым працоўныя "Нёмана" рыхтуюць скаргу ў Дэпартамэнт інспекцыі працы галіновага міністэрства.

поделиться

Новости по теме

Новости партнёров