Аляксей Янукевіч: Беларуская сітуацыя не павінна заставацца па-за дужкамі

www.udf.by

16-18 верасня прадстаўнікі беларускай дэмакратычнай супольнасці наведалі Швецыю. Беларускую дэлегацыю ў складзе Паўла Севярынца, Аляксандра Казуліна, Анатоля Лябедзькі, Уладзіміра Навасяда, Артура Фінькевіча, Аляксея Янукевіча, Таццяны Равякі, Жанны Літвіной і Аляксандра Лагвінца запрасіла ў краіну Міністэрства замежных спраў Швецыі. Аб выніках візіта сайту www.udf.by расказаў старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч.

— Раскажыце, калі ласка, як праходзіў візіт?

— Безумоўна, асноўнай была наша сустрэча з міністрам замежных спраў Швецыі Карлам Більдтам. Але таксама у праграме былі іншыя сустрэчы на вельмі высокім узроўні. У прыватнасці, сустрэча з міністрам па міжнароднаму супрацоўніцтву ў галіне развіцця Гунілай Карлсан, кіраўніком парламенцкай камісіі шведскага парламента па міжнародных справах Ёранам Ленмаркерам, кіраўніком дэлегацыі па Беларусі ў шведскім парламенце Крысціянам Холмам. А таксама з іншымі прадстаўнікамі розных міністэрстваў Швецыі, якія займаюцца беларускай тэматыкай.

— Якой была галоўная мэта вашай паездкі?

— Асноўнай мэтай візіту было данясенне нашага бачання развіцця праграмы "Усходняе партнёрства": якую ролю ў гэтым павінны адыгрываць прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці Беларусі. Таксама важна было расказаць аб цяперашняй палітычнай сітуацыі ў Беларусі, аб стане з дэмакратычнымі свабодамі.

Ва ўсёй дэлегацыі было супольнае бачанне адносна таго, што "Усходняе партнёрства" — надзвычай важная стратэгічная ініцыятыва. Мы за тое, каб яна пашыралася і развівалася. Разам з тым, мы з жалем вымушаныя былі канстатаваць, што толькі калі Беларусь была ўключаная ў праграму, назіраліся пэўныя крокі беларускіх уладаў па паляпшэнню ўмоваў дзейнасці некаторых суб’ектаў грамадзянскай супольнасці ў краіне. Але апошнім часам такіх крокаў няма, і наадварот, назіраюцца крокі па згортванні і нровым абмежаванні дэмакратычных свабодаў.

Для нас вельмі важна, каб гэтая сітуацыя не заставалася па-за дужкамі ў еўрапейскім партнёрстве. Таксама мы выказалі ўпэўненасць і гатоўнасць прысутнічаць у праграме “Усходняе партнёрства” у якасці суб’ектаў для перамоваў, для выпрацоўкі нейкіх канкрэтных ідэяў і рашэнняў не толькі ў галіне правоў чалавека, але і па ўсіх накірунках, якія закранае праграма: ахова навакольнага асяроддзя, энергетыка і іншыя. Мы лічым, што наш унёсак быў бы каштоўны для развіцця праграмы.


— Як Вы лічыце, якія вынікі прынёс візіт?

— Асноўным вынікам для шведскага боку я лічу дэманстрацыю таго, што грамадзянская спольнасць супольнасць Беларусі бачыца імі як вельмі істотны чыннік супрацоўніцтва. Што развіццё пэўных кантактаў з прадстаўнікамі беларускіх уладаў не адбываецца і не можа адбывацца за кошт абмежавання кантактаў з прадстаўнікамі дэмакратычнай супльнасці ў Беларусі.

З нашага боку асноўным вынікам лічу данясенне інфармацыі да найвышэйшых прадстаўнікоў Швецыі, якая сёння старшынюе ў Еўразвязе, і значыць, да ўсёй структуры Еўразвязу аб нашым бачанні і аб нашых прапановах, як мы гатовыя ўдзельнічаць у праграме "Усходняе партнёрства".


— У хуткім часе Еўразвязам будзе разглядацца пытанне аб санкцыях, накладзеных на беларускія ўлады. Якую пазіцыю прадстаўляла наша дэлегацыя?

— Мы былі адзінадушныя ў тым, што поўная адмена санкцыяў не можа быць пакуль што правільным рашэннем. Гэта было б вельмі няправільным сігналам у дачыненні да беларускіх уладаў. Мы лічым, што працягнуць прыпыненне санкцыяў — самае разумнае рашэнне. Тады якраз напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў беларускія ўлады вымушаныя былі б дэманстраваць нейкія рэальныя крокі па лібералізацыі і павелічэнні дэмакратычных свабодаў у краіне.

Людміла Мароз

поделиться

Новости по теме

Новости партнёров