У БХД узнікла "блакітная" праблема

"МЫ"

Частка сяброў "Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі" пакрыўдзілася на непаслядоўную, на іх думку, пазіцыю сустаршыні БХД Віталя Рымашэўскага да сэкс-меншасцяў.

Кіраўніцтва БХД вядомае сваёй прынцыповай пазіцыяй да нетрадыцыйнай сэкс-арыентацыі. Згодна з хрысціянскімі пастулатамі аднаполы сэкс ёсць грэх, пра што заяўляюць і лідэры беларускіх хрысціянскіх дэмакратаў.

Але нечакана адзін з самых вядомых барацьбітоў за чысціню палавых стасункаў Віталь Рымашэўскі вельмі лаяльна адазваўся падчас сваёй вэб-канферэнцыі на афіцыйным сайце БХД пра гомасэксуалістаў. Што і выклікала абурэнне ў каментарах шараговых сяброў партыі.

У пытанні Рымашэўскаму вялося пра перамены ў нямецкім кіраўніцтве, дзе намеснікам Ангелы Меркель (ХДС/ХСС) стаў лідэр "Свабодных дэмакратаў" Гвіда Вэстэрвеле, па арыентацыі – гей. Наведнік сайту параіў не ездзіць больш хадэкам Беларусі ў Галандыю ды Нямеччыну, а накіравацца ў Манголію, маўляў, там з "блакітнымі" менш пытанняў.

Прыводзім адказ Віталя Рымашэўскага:

- Упэўнены, што ніхто з кіраўнікоў БХД гамафобіі ня мае. Разглядаць гомасексуалізм як грэх , згодна са сваімі рэлігійнымі перакананнямі мае права любы чалавек. Гэтае права называецца Правам на свабоду сумлення, і запісанае яно ў Дэкларацыю Правоў Чалавека.

Мушу Вам распавесці наступную рэч: караць некага толькі за тое, што ён гомасексуаліст, альбо за тое, што нехта лічыць гомасексуалізм грахом – гэта грубае парушэнне фундаментальных правоў чалавека. Так рабілі нямецкія нацысты і савецкія камуністы: яны кідалі ў канцлагеры людзей за іх сэксуальную арыентацыю і за рэлігійныя перакананні.

Магу Вас запэўніць, што Партыю БХД зусім не турбуе, што той ці іншы палітык робіць у сваім ложку. Таму, мушу Вас расчараваць, ніякіх праблемаў з нашай сяброўскай партыяй -- нямецкімі хрысціянскімі дэмакратамі, не прадбачыцца.


Пры гэтым Рымашэўскі пазначае:

- Іншая справа – прапаганда паводзінаў, якія зневажаюць этычныя нормы, прынятыя грамадствам. У кожнага народа, у кожнай дзяржавы гэтыя нормы, як і іншыя законы розняцца. Так, напрыклад, у ЗША Вас могуць пакараць за распіццё напояў у публічным месцы, чаго не зробяць у Нідэрландах, у Нідэрландах вы можаце прадаваць і ўжываць наркотыкі, а ў Ангельшчыне за гэта Вы трапіце за краты.

Кожная дзяржава, кожны народ, як і кожны чалавек, мае права выбіраць свой шлях, свае этычныя нормы.
Таму як палітыкі, мы павінны і мы заўсёды будзем выступаць за захаванне і павагу да каштоўнасцей і этычных нормаў, прынятых беларускім грамадствам, нормаў, якія адпавядаюць хрысціянска-дэмакратычным поглядам.

І ў адрозненне ад усіх іншых палітычных сілаў, БХД дазваляе сабе раскошу не хаваць сваіх перакананняў, таму мы адкрыта кажам аб сваёй пазіцыі як у Беларусі, так і за яе межамі. Не ведаю ніводнай палітычнай сілы ў Беларусі, якая б выступала за легалізацыю аднаполых шлюбаў і т.п. Таму дзіўна, што многія "добразычліўцы" акцэнтуюць увагу ў гэтым пытанні менавіта на БХД.


На думку каментатараў, гэты адказ сведчыць пра непаслядоўнасць аднаго з лідэраў БХД:

- Але ж культурныя каштоўнасці, у адрозненні ад слоў Бога, сапраўдны адносныя, змяняюцца ў часе. І можна зрабіць выснову, што праз нейкі час Рамашэўскі і БХД зменяць сваю пазіцыю па пытанню гомасэксуалізма, калі грамадскае меркаванне раптам падтрымае апошняе.

Зрэшты, каментары паказваюць даволі бескампрамісную пазіцыю шарагоўцаў БХД у адносінах да гэтага пытання: "Прынамсі мне захацелася спыніць сваё сяброўства пасля такіх вашых заяваў", "Вельмі добра, што я прачытаў гэта да таго, як паставіў подпіс заснавальніка. Не хачу быць заснавальнікам такога... Пачынаю думаць, што сапраўды дарма прысвяціў столькі часу і сілаў БХД, калі такая пазіцыя ёсць пазіцыяй партыі!", "І права быць геем Бог нікому не даваў, а вось адстойваць тое, што гомасэксуалізм ёсць грэх - гэта наш фундаментальны абавязак як хрысціянаў. Калі вы сябе такім называеце, то і ваш таксама. Пры такіх абставінах тады паўстае пытанне аб сяброўстве ў БХД".

Разглядаецца і такая версія, што Рымашэўскі не хоча псаваць стасункі з заходнімі (больш лаяльнымі да сэкс-меншасцяў) партнёрамі БХД.

Дарэчы, ваяўнічая пазіцыя хадэкаў да сэкс-меншасцяў зноў жа можа быць скарыстаная дзяржаўнай прапагандай (і апазіцыйнымі лібераламі) у сваёй кампаніі супраць БХД. Ды і ўвогуле – незразумела, чаму гэтай праблеме надаецца такое значэнне – геяў ды лесбіянак у Беларусі, здаецца, вельмі невялікі працэнт ад насельніцтва. Калі казаць пра прапаганду аднаполай любові, дык ці не сама БХД сваім стаўленнем да гэтага і робіць рэкламу мізэрнай колькасці гомасэксуалістаў у беларускім грамадстве?

А дыскусія вакол адказа Рымашэўскага сведчыць пра тое, што яшчэ незарэгістраваная партыя мае ўжо шмат праблемаў – як на ўзроўні кіраўнікоў, так і сяброў БХД.

поделиться

Новости по теме

    Што адбываецца з Мікалаем Аўтуховічам?

    Для ваўкавыскага прадпрымальніка Мікалая Аўтуховіча, які ўтрымліваецца ў мінскай турме, Дзень Незалежнасці стаў 79 днём галадоўкі. Што адбываецца з чалавечым арганізмам, які столькі дзён не атрымлівае ежу? На гэта пытанне адказвае доктар медыцынскіхподробности

Новости партнёров