Беларускамоўную песню будуць судзіць (+мр3)

Сяргей Нятрэба, www.udf.by

Упершыню ў гісторыі тэлешоў "Музычны суд" на меркаванне гледачоў і журы будзе прадстаўленая беларускамоўная кампазіцыя. Песня гурта Аvгуст "Пачакай! (5 хвiлiн)" трапіла ў паўфінал шоў і стала адным з прэтэндэнтаў на галоўны прыз – паездку на фэст "Еўрабачанне-2010" і 50 000 долараў.

Гурт Аvгуст яшчэ не мае вялікай вядомасці, але заяўляе пра амбітныя планы – музыкі ставяць за мэту стаць у гэтым годзе першым гуртом у Беларусі. На тэлепраекце "Музычны суд" яны вырашылі прадставіць беларускамоўную песню з свайго рэпертуару пад назвай "Пачакай (5 хвілін)" і трапілі ў лік паўфіналістаў. Паводле ўмоваў шоў, іх песню мае выканаць адзін з пераможцаў конкурсу "Новыя галасы Беларусі". Ацэняць твор журы і гледачы праз галасаванне ў зале ды SMS.

Песня па-беларуску ўпершыню ўдзельнічае ў праекце "Музычны суд", дагэтуль усе аўтары прапаноўвалі кампазіцыі на рускай і англійскай мовах.

Аўтару песні, што пераможа ў фінале, абяцаецца паездка на фэстываль "Еўрабачанне-2010", а лідэру па выніках усіх этапаў конкурса – прыз у 50 000 долараў. Здымкі з удзелам гурта Аvгуст пройдуць 20 студзеня.

поделиться

Новости по теме

Новости партнёров