Беларускае ноў-хаў: грамадскія слуханні без удзела грамадства

www.udf.by

9 кастрычніка прадстаўнікі ўлады запытаюць у людзей, ці патрэбна ім АЭС. Размова пройдзе ў новым для Беларусі фармаце агульнарэспубліканскіх грамадскіх слуханняў у самай вялікай залі горада Астравец, дзе і мяркуецца збудаваць станцыю.

Дырэктар дэпартаменту па энергетыцы Мікалай Груша праз журналістаў запрасіў усіх жадаючых узяць удзел у гэтай дыскусіі і паабяцаў выслухаць усе аргументы прадстаўнікоў грамадскасці. Але актывісты антыядзернага руху кажуць, што аніякай дыскусіі не выходзіць, а некаторыя з іх нават заклікаюць байкатаваць падобныя слуханні.

Адзін з аўтараў крытычных заўвагаў на афіцыйную справаздачу аб уплыве АЭС на асяроддзе, эколаг з Расіі Андрэй Ажароўскі мяркуе, што грамадскія слуханні ў Беларусі могуць прайсці па расійскаму сцэнару:

- Атамным прапагандыстам няма чаго адказаць на нашы аргументы, таму выкарыстоўваецца сіла. У сваёй краіне часта назіраю сур’ёзнае супрацьдзеянне у адносінах да незалежных экспертаў. Былі выпадкі адымання крытычных матэрыялаў, затрымання людзей.

Нібы ў пацверджанне гэтых слоў актывіст анціядзернага руху з Астраўца Іван Крук сведчыць, што неаднойчы ў сувязі з яго ўдзелам у антыядзернай кампаніі ў яго кватэры праводзіліся вобшукі, а за распаўсюд улётак пра немэтазгоднасць пабудовы АЭС яго аштрафавалі. У эфектыўнасць грамадскіх слуханняў ён не верыць:

- Шмат хто супраць АЭС з мясцовых людзей, але яны маўчаць і баяцца выказацца, бо засцерагаюцца пераследу і рэпрэсій.

А вось Ірына Сухій з арганізацыі "Экодом" верыць, што сітуацыю можна пераламіць:

- Спадзяюся, што дыялог атрымаецца, але калі нашы заўвагі будуць праігнараваныя, то Беларусь парушыць адразу дзве падпісаныя ёй канвенцыі. Таму мы можам апеляваць да міжнароднага заканадаўства і судзіцца, тым самым перашкаджаць працэсу будаўніцтва АЭС.

Эколаг Валерый Дранчук наадварот лічыць, што прапанаванае ўладамі грамадскае абмеркаванне – гэта спроба загнаць апанентаў у пастку:

- Наша пазіцыя - ніякіх абмеркаванняў, калі ад пачатку не захаваная ключавая канвенцыя, калі ўлада брутальна яе адпрэчыла. Сваёй пазіцыяй мы павінны адстаяць пытанне № 1 - аб мэтазгоднасці дазволу будаваць АЭС. Гэта значыць, сёння нашай пазіцыяй можа быць патрабаванне нулявога варыянта.

Алесь Пехціеў

поделиться

Новости по теме

    Ціск на астравецкага актывіста

    Актывіст Руху "За Свабоду" Іван Крук з Астраўца паскардзіўся на неправамерныя дзеянні міліцыянтаў і супрацоўнікаў дзяржбяспекі ў абласную, Генеральную пракуратуру і Гродзенскае УКДБ.подробности

Новости партнёров