БАЖ патрабуе пакараць міліцыянераў

baj.by

ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" пратэстуе ў сувязі з грубымі перашкодамі прафесійнай журналісцкай дзейнасці падчас акцый пратэсту 16 і 9 верасня і патрабуе прыцягнуць вінаватых да адказнасці.

Увечары 16 верасня супрацоўнікі праваахоўных органаў з ужываннем фізічнай сілы забаранялі журналістам беларускіх і замежных СМІ фіксаваць падзеі падчас акцыі памяці зніклых 10 гадоў таму палітыка Віктара Ганчара і бізнесоўца Анатоля Красоўскага. Людзі ў цывільным, якіх даводзілася па 2 чалавекі на кожнага журналіста, груба, з небяспекай пашкодзіць тэхніку і траўмаваць рэпарцёраў, захіналі іх відэа- і фотакамеры, адштурхоўвалі ад аб’ектаў падзей, нягледзячы на наяўнасць у журналістаў рэдакцыйных пасведчанняў.

Амаль тое самае адбывалася і 9 верасня, калі супрацоўнікі міліцыі перашкаджалі журналістам асвятляць пікет на Кастрычніцкай плошчы на знак пратэсту супраць уводу на тэрыторыю Беларусі расійскіх войск — удзельнікаў вайсковых манеўраў "Захад-2009".

ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў":

— лічыць недапушчальнымі і непрымальнымі перашкоды прафесійнай дзейнасці журналістаў, а значыць, і гарантаванаму Канстытуцыяй праву грамадства на атрыманне і распаўсюд інфармацыі;

— нагадвае супрацоўнікам праваахоўных органаў і іншых дзяржаўных органаў аб праве журналіста прысутнічаць "на масавых мерапрыемствах, у месцах іншых грамадска важных падзей і перадаваць адтуль інфармацыю" (п.2.2. арт. 34 дзейнага закона "Аб СМІ";

— выказвае сур’ёзную заклапочаннасць тым, што падобныя факты падчас масавых акцый зноў робяцца сістэматычнымі і сведчаць пра адмысловыя загады, пры выкананні якіх супрацоўнікі сілавых структур парушаюць заканадаўства;

— заклікае органы пракуратуры і МУС даць належную ацэнку таму, што адбылося, і прыцягнуць вінаватых да адказнасці;

— заклікае органы пракуратуры і МУС прыняць меры для прафілактыкі парушэнняў правіл работы з прэсай.


ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" зробіць усе магчымыя і неабходныя захады для таго, каб падобныя дзеянні супрацоўнікаў праваахоўных органаў не засталіся беспакаранымі і не паўтараліся надалей.

Праўленне ГА "БАЖ"

поделиться

Новости по теме

Новости партнёров