Адна калонка на 70 двароў

regionby.org

Праблему з якасцю вады ўлады паселка Барань вырашылі наступным чынам: грамадскімі калодзежамі карыстацца забаранілі, а наўзамен паставілі адзіную на ўвесь мікрараён водаразборную калонку.

Цяпер з калонкі па вуліцы Калгаснай прапанавана браць ваду жыхарам яшчэ трох бліжэйшых вуліц і чатырох завулкаў. У асноўным гэта пенсіянеры, якія пасяліліся тут, у прыватным сектары невялікага прамысловага гарадка пад Оршай, 40 гадоў таму.

У гэтым мікрараёне жывуць амаль адны пенсіянеры, якім цягаць вёдры з вадой ужо цяжка, – распавядае дэпутат Бараньскага гарсавета Віктар Міхасёў. – Таму яны вымушаны спажываць няякасную ваду з адзінаццаці бліжэйшых калодзежаў. Пытанне пра якасць гэтай вады паўставала яшчэ гадоў 20 таму. Калі жыхары пачыналі пісаць скаргі, заўважыўшы, што вада ў калодзежах мутная, тут жа прыязджала санстанцыя і вызначала, што ў вадзе і нітраты, і кішэчная палачка, і проста бруд. Безліч разоў было сказана, што замест калодзежаў людзям трэба правесці вадаправод, але грошай на гэта так і не знаходзілі.

Апошні раз бараньцы абурыліся сёлета ў чэрвені, калі пасля моцных дажджоў вада была неспажыўнай нават на выгляд. Тады мясцовыя ўлады арганізавалі падвоз вады на машынах, але 7 верасня ён спынены. Людзі зноў вымушаныя або хадзіць да калонкі за некалькі соцень метраў, або з насцярогай рабіць так, як раяць надпісы на калодзежах – гатаваць ваду перад ужываннем.

– Усе калодзежы ў мікрараёне вымагаюць капітальнага рамонту, – працягвае Віктар Міхасёў. – Але грошай няма нават на тое, каб іх пачысціць. Не знайшлося іх нават падчас падрыхтоўкі да леташніх "Дажынак", калі на рэканструкцыю Оршы ды ваколіцаў былі выдаткаваны мільярды дзяржаўных грошай. Сёлета вадаправод у Барані быў адным з пунктаў урадавай інвестыцыйнай праграмы, аднак нейкі чыноўнік у Мінску выкрасліў гэты пункт. Бараньскі гарвыканкам пра гэта нават не адразу даведаўся, а калі даведаўся, то адзінае, што зрабілі – вось гэтую калонку.

Цяпер каля калонкі штодня збіраецца гэткі "грамадскі штаб" – тут суседзі не проста абмяркоўваюць пабытовыя навіны, але дзеляцца адно з адным досведам змагання за чыстую ваду. Распавядаюць, хто куды напісаў якую скаргу і што атрымаў у адказ. Некалькі апошніх скаргаў бараньцы накіравалі ў пракуратуру, бо забеспячэнне якаснай вадой гарантавана адмысловым законам РБ "Аб пітным водазабеспячэнні", і патрабуюць прыцягнуць да адказнасці тых, хто яго парушае ўжо цягам дзесяцігоддзяў. Пакуль адказу ад пракурораў няма, хаця "грамадскі штаб" каля адзінай на ўвесь раён калонкі чакае яго штодня.

поделиться

Новости по теме

    Людзі засталіся без пітной вады

    Адзін з мікрараёнаў Барані застаўся без крыніц пітной вады, якую цяпер людзям прыходзіцца дастаўляць у цыстэрнах. Даведзеныя да адчаю жыхары мястэчка напісалі ліст прэзідэнту. Пад лістом стаіць 33 подпісы жыхароў Барані.подробности

Новости партнёров