Севярынец: БХД не збіраецца паліць кнігі

"МЫ"

Лідэр "Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі" Павал Севярынец на сайце сваёй партыі адказаў на абвінавачванні ў адрас хадэкаў як з боку ўладаў, так і некаторых апазіцыйных і грамадскіх актывістаў.

- Апошнім часам супраць БХД распачалася прапагандысцкая кампанія – сюжэт ад 27 верасня па БТ, артыкул ад 13 кастрычніка ў “Советской Белоруссии”, лісты і артыкулы некаторых апазіцыйных актывістаў. З чым гэта звязана па Вашаму?

- Прычына ўсёй гэтай хвалі прапаганды і паклёпаў – гэта страх і рэжыму, і некаторых апазіцыянераў перад "Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыяй". Партыя за апошні год вырасла больш як у чатыры разы, усталявала стасункі з хрысціянскімі цэрквамі, наладзіла партнёрскія дачыненні з найбуйнейшымі хрысціянска-дэмакратычнымі партыямі Еўропы. У Беларусі запатрабаваная новая сіла, якая будуецца на хрысціянскіх каштоўнасцях. Таму мы і набіраем абароты. І чым бліжэй да нашага з’езду 31 кастрычніка, тым больш бруду будзе вылівацца на партыю. Зрэшты, гэта дадатковая рэклама БХД.

- З’явіліся і абвінавачванні БХД у таталітарнасці. Маўляў, жорсткая іерархія, безумоўнае падпарадкаванне, таталітарная ідэалогія і г.д. Што можаце адказаць на гэтыя закіды?

- "Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя" – гэта партыя, якая будуе сваю дзейнасць і гатовая будаваць краіну на падмурку хрысціянскіх каштоўнасцяў і, безумоўна, дэмакратыі. У партыі чатыры сустаршыні, то бок поўная калегіяльнасць. Пра якую іерархію тут можа ісці размова? Сярод сябраў партыі - 41 адсотак праваслаўных, 30 адсоткаў пратэстантаў, 22 адсоткі каталікоў. Можна ўпэўнена сказаць, што БХД – самы паспяховы міжканфесійны праект у Беларусі. І за чатыры гады працы - ніводнага міжканфесійнага канфлікту.

Больш за ўсё пра наш адкрыты дэмакратычны характар кажа тое, што БХД ініцыявала кампанію "За свабоду веравызнання". Разам з цэрквамі мы сабралі больш за 50.000 подпісаў. Мы адкрытыя і да крытыкі, і да супрацоўніцтва.


Звесткі пра тое, што мы выступаем супраць міжнацыянальных шлюбаў, плоцім "партыйную" дзесяціну, палім кнігі – бессаромная хлусня: і смех, і грэх.

- Некаторыя апазіцыянеры абвінавачваюць БХД у тым, што партыя вельмі шчыльна супрацоўнічае з цэрквамі, улады кажуць, што сувязі БХД і цэркваў вельмі слабыя. Якія сапраўды стасункі паміж БХД і цэрквамі?

- Лік тых прыходаў, парафіяў і грамадаў, што супрацоўнічаюць з БХД, ужо ідзе на сотні. Праваслаўная Царква
заявіла афіцыйны пратэст наконт нібыта пазіцыі БПЦ у паклёпніцкім сюжэце на БТ. Разам з каталікамі і пратэстантамі мы збіралі подпісы “За свабоду сумлення” і за вяртанне вернікам касцёлу Святога Язэпа ў Менску. Праваслаўная і ўсе пратэстанцкія цэрквы падтрымалі нас у кампаніі супраць магіі і акультызму ў СМІ. Царква здольная падтрымліваць маральны клімат у Беларусі і выконваць найважнейшыя сацыяльныя функцыі ў моцнай дзяржаве – гэта дабрачыннасць, гэта выхаванне, адукацыя, ахова здароўя, захаванне нацыянальнай культуры і традыцый. Хрысціянскія каштоўнасці самі па сабе ні адкуль не бяруцца, яны фармуюцца Царквой.


- Пішуць, што вы нецярпімыя да акультызму, да экстрасэнсаў. Як гэта спалучаецца з дэмакратычнасцю?

- З дапамогай розных экстрасэнсаў сённяшні рэжым адстойвае рабскую псіхалогію для сваіх грамадзянаў. Акультныя і магічныя рытуалы, распаўсюджаныя ў нашым грамадстве, здольныя падаўляць асабістую свядомасць. Заўважу, што акультызм забаронены ў развітых дэмакратычных краінах. І мы лічым яго недапушчальным. Кожны мае права займацца нейкімі рытуаламі ў сябе дома, але не навязваць гэта людзям з дапамогай рэкламы. І дзякуй Богу, што з дапамогай цэркваў год таму нам удалося ўнесці змены ў “Закон аб рэкламе” у той частцы, якая тычыцца рэкламы магіі і чарадзейства.

Мы здолелі перамагчы вельмі ўплывовае лобі ва ўладных структурах, бо вядома, што ў гэтым "бізнэсе" круціліся вялікія грошы.


- Некаторыя звяртаюць увагу на тое, што БХД узнікла нечакана, быццам бы ніадкуль...

- "Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя" працягвае традыцыі партыі, што дзейнічала ў 1920-я – 30-я гады. Гэта была партыя, якая пераняла ад Рады Беларускай народнай рэспублікі сцяг незалежнасці, патрыятызму і дэмакратыі. У той час у Заходняй Беларусі дзейнічалі толькі падтрыманыя Масквой сацыялісты ды камуністы, а іхным канкурэнтам была наймацнейшая незалежніцкая партыя БХД. Мы аднаўляем "Беларускую Хрысціянскую Дэмакратыю", партыйную газету "Крыніца", шануем памяць былых лідэраў БХД, загінулых ад рук камуністаў і фашыстаў. Мы адрадзілі і імя, і асноўныя праграмныя палажэнні БХД. І мы верым, што "Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя" стане буйнейшай і найбольш уплывовай палітычнай сілай у Беларусі.

- Якія найбліжэйшыя планы ў БХД?

- 27 кастрычніка пройдзе прэзентацыя незалежніцкай кааліцыі, адным з ініцыятараў стварэння якой выступіла БХД, 14 лістапада БХД разам з Рухам "За Свабоду" і іншымі палітычнымі суб’ектамі праводзіць Беларускі Еўрапейскі Форум. 31 кастрычніка пройдзе галоўнае мерапрыемства для хрысціянскіх дэмакратаў гэтай восені – з’езд БХД, на якім мы вырашым пытанні ўдзелу хрысціянскіх дэмакратаў у найбліжэйшых палітычных кампаніях у краіне.

поделиться

Новости по теме

    Канферэнцыя АДС Берасцейскай вобласці

    У суботу ў горадзе над Бугам адбылася канферэнцыя Аб'яднаных дэмакратычных сіл Берасцейскай вобласці. У ёй прынялі ўдзел старшыня Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, старшыня Партыі камуністаў беларускай Сяргей Калякін.подробности

Новости партнёров