Еўрапейскі форум атрымаўся палітычным шоў

"Салідарнасць"

Еўрапейскі форум, які адбыўся 14 лістапада у сталічным Палацы культуры МАЗ, не вырашыў ні адной канкрэтнай задачы. Затое дэлегаты пабачылі саліднае палітычнае шоў. Беларускі незалежніцкі блок патрабаваў зрабіць яго ўдзельнікам дыялога Беларусі і еўраструктур. А Аляксандр Мілінкевіч фактычна абвясціў пра пачатак кампаніі па вылучэнні кандыдатам у прэзідэнты.

Форум, галоўным ініцыятарам якога быў Рух "За свабоду", сабраў каля 800 дэлегатаў з амаль усіх рэгіёнаў краіны і групу ганаровых гасцей. Віцэ-маршалак Сенату Польшчы Збігнеў Рамашэўскі, віцэ-старшыня Еўрапейскай народнай партыі Карын Вортман-Кооль, дэпутат Бундэстагу Мануэль Зарацын і іншыя паспрабавалі дадаць беларускім удзельнікам мерапрыемтсва аптымізму ў іх намаганнях стаць паўнапраўнымі ўдзельнікамі дыялогу ўлад і еўраструктур.

З выступаў палітыкаў як найбольш жвавую можна вылучыць прамову сустаршыні аргкамітэта па стварэнні партыі "Беларуская Хрэсціянская Дэмакратыя" Паўла Севярынца. Ён адзначыў: "Сённяшні рэжым – бязбожны, нехрысціянскі, нееўрапейскі і небеларускі… Ён ухваляе Леніна і Сталіна. Нават ягоны штаб знаходзіцца на Карла Марка, 38. Тут вам і Карл Маркс, тут вам і 38 год".

Пасля смеху і апладысментаў у залі Павел Севярынец у імгненне вызваліў дэлегатаў форума ад нападак з боку калег па апазіцыйным лагеры.

– Перад форумам мне давялося пачуць, што ў гэтай залі збяруцца тыя, хто ўжо даўно пра ўсё дамовіўся з рэжымам. Таму давайце зараз усе разам адкажам на простыя пытанні. Гучна і дружна, каб пачулі усе, хто сумняецца, каб пачулі на Карла Маркса, 38. Ці верыце вы ў тое, што сённяшняя ўлада можа збудаваць еўрапейскую Беларусь?

– Не! – выбухнула зала.

– Ці лічыце вы, што будаваць незалежную, дэмакратычную, еўрапейскую Беларусь на грунце хрысціянскіх каштоўнасцей мусім мы самі?

– Так!

Асноўную частку Еўрапейскага форума заняла праца тэматычных секцый "Палітыка", "Эканоміка" і "Грамадства". Скончыўся форум прамовай лідэра Руху "За свабоду" Аляксандра Мілінкевіча.

Паралелі напрашваліся самі сабою: амаль роўна 4 гады таму ў гэтым месцы ён быў абраны адзіным кандыдатам ад аб’яднаных дэмакратычных сіл на прэзідэнцкія выбары 2006 года. Паралелі сваім выступам пацвердзіў і палітык.

– Сёння я кажу: я гатовы ісці на выбары. Я маю дастаткова сілаў, я маю досвед, – адзначыў Аляксандр Мілінкевіч. – І калі параўнаць выбары, што будуць у 2011 годзе, з выбарамі 2006-га, то я лічу, што новыя выбары будуць для нас прасцейшымі і лягчэйшымі.

У размове з журналістамі палітык растлумачыў: па-першае, падчас эканамічнага крызісу рэжым робіцца слабым. Па-другое, на мінулых прэзідэнцкіх выбарах ён не мог шчыра адказаць на пытанні выбарцаў пра тое, якой ён бачыць будучыню Беларусі – бо быў зьвязаны кааліцыяй, куды ўваходзілі і камуністы.

Адзначым таксама, што па выніках форума была прынята праграма дзеянняў для спрыяння набліжэння Беларусі да Еўрапейскага саюза. Сенсацыйных пунктаў яна не ўтрымлівае.

Аналітык Аляксандр Класкоўскі ў інтэрв’ю "Салідарнасці" зрабіў выснову: Еўрапейскі форум быў найперш піяраўскім мерапрыемствам.

– Ніякіх канкрэтных задач форум не вырашаў. Таму і драматургія мерапрыемства была не вельмі цікавай, – сказаў аналітык. – Але форум не стаў андэграўднай тусоўкай. Гэта было добраарганізаванае палітычные шоў.

Па меркаванні Аляксандра Класкоўскага, насамрэч форум пераследваў дзве мэты. Першая – паказаць і ўладзе, і еўраструктурам, што ў краіне ёсць згуртаваныя сілы, якія выступаюць за еўраінтэграцыю. І што актыўныя грамадзяне не жадаюць быць ні назіральнікамі, ні пасрэднікамі, а хочуць быць актыўным удзельнікамі еўраінтэграцыі.

– Быў у Еўрапейскага форума і патэкст: будучая прэзідэнцкая выбарчая кампанія. Фінальным акордам форума стаў выступ Мілінкевіча, які фактычна азнаменаваў пачатак кампаніі па вылучэнні яго кандыдатам у прэзідэнты, – адзначыў аналітык.

поделиться

Новости по теме

Новости партнёров