Згодна з правіламі перапісу беларусаў у Беларусі можа не аказацца

www.udf.by

Беларускія мовазнаўцы называюць непрымальнай расшыфроўку дзесятага пункту ў перапісным лісце, у якім паняцце "родная мова" расшыфроўваецца, як "мова, засвоеная першай у раннім дзяцінстве".

У 1999 годзе, калі праводзіўся апошні перапіс насельнітцва, беларускую роднай мовай назвалі больш за 85 працэнтаў насельніцтва. Тады пытанне ставілася проста – "ваша родная мова". На перапісе-2009 ля гэтага пытання з’явілася расшыфроўка - "мова, засвоеная першай у раннім дзяцінстве".

Арганізатары перапісу лічаць, што гэтае тлумачэнне дапаможа беларусам лепш зразумець, як адказваць на гэтае пытанне.

- Мы кіраваліся рэкамендацыямі ААН, у якіх так трактуецца родная мова. Гэта расшыфроўка для тых людзей, якія не могуць вызначыцца з роднай мовай самастойна, - заявіла на прэс-канферэнцыі Святлана Наваселава, што кірае упраўленнем перапісу насельніцтва. Беларускія інтэлектуалы з гэтай нагоды абураюцца.

- Не трэба рабіць з беларусаў дэбілаў, - заявіў www.udf.by пісьменнік і гісторык Уладзімір Арлоў. - Кожны нармальны чалавек здольны адказаць на пытанне пра родную мову без расшыфровак і падказак. Складальнікі анкетаў не разумеюць простай рэчы: родная мова – не тая, якую засвоіў першай. Я сам першай у дзяцінстве засвоіў рускую, але ж роднай для мяне бясспрэчна з’яўляецца беларуская.

Старшыня ТБМ Алег Трусаў кажа, што яго арганізацыя выказвала пратэст з гэтай нагоды арганізатарам перапісу, але расшыфроўку ў лістах усё адно пакінулі:

- Няўжо беларусы сталі дурнейшымі за 10 год, што ім трэба тлумачыць што ёсць родная мова. Габрэі, напрыклад, могуць не размаўляць на іўрыце, але адкажуць, што гэта іх родная мова. Гэта зроблена спецыяльна з мэтай паблытаць людзей, каб яны называлі роднай рускую мову.

Палітык і мовазнаўца Вінцук Вячорка не лічыць, што дадзеная рэкамендацыя ААН пасуе да беларускай сітуацыі:

- Рэкамэндацыі ААН разлічаныя на краіны, якім трэба развівацца ў інфармацыйным плане, у нас няма тэхнічнай патрэбы ўводзіць такую расшыфроўку, бо яна непрымальная для краіны са складанай моўнай сітуацыяй. Мова тут выступае найперш як каштоўнасць, да якой чалавек можа вярнуцца нават праз адно ці два пакаленні. А пры такой пастаноўцы могуць разгубіцца нават тыя, хто карыстаецца беларускай гаворкай ці дыялектам, бо яны пабаяцца лічыць беларускай тую мову, на якой размаўляюць з дзяцінства, бо яна не ёсць літаратурнай.

Мовазнаўцы засцерагаюцца, што ў выніку перапісу можа атрымацца скажоная карціна, якая не будзе сведчыць пра рэальную моўную самаідэнтыфікацыю беларусаў.

Сяргей Нятрэба

поделиться

Новости по теме

    Падтрымай родную мову

    «Белсат» стварыў відэаролікі, у якіх заклікае выбіраць беларускую мову падчас перапісу насельніцтва. Мэта кампаніі – заахвоціць гледачоў каналу ў адказах на пытанні «10. Ваша родная мова» і «11. На якой мове Вы звычайна размаўляеце дома» пазначацьподробности

Новости партнёров