Нелегальныя гандляры замянілі прадпрымальнікаў

regionby.org

У тых месцах Віцебска, дзе раней стаялі шапікі прыватных прадпрымальнікаў, цяпер проста з машын гандлююць асобы, якія не маюць санітарных і падатковых дакументаў.

Ірына Яскевіч, якая займаецца стварэннем незалежнага прафсаюза "Разам", напісала дзесяткі лістоў у розныя інстанцыі, аднак адусюль атрымала амаль аднолькавыя адказы: маўляў, гандаль без дазволу адпаведных службаў незаконны, але забараніць яго гэтыя службы не могуць.

– Некалькі гадоў таму нам сказалі, што шапікі псуюць знешні выгляд Віцебска, – распавядае спадарыня Ірына. – Гандляры гароднінай, садавіной, кандытарскімі вырабамі мусілі зачыніць гандлёвыя пункты. Самі шапікі камунальшчыкі вывезлі за горад ды выкінулі. Затое цяпер на нашых былых месцах атабарыліся іншыя людзі – проста з машын гандлююць дынямі і кавунамі, цукеркамі, печывам, кансервамі. А як прыйдзе зіма, дык распачнецца гандаль замарожанымі акарачкамі, рыбай і гэтак далей.

Прадпрымальнікі не разумеюць, чаму ім забаранілі гандляваць пры наяўнасці ўсіх дазвольных дакументаў ды спраўнай выплаце падаткаў, а гандаль "з зямлі" амаль што легалізаваны.

– Я вельмі люблю і дыні, і кавуны. І добра разумею жыхароў віцебскіх мікрараёнаў, якім зручна, каб прадукты прадаваліся недалёка ад дому, і не трэба было ехаць па іх на кірмаш. Але чаму нельга зрабіць так, каб імі гандлявалі нашы прадпрымальнікі – у адпаведных памяшканнях ці палатках, з санітарнымі кніжкамі ды сертыфікатамі якасці? – пытаецца Ірына Яскевіч.

Гэтае пытанне прадпрымальніца задавала і работнікам санстанцыі, і падаткавікам, і супрацоўнікам міліцыі. У адказ пачула толькі тое, што на вулічных гандляроў няма ніякіх сродкаў уплыву. У ранейшым кодэксе аб адміністрацыйных правапарушэннях за гандаль "з зямлі" было дазволена канфіскоўваць тавар, а ў новай рэдакцыі такога артыкула няма. Усе іншыя меры, у тым ліку прафілактычныя гутаркі, не дзейнічаюць.

Ірына Яскевіч упэўнена, што ў заканадаўстве патрэбныя змены, каб абараніць і правы прыватных прадпрымальнікаў, і правы спажыўцоў. Бо антысанітарныя ўмовы вулічнага гандлю могуць справакаваць сур’ёзныя захворванні ў насельніцтва. Што да прадпрымальнікаў, то яны лічаць несправядлівым, калі ад іх патрабуюць безліч папер і караюць штрафамі за іх адсутнасць або за няўплату падаткаў, тым часам як для "канкурэнтаў" усе гэтыя парушэнні даўно сталі нормай.

поделиться

Новости по теме

Новости партнёров