Выкраданні працягваюцца: Яўгена Афнагеля невядомыя вывезлі пад Каралёў Стан

"Наша ніва"

Гісторыя з выкраданнямі моладзевых актывістаў працягваецца. 6 снежня, невядомыя затрымалі каардынатара грамадзянскай кампаніі "Еўрапейская Беларусь" Яўгена Афнагеля.

"А 16-й у мяне была прызначаная сустрэча каля заводу «Луч». Чалавек, з якім я мусіў сустрэцца, спазняўся. Да мяне падышлі два чалавекі ў цывільным, паказалі міліцэйскія пасведчанні і папрасілі паказаць змесціва заплечніка. Нічога цікавага для сябе не знайшлі і сышлі. Потым побач з'явіўся міліцыянт у форме з рацыяй, не адыходзіўся далёка. Я сеў у аўтобус і даехаў да Бялінскага. Там на прыпынку мяне і схапілі. Запіхнулі ў белы легкавік і павезлі. У аўто было тры чалавекі акрамя мяне. Недзе 20 хвілін вазілі па горадзе, галаву мне нахілілі , каб не глядзеў у акно. Потым паехалі за горад. Праз пэўны час збочылі з трасы недзе з кіламетр ехалі. А там мяне і высадзілі, аддалі фотаапарат, праўда без акумулятара, і тэлефоны, з аднаго батарэю выцягнулі", – распавёў "НН" Яўген Афнагель.

Па яго словах, перад тым як збочыць з трасы, ён заўважыў дарожны ўказальнік на Каралёў Стан. Цяпер ён пабачыў знак з надпісам Жукаў Луг. Па Яўгена выехалі сябры з Мінска.

Нагадаем, што ўчора, 5 снежня, невядомыя выкралі лідэра "Маладога Фронту" Змітра Дашкевіча. Па словах Змітра, раніцай яго схапілі невядомыя, адвезлі ў Лагойскі раён за 70 км ад сталіцы, дзе проста выкінулі з аўто.

поделиться

Новости по теме

Новости партнёров