Лукашэнка: Мы прымаем 12 патрабаванняў Еўрасаюза

Радыё Свабода

Кіраўнік дзяржавы не бачыць перашкодаў для рэалізацыі прапановаў Еўрасаюза, але ў рамках Канстытуцыі і з улікам нацыянальных інтарэсаў.

"Давайце не будзем хаваць: еўрапейцы ад нас патрабуюць, і патрабаванняў гэтых хапае. Нядаўна, падчас сустрэчы з прадстаўнікамі ЕС я сказаў, што ў нас няма абсалютна ніякай алергіі і адпрэчвання што да тых прапаноў, якія ўносіць ЕС", — сказаў А.Лукашэнка сёння на нарадзе па ўдасканаленню выбарчага заканадаўства.

Паводле Лукашэнкі, "нам трэба няшмат часу, і гэтыя 12 ці 15 прапаноў ЕС можна спакойна прыняць, без шкоды для нашай краіны, нашай унутранай палітыкі".

Ён заявіў, што "ў ЕС, Расіі, ЗША нам намякаюць на тое, што нешта недзе трэба падкарэктаваць".

"Мы не супраць, дзякуй, што падказваеце", — заявіў А.Лукашэнка.

Паводле А.Лукашэнкі, усё робіцца "дзеля сябе, дзеля народа, для ўнутранай палітыкі, каб не дэстабілізаваць становішча".

Апроч таго, усё павінна адпавядаць Канстытуцыі.

Ён адзначыў, што няма неабходнасці праводзіць яшчэ адзін рэферэндум па зменах Канстытуцыі.
Лібералізацыя выбарчага заканадаўства не павінна прывесці да палітычных беспарадкаў і анархіі падчас маючых адбыцца выбарчых кампаній.

У траўні Аляксандр Лукашэнка пра прапановы Еўразвяза казаў зусім іначай

"Гэтыя 12 крокаў тут нарадзіліся, гэта не вашыя 12 умоваў. Гэта тут напісалі і перадалі туды невялікага розуму людзі, якія раілі кіраўнікам Еўрасаюза выкарыстаць гэта ў адносінах да Беларусі", — заявіў Лукашэнка ў інтэрв'ю Reuters.

"Гэта настолькі наіўныя і непрымальныя прапановы для нас, што проста смешна… Гэтыя прапановы тут фармавалі тыя людзі, якія не жадалі нармалізацыі стасункаў Беларусі і ЕС. Мы ведаем пра гэтыя прапановы — зламаць выбарчае заканадаўства, зламаць заканадаўства пра СМІ, усё зламаць, распусціць і гэтак далей", — сказаў кіраўнік краіны.

"Чаму вы не патрабуеце ад Расіі зламаць заканадаўства — яно ў іх яшчэ больш жорсткае? Чаму вы зыходзіце з дваістых стандартаў?" — задаваў пытанні Лукашэнка.

"Калі б мы мелі такія носьбіты, як Расія ці Казахстан, то і да нас бы па‑іншаму ставіліся. Ці можна так ставіцца да Расіі, калі яна табе пастаўляе энерганосьбіты?" — адказваў сам сабе кіраўнік Беларусі.

"Дваістыя стандарты — гэта ад разявацтва еўрапейскіх чыноўнікаў", — быў перакананы Лукашэнка. "Калі б яны думалі перад тым, як прымаць рашэнні, былі бы адказнымі, то яны б такіх рашэнняў не прымалі".

12 патрабаванняў Еўрасаюза да ўладаў Беларусі

Еўрасаюз патрабуе, каб:

1. Паважалі права народа Беларусі выбіраць сваіх лідэраў дэмакратычным шляхам — іх права чуць усе меркаванні й бачыць усіх кандыдатаў на выбары; права апазіцыйных кандыдатаў і групаў падтрымкі праводзіць кампаніі без ціску, судовага пераследу або турэмнага зняволення; незалежнае назіранне за выбарамі, у тым ліку з боку беларускіх няўрадавых арганізацыяў; права на волевыяўленне й права на справядлівы падлік галасоў.

2. Паважалі права народа Беларусі на незалежную інфармацыю, а таксама на свабоду слова, у прыватнасці, каб улады давалі журналістам магчымасць працаваць без ціску або судовага пераследу, не закрывалі газетаў і не заміналі іх распаўсюджванню.

3. Паважалі правы грамадскіх арганізацыяў як жыццёва важнай часткі здаровай дэмакратыі — не ўскладнялі іх законнага існавання, не ціснулі на сябраў грамадскіх арганізацыяў, не пераследавалі іх і дазвалялі ім атрымоўваць міжнародную дапамогу.

4. Вызвалілі ўсіх палітычных зняволеных — сябраў дэмакратычных апазіцыйных партыяў і звычайных грамадзянаў, арыштаваных падчас мірных дэманстрацый і сустрэчаў.

5. Належным чынам правялі незалежнае расследаванне або перагледзелі выпадкі са знікненнем грамадзянаў.

6. Забяспечылі права народа Беларусі на незалежную і непрадузятую судовую сістэму, у якой над суддзямі не чыніўся б палітычны ціск, не праводзіліся адвольныя і неабгрунтаваныя крымінальныя пераследы і не прымаліся палітычна матываваныя рашэнні — такія, як арышт грамадзянаў, якія мірна выказваюць свае погляды.

7. Спынілі адвольныя арышты, затрыманні й прыніжальнае абыходжанне з людзьмі.

8. Паважалі правы грамадзянаў Беларусі, якія належаць да нацыянальных меншасцяў.

9. Паважалі працоўныя правы грамадзянаў Беларусі — у прыватнасці, іх права на сяброўства ў прафсаюзах — і давалі прафсаюзам магчымасць бараніць правы чалавека.

10. Паважалі правы грамадзянаў Беларусі на прадпрымальніцкую дзейнасць без празмернага ўмяшання ўладаў.

11. Следам за іншымі народамі Еўропы забаранілі пакаранне смерцю.

12. Выкарысталі падтрымку, якую прапаноўваюць Беларусі АБСЕ, ЕС і іншыя арганізацыі, каб дапамагчы ёй захоўваць правы чалавека.

поделиться

Новости по теме

Новости других СМИ

Комментарии временно отключены в связи с обострением общественно-политической ситуации в Беларуси. Мера направлена на предотвращение провокаций — во избежание нарушения наших правил комментирования. Мы планируем вернуть возможность комментирования после урегулирования ситуации в стране.

Дорогие читатели, приносим свои извинения за неудобства! Вы по-прежнему можете вести дискуссии на страницах UDF.BY в соцсетях. Подписывайтесь на нас в Facebook, «ВКонтакте» и Twitter!