Школьныя праблемы бацькоў

www.udf.by

Пры замарожаных на большасці прадпрыемстваў Беларусі заробках ды няпоўных працоўных тыднях пачатак навучальнага году стаў выпрабаваннем для тых, хто мае дзяцей школьнага ўзросту.

Цяжэй за ўсіх давялося сёлета бацькам першакласнікаў. Не маючы школьнай формы або нейкіх канцтавараў з мінулага году ім трэба было "пачынаць з нуля". Першы паход у краму прымусіў шмат каго з бацькоў схапіцца за галаву.

Каб годна і прыгожа адправіць дзіця першы раз у першы клас неабходна было запасціся "лішнім" мільёнам, а калі сціпла – мець паўмільёна. А калі вы не верыце, то давайце лічыць разам.

Каб вытрымаць неабходны для школы дзелавы стыль трэба набыць адпаведны строй (для хлопчыка – 135.000 – 195.000, для дзяўчынкі – 95.000 – 125.000), кашулю ці блузку (25.000 – 40.000 і болей, калі гэта блузка з карункамі або стразамі), але ж адной кашуляй не абысціся. Адпаведны дзелавому стылю дзіцячы абутак каштуе ў сярэднім 75.000.

Да гэтага трэба дадаць спартыўную форму (60.000 і болей), кеды (ад 35.000) або красоўкі (каля 100.000),
заплечнік (37.000 – 80.000), канцтавары (мінімум 80.000). І гэта яшчэ не ўсё! Спатрэбяцца калготы (толькі 2 пары каштуюць 20.000, а іх трэба болей), шкарпэткі, футболкі, а калі планаваць крыху наперад - куртка-вятроўка, швэдар ды цёплыя штаны, зімовая куртка, зімовыя боты.

Зразумела, у кожнай сям’і свой падыход. Прыкладам, маці першакласніка Ягора, перад пачаткам навучальнага году "залезла ў пазыкі дзяржаве":

-Я параілася з мужам, - кажа маладая жанчына, - і ўзяла ў ГУМе крэдыт. Там калі купляеш адразу на 350.000 і болей давалі беспрацэнтны крэдыт на тэрмін ад з да 6 месяцаў з першапачатковым унёскам 10% ад усяго кошту. Калі ж афармляць крэдыт на 9 месяцаў, то ён ужо не беспрацэнтны – трэба плаціць 12% гадавых з першапачатковым унёскам 20% ад кошту пакупкі. Ведаеце, я сама настаўніца і мой Ягор пайшоў у школу, дзе я працую. Мне хацелася, каб ён выглядаў вельмі прыстойна, не горш за іншых дзяцей, каб перад калегамі не было сорамна, таму купляла сыну самыя лепшыя рэчы. І, набраўшы ў ГУМе ўсяго амаль на мільён рублёў, палічыла за лепшае браць крэдыт на 9 месяцаў, бо заробкі ў нас з мужам не вялікія, ды яшчэ маленькая дачка ёсць – чатыры гады, за паўгода мы б не разлічыліся.

Маці першакласніцы Дашы, якая гадуе яе адна і мае заробак 600.000, вынайшла свой спосаб падрыхтоўкі дачкі да школы:

- Ёсць два "магічныя" словы – Second Hand. Не ведаю нават што б я рабіла без гэтых крамаў! Там я купіла Дашы дзве спадніцы і штонікі, прыдатныя для школы і ў прыстойным выглядзе, за 50.000, блузку за 15.000 і пару просценькіх кофтачак па 10.000 на змену блузцы. Туфлі набыла на "Полі цудаў" за 20.000. Заплечнік пакуль зусім не купляла, бо ў першым класе хатніх заданняў не даюць, шмат падручнікаў насіць не трэба, а калі што – хопіць звычайнага пакета. На фізкультуру ёсць што апрануць з “садаўскіх” запасаў, дарэчы таксама ўсё Second Hand. Ды й увогуле, я ж кажу, гэта галоўнае для мяне месца пакупак. Я і сабе там шмат што набываю. А што не новыя рэчы – не важна, там многае старое за кошт добрай якасці выглядае лепш чым новае беларускай вытворчасці.

Аднак першапачатковае школьнае "ўзбраенне" – толькі адзін бок праблемы. Насамрэч складанасці пачынаюцца як толькі бацькі задумваюцца ў якую школу ці гімназію аддаць дзіця. Паказальны ў гэтым плане вопыт спадарыні Алены, маці шасцігадовага Глеба:

- Мы з мужам спачатку хацелі аддаць сына ў гімназію, - распавядае Алена, - бо там лепшы ўзровень навучання. Выбралі гімназію не далёка ад дому, прэстыжную, з якой, можна сказаць, прамая дарога ў ВНУ. Але ж пасля бацькоўскага сходу перад пачаткам навучальнага году я была ў шоку! Прычым шок пачаўся як толькі я пераступіла парог актавай залы, дзе адбываўся сход. Там быў самы сапраўдны фэйс-кантроль бацькоў! Уявіце поўную залу маладых жанчын, сярод якіх зрэдку трапляюцца мужчыны (на сходы часцей ходзяць маці чым бацькі), апранутых як на свята, у золаце, з дарагой парфумай, а многія, тыя што сядзяць на першых радах, дэманстратыўна трымаюць у руках дарагія мабільнікі і ключы ад машыны. А я, як белая варона, прыбегла з працы ў джынсах і леташніх стаптаных басаножках! І мабільнікам асабліва пахваліцца не магу, і машыны ў мяне няма.

Потым агледзілася, былі яшчэ некалькі такіх жа як я, але літаральна тры-пяць жанчын. А ад выступу дырэктара мне зусім кепска стала! Аказалася што толькі каб залічылі дзіця ў гімназію трэба прынесці 40 даляраў, ці то на рамонт, ці то яшчэ на нешта, а пасля яшчэ цягам году здаваць і здаваць… Карацей, аддалі мы Глеба ў звычайную школу. Тут канешне таксама трэба раскашэльвацца, але не параўнальна з гімназіяй.

Цягам навучальнага году бацькоўскія грошы ідуць на шмат якія неабходныя ў рознай ступені рэчы: на рамонт і афармленне класа ды на нейкія гаспадарчыя прылады (рукамыйнік, папяровыя ручнікі, сурвэткі і туалетную паперу, вадкае мыла, жалюзі) – на гэта ў выніку мінімум 200.000, на тэсты і камплекты падручнікаў з дыскамі па замежнай мове (ўсё разам каля 100.000), на абеды, прадлёнку, на экскурсіі, правядзенне святаў, падарункі настаўнікам і г.д.

А летась з’явілася яшчэ адна форма бацькоўскага ўнёску – 50.000 на дапамогу школе ў час крызісу. Прычым гэта афіцыйна зацверджана, нават квіткі адпаведныя надрукавалі, каб бацькі, аплочваючы на поште або ў банку, не блыталіся ў фармулёўцы патрэбы ды правільна ставілі суму аплаты. Памятаю, як на бацькоўскім сходзе (сама маю дачку – навучэнку пачатковай школы), даведаўшыся аб неабходнасці такім чынам дапамагчы школе ў цяжкі крызісны час, адна маці ў роспачы ўсклікнула: "Так у нас жа, у бацькоў, таксама крызіс!" … Цікава, якім коштам абыдзецца бацькам "крызісная дапамога" школе сёлета. Неўзабаве даведаемся.

Марыя Рудкоўская

поделиться

Новости по теме

Новости партнёров