Брусэльскія размовы "не пад запіс"

"Наша ніва"

Пытанне незалежных журналістаў было зададзенае ў лоб: "Кіраўнік Беларусі мае грашовыя актывы за мяжой?". Рэпартаж Вольгі Жарнасек з офіса Еўрасаюза.

Візіт беларускіх журналістаў у Брусэль прыпаў на час, калі стала вядома, што санкцыі супраць Беларусі прыпыненыя, але не скасаваныя. Мінуў год, як Еўропа распачала дыялог з Аляксандрам Лукашэнкам. Год, як распачаўся "перыяд лібералізацыі".

Наш "працоўны візіт" фармальна азначаў знаёмства журналістаў са структурай Еўрапейскага саюза, сэрца якога знаходзіцца ў Брусэлі, нефармальна — шэраг сустрэч з прадстаўнікамі Еўрапейскай Камісіі, якія не толькі адказвалі на нашыя пытанні, але і задавалі свае. Многія размовы вяліся "off the record" ("не пад запіс") — абавязковае правіла, якое нам параілі ні ў якім разе не парушаць.

За адным сталом, але па розныя бакі

Запрашэнне ўзяць удзел у паездцы атрымалі як прадстаўнікі незалежных, так і прадстаўнікі дзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі. Раскладка была 2/1 — дзесяць журналістаў з незалежных СМІ і пяць журналістаў з дзяржаўных: прадстаўнікі газет "Советская Белоруссия", "Рэспубліка", тэлеканала БТ, агенцтва БелТА і Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё.

Адносіны паміж гэтымі дзвюма групамі былі прадказальныя. На адным з працоўных абедаў, калі за сталом разгарэлася спрэчка наконт цяжкасцяў атрымання віз, прадстаўнік Еўракамісіі спытаў: ці праўда, што з аднаго боку стала сядзяць прадстаўнікі дзяржаўных СМІ, а з другога — незалежных? Яго сапраўды здзівіла, што падзел настолькі відавочны.

Пытанне візаў стала своеасаблівым козырам у руках праўладных журналістаў. Яны скардзіліся на тое, як цяжка атрымаць звычайнаму беларусу хаця б аднаразовы "шэнген", праз якую колькасць здзекаў яму прыходзіцца прайсці, нарэшце, як шмат беларусы плацяць за візы. Еўрапарламентары ў сваю чаргу тлумачылі, чаму адбываецца так, а не інакш. Палягчэнне візавага рэжыму, казалі яны, стане чарговым крокам у адказ на лібералізацыю ў Беларусі, але авансам яны гэта зрабіць не могуць.

Вока за вока

Было відавочна, што жывём мы ў розных краінах пад адной назвай "Беларусь". І не толькі журналісты. Выдатна гэтую сітуацыю праілюстравала сустрэча з прадстаўнікамі беларускай амбасады ў Брусэлі Аляксандрам Самусенкам і Аляксеем Самасуевым ды з кіраўніцай Офіса "За дэмакратычную Беларусь" Вольгай Стужынскай.

Самусенка ў сваёй прамове даў крытычную ацэнку развіццю беларуска‑еўрапейскіх адносін. "Поўнай задаволенасці мы не адчуваем, нягледзячы на істотныя пазітыўныя зрухі на працягу 2008—2009 гадоў, — заявіў ён. — У некаторых еўрапейскіх сталіцах развіццё адносін з Беларуссю бачаць выключна праз прызму дэмакратызацыі, праз грамадскае жыццё ў краіне. Такая лінія як у гістарычным, так і ў бягучым плане з’яўляецца не самай перспектыўнай".

Самусенка адзначыў, што шэраг візавых абмежаванняў у дачыненні беларускіх чыноўнікаў "носіць выключна прапагандысцкі характар", а таксама, што патрабаванні ЕС па ацэнцы сітуацыі з дэмакратыяй Беларусі і правамі чалавека носяць "падвойныя, патройныя і яўна завышаныя стандарты".

Пасля выступу Вольгі Стужынскай, якая патлумачыла, чым займаецца яе Офіс у Брусэлі, пытанне ўзнікла ў Алены Ладуцькі з БТ (раней яна была асабістым карэспандэнтам Аляксандра Лукашэнкі). Перш чым яго задаць, яна ўдакладніла, грамадзянкай якой краіны з’яўляецца Стужынская, а таксама як часта бывае ў Беларусі — намякаючы, што ёй у Брусэлі не бачна сапраўднай сітуацыі ў краіне. Але Стужынская адказала, што з’яўляецца грамадзянкай Беларусі і бывае там практычна штомесяц. Тады Ладуцька задала галоўнае пытанне: "А якія ў вас асабіста прэтэнзіі да Беларусі? Што вас не задавальняе?" Гэтае пытанне наконт прэтэнзій да Беларусі рэфрэнам паўтаралася на працягу ўсёй паездкі з боку дзяржаўных журналістаў. Задавалі яны яго і еўрапейскім чыноўнікам. Здавалася, яны ніколі не чулі пра дванаццаць (цяпер ужо пяць) умоваў Еўрасаюза ў дачыненні Беларусі.

Пяць крокаў у абдымкі Еўропы

Пра "пяць ўмоваў" прадстаўнікі ЕС казалі рэгулярна. У адказе амаль на кожнае пытанне гучала гэтае спалучэнне. Ключавой умовай, вядома, называлася правядзенне свабодных і празрыстых выбараў. Праўда, і тут знаходзіліся вострыя куты. Вядома, што Еўрасаюз не прызнаў рэферэндумы, праведзеныя Аляксандрам Лукашэнкам. У тым ліку і той, дзе ён атрымаў магчымасць балатавацца неабмежаваную колькасць разоў.

Адно з пытанняў, зададзеных беларускімі журналістамі, тычылася таго, як паставіцца ЕС да самога факту балатавання Лукашэнкі на пост кіраўніка дзяржавы на наступных выбарах. У адказ прагучала, што ЕС прызнае любы вынік выбараў, калі яны пройдуць справядліва. То бок стала зразумела, што ва ўмовах дыялогу папярэднія заявы наконт рэферэндумаў ануляваліся. Еўропа пагадзілася супрацоўнічаць з Лукашэнкам, нават калі ён выйграе выбары — але паводле дэмакратычных правілаў.

Наогул жа, стваралася ўражанне, што ў Брусэлі добра ведаюць сітуацыю ў Беларусі і выдатна азнаёмленыя з кожнай праявай аўтарытарызму.

Напярэдадні з універсітэта выключылі прэс‑сакратарку "Маладога фронту" Таццяну Шапуцьку. Гэтая тэма падымалася ў размовах неаднойчы. На рэмарку Алены Ладуцькі наконт таго, што нельга прапускаць заняткі, кіраўнік аддзела дэпартамента па замежных сувязях і палітыцы добрасуседства Джон О’Рурк задаў ёй сустрэчнае пытанне: ці не прапускала яна заняткі ва ўніверсітэце? Журналістка не знайшла што адказаць.

Маўчалі дзяржаўныя журналісты і пасля заявы аднаго з прадстаўнікоў камісіі па Беларусі. Яна тычылася актываў найвышэйшых беларускіх чыноўнікаў у Еўропе. Яны былі раней замарожаныя, але сёлетні факт прыпынення санкцый азначае, што зараз яны ў вольным доступе. Пытанне незалежных журналістаў было зададзенае ў лоб: "Кіраўнік Беларусі мае грашовыя актывы за мяжой?". Еўрачыноўнік Канстанцін Вардакіс адсёк: "Я не буду адказваць на гэтае пытанне".

"Шчаслівы білет" на прэс‑канферэнцыю з Мартынавым

Падчас нашага візіту ў Брусэль туды прыляцеў і міністр замежных справаў Беларусі Сяргей Мартынаў. Пасля запланаванай сустрэчы мелася адбыцца прэс‑канферэнцыя з удзелам еўракамісаркі Беніты Ферэра‑Вальднэр, каардынатара замежнай палітыкі Еўрасаюза Карла Більта і іншых міністраў замежных справаў краін‑удзельніц праграмы "Усходняга партнёрства". У Беларусі рэдка выпадае магчымасць трапіць на такое мерапрыемства, але акрэдытацыя ў Брусэлі не склала вялікай цяжкасці.

Пытанне, адказ на якое нас цікавіў, было зноў жа датычнае выключэння Таццяны Шапуцькі і таго, наколькі яно паўплывае на ўдзел Беларусі ва "Усходнім партнёрстве". Задавалася яно Більту, але і Мартынаў зрэагаваў на яго, адказаўшы, што "ўрады не выключаюць студэнтаў". У адказ на гэтую рэмарку Більт зноў жа выказаўся, што ва ўніверсітэт не мусілі звяртацца спецслужбы.

Прэс‑канферэнцыя скончылася, але пытанні да Мартынава яшчэ засталіся. Скарыстаўшыся магчымасцю, я падышла да яго ў калідоры і папрасіла на іх адказаць. На гэта па‑беларуску ён сказаў, што "ў яго няма часу", і хутка рэціраваўся. Пасля ўкраінскі калега мне прызнаўся, што дагнаў Мартынава і той адказаў на ўсе ягоныя пытанні.

Вось такія "падвойныя стандарты".

поделиться

Новости по теме

    АБСЕ напамінае пра свабоду слова

    Ганна Карлсрайтэр, дарадца Бюро Прадстаўніка АБСЕ па пытаннях свабоды СМІ, падчас свайго выступу на IV Беларускім інфармацыйным форуме, заявіла, што Офіс АБСЕ ў Мінску гатовы аказваць падтрымку ў вырашэнні пытанняў, звязаных са свабодай слова ўподробности

Новости партнёров