Ушацкас і Кубілюс сустракаюцца з беларускай апазіцыяй

Радыё Свабода

Напярэдадні візіту кіраўніка Беларусі ў Літву прадстаўнікі літоўскага ўраду сустрэліся з беларускімі апазіцыйнымі палітыкамі.

Анатоль Лябедзька, Павел Севярынец і Аляксандр Казулін сёння раніцай сустрэліся з міністрам замежных спраў Літвы Вігаўдасам Ушацкасам.

Палітыкі адзначылі ў размове з кіраўніком літоўскага дыпламатычнага ведамства, што ў Беларусі па-ранейшаму ёсць палітычныя вязні і што дата прыезду ў Літву прэзідэнта Беларусі прыпадае акурат на Дзень салідарнасці і на дзесятую гадавіну знікненьня палітыка Віктара Ганчара.

Прадстаўнікі беларускай апазіцыі і незалежныя беларускія эксперты сёння бяруць удзел у міжнароднай дыскусіі ў літоўскім Сойме, прымеркаванай да Міжнароднага дня дэмакратыі (які адзначаецца 15 верасня).

Дыскусія з удзелам прадстаўнікоў краін Еўразвязу і Расіі прысвечаная Супольнасці дэмакратый. Старшынства ў гэтым міжнародным форуме Літва пераняла ад Партугаліі сёлета. Дыскусію ў Сойме адкрыў і прывітаў прысутных прэм'ер-міністр Літвы Андрус Кубілюс. На сёння ж у яго запланаваная і сустрэча з беларускімі палітыкамі-апазіцыянерамі.

поделиться

Новости по теме

Новости партнёров