МТС: Вялікі брат сочыць за табой

"Наша Ніва"

Аператар мабільнай сувязі МТС запусціў у тэставым рэжыме новыя паслугі — "Сям’я пад наглядам" і "Мабільныя супрацоўнікі".

Дзве прапановы амаль аднолькавага кшталту выклікалі хвалю абурэння.

Паслугі дазваляюць вызначыць месцазнаходжанне карыстальніка тэлефонам па бліжэйшых базавых станцыях.

"Сям’я пад наглядам" павінна дапамагаць бацькам, якія хвалююцца пра сваіх дзяцей, атрымліваць інфармацыю, дзе тыя знаходзяцца. Зрэшты, і раўнівыя жонкі змогуць праверыць, ці сапраўды муж адправіўся на начную рыбалку.

"Мабільныя супрацоўнікі" — тое ж самае, але для кіраўнікоў кампаній, якія адсочваюць, дзе знаходзяцца іх падначаленыя.

Тэставая бясплатная эксплуатацыя "Сям’і" працягнецца месяц, а "Супрацоўнікаў" — два месяцы.

Галоўная прэтэнзія людзей да аператара — у лёгкасці падключэння паслугі. Калі чалавек актывізуе сабе паслугу і атрымае асабісты код сям’і, яму будзе дастаткова папрасіць літаральна на хвіліну тэлефон сваёй "ахвяры", каб даслаць смс-паведамленне, якое павінна складацца з некалькіх сімвалаў. Усё! Ніякіх пісьмовых заяваў і дазволаў. Дастаткова аднаго паведамлення.

Непрадуманасць працэдуры падключэння можа выставіць асабістае жыццё абанентаў на агляд недабразычліўцам.

Як працуе сістэма?

На жаль, паслугай паспрабавала скарыстацца так шмат ахвотнікаў, што абсталяванне МТС не вытрымала нагрузак.

Наведвальнікі Onliner.by, якія паспелі падключыць паслугу, расказваюць, што
на смс-ку з запытам кшталту "Дзе Саша?" прыходзіць адказ "Ребенок САША находится на пересечении пр. Независимости и ул. Волгоградской".

Памылка ў адлегласці пакуль што складае 300–400 метраў. Калі сістэма будзе наладжана, месцазнаходжанне чалавека ў сталіцы, дзе знаходзіцца шмат базавых станцый МТС, можна будзе вызначыць з дакладнасцю некалькі дзесяткаў метраў.

У Расіі, дзе падобную паслугу МТС ужо запусціў, абанент атрымае спецыяльнае смс-паведамленне з прапановай, ці згодны ён каб пэўны чалавек мог адсачыць яго месцазнаходжанне. Калі ён згаджаецца, паслуга актывізуецца.

Кошт запыту ў Расіі складае 10 расійскіх рублёў (гэта каля 950 беларускіх рублёў).

поделиться

Новости по теме

Новости партнёров