Івонка Сурвіла павіншавала беларусаў з Днём Волі

"Радыё Свабода"

Старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла выступіла са зваротам з нагоды угодкаў абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі.

Дарагія суродзічы!

Ад імя Рады Беларускай Народнай Рэспублікі вітаю вас з нашым слаўным Днём Волі – угодкамі абвяшчэння незалежнасці беларускай дзяржавы 25 сакавіка 1918 году!

Наш край аднавіў сваю Незалежнасць у 1991 годзе, на мапе свету з'явілася Рэспубліка Беларусь. Аднак гэта сталася магчымым толькі таму, што нашыя продкі здолелі ў 1918 годзе гучна заявіць свету, што ад гэтага часу Беларуская Народная Рэспубліка абвяшчаецца незалежнай і вольнай дзяржавай. Дзень 25 Сакавіка застанецца назаўсёды нашым найвялікшым дзяржаўным святам, святам нашай ідэнтычнасці, нашай гістарычнай памяці, нашай дзяржаўнасці.

Гэтымі днямі ўсе мы яшчэ перажываем падзеі, звязаныя з прэзідэнцкімі выбарамі ў Беларусі. Фальшаванне вынікаў галасавання, збіцьцё мірных дэманстрантаў, зняволенне соцень людзей, у тым ліку апазіцыйных кандыдатаў на пасаду прэзідэнта. Дык хачу прыгадаць вам словы вядомага беларускага святара а.Аляксандра Надсана: "На долю беларусаў выпала шмат цяжкіх выпрабаванняў. Колькі разоў, здавалася, яны стаялі на краі загубы. Тое, што, нягледзячы на ўсё, яны выжылі, сведчыць аб вялікай духовай сіле нашага народу".

Сёння гэтая духовая сіла ўвасабляецца ў тых дзяўчатах і хлапцах, жанчынах і мужчынах, што дзесяткамі тысяч выйшлі на Плошчу 19-га снежня, і ў тых людзях, якія актыўна ўключыліся ў кампанію салідарнасці з вязнямі рэжыму і якія выступаюць з патрабаваннем новых сумленных выбараў. Яны не дазволяць, каб Беларусь, незалежная беларуская дзяржава, згінула. Спробы дыктатара запалохаць людзей прымяненнем супраць іх збройнай сілай скончацца яго паразай.

Краіна наша выстаіць і зойме сваё годнае месца між дзяржаваў свету. Я моцна ў гэта веру й заклікаю кожнага з вас далучыцца да тых новых сілаў у нашым народзе, якія супрацьстаяць варожым нам ідэалогіям і менталітэту. Разам мы пераможам усе цяжкасці на шляху да волі і дабрабыту.

Жыве Беларусь!

поделиться

Новости по теме

Новости партнёров