Незалежніцкі блок будзе змагацца не з Лукашэнкам, а з Калякіным

www.udf.by

У аўторак прадстаўнікі шэрагу палітычных структураў і незарэгістраваных аб’яднанняў мусяць падпісаць Дэкларацыю аб стварэнні Беларускага Незалежніцкага Блоку.

Да кааліцыі плануюць далучыцца Партыя БНФ, "Малады Фронт", "Правы Альянс", рух "За Свабоду", аргкамітэты Партыі свабоды і прагрэсу і Беларускай хрысціянскай дэмакратыі, рух салідарнасці "Разам", рух "Маладая Беларусь" і МХСС "Маладыя дэмакраты".

У сваёй Дэкларацыі прадстаўнікі "беларускіх незалежніцкіх сілаў" адзначаюць, што "эфектыўнае палітычнае супрацоўніцтва магчымае толькі на глебе супольных ідэйных перакананняў".

Галоўнымі мэтамі кааліцыі з’яўляюцца:

- абарона незалежнасці Рэспублікі Беларусь;

- вяртанне нашай краіны на шлях дэмакратычнага развіцця і правядзенне свабодных выбараў;

- захаванне і развіццё беларускай мовы і культуры;

- раўнапраўнае партнёрства Беларусі з іншымі краінамі пры прыярытэце стратэгічнага супрацоўніцтва з краінамі Еўразвязу.


Сыходзячы з гэтага, суб'екты БНБ будуць каардынаваць сваю працу пры падрыхтоўцы і правядзенні палітычных і грамадскіх кампаніяў па зменах заканадаўства, ініцыяванні рынкавых рэформаў, забеспячэння свабоды сумлення, свабоды асацыяцый і сходаў, а таксама дзейнасці незалежных СМІ.

Новы блок будзе таксама падтрымліваць палітвязняў і праводзіць працу, накіраваную на спыненне палітычных рэпрэсій, беларусізацыю навучальных устаноў, сродкаў масавай інфармацыі, іншых дзяржаўных і грамадскіх арганізацый Беларусі. Сярод прыярытэтаў БНБ пазначана таксама "наладжванне стратэгічнага супрацоўніцтва з краінамі "Усходняга партнёрства" і Еўразвязу" і "асуджэнне таталітарных ідэалогіяў камунізму і фашызму як антыгуманных, злачынных і амаральных, якія супярэчыць агульнапрынятым прынцыпам і каштоўнасцям чалавечага грамадства".

У праекце пагаднення падкрэсліваецца, што блок з'яўляецца адкрытым для далучэння ўсіх суб’ектаў беларускага дэмакратычнага руху, якія жадаюць прыняць удзел у яго дзейнасці і падтрымліваюць мэты і каштоўнасці, адзначаныя ў гэтым пагадненні.

Павал Воля

поделиться

Новости по теме

Новости партнёров