Мікола Дземідзенка: Я не ўпэўнены, што трапіў у палітыку

Глеб Хмяльнiцкi, UDF.BY

24-гадовы маладофронтавец Мікола Дземідзенка не лічыць сябе палітыкам класічнага гатунку, дый дзейнасць сваю асцерагаецца называць палітыкай.

Чаму "Малады фронт" сышоў у падполле? Чаму Лукашэнка не Кім Чэн Ын, і які арсенал для размовы з Лукашэнкам мае Еўропа? Хто і чаму прыслаў аўтобус віцебскага АМАПа на ягонае вяселле?

Але самае галоўнае ў іншым: 15 красавіка здаравяк Мікола Дземідзенка стаў бацькам - у яго нарадзіўся сын багатырскага росту 54 сантыметры і 3880 грамаў вагой.

З віншаванняў карэспандэнт праекта UDF.BY - "ПАЛІТЫКА” і пачаў размову з Міколам Дземідзенкам.

- З прыбаўленнем у сямействе, Мікола! Дай Бог вырасці сыну такім жа здаравяком, як і Вы! Як назвалі?

- Назвалі Міхасём – у гонар дзеда. Майго цесця, а жончынага бацькі Міхася Раманюка, знакамітага этнографа і мастацтвазнаўцы.

- А як пазнаёміліся з Алесяй, з жонкай?

- Мы ходзім у адну царкву, яна таксама належыць да грэка-каталіцкага веравызнання.

Мікола Дземідзенка: Я не ўпэўнены, што трапіў у палітыку

"У 2004 годзе мне здавалася, што змена ўлады – справа некалькіх год"

- Мікола, як Вы прыйшлі ў палітыку? Ці палітыка знайшла Вас?

- Я да сённяшняга дня не ўпэўнены, што трапіў у палітыку. І што я займаюся палітыкай.
Недзе ў 15-гадовым узросце я ўліўся ў пратэстныя настроі грамадства. Тады здавалася, што ўсё было лепшае: трава – зелянейшая, неба – чысцейшая, а надзеі на перамены – справай месяцаў, некалькіх гадоў. У 2004 годзе мне падавалася, што змена ўлады – справа некалькіх год, і я асабіста мушу спрычыніцца да гэтага працэсу. Спачатку далучыўся да "Зубра", а затым, праз свой характар, я не сышоў пасля рэпрэсіяў, а застаўся ў тым, што завецца палітыкай.

- А што ў Вас з характарам – упарты?

- Хутчэй, пераборлівы. Я вельмі мала надзяляю ўвагі рэчам, якія мяне мала цікавяць. Так і ў школе было: я закідваў прадметы, якія мяне не цікавілі, а канцэнтраваўся на тых, якія здаваліся патрэбнымі. Гэта захоўваецца і зараз: аднесці кубак у мойку можа стацца для мяне сапраўднай праблемай…

- Што ж прывяло Вас у "Малады фронт"?

- Склалася дзіўная сітуацыя: у 2006 годзе пра распад "Зубра" мы даведаліся з інтэрнэта. Арганізацыі проста не стала – пасля Плошчы 2006 года грамадства ахапіў адчай. Пасля дзясяткаў затрыманняў, якія мы, і я ў тым ліку, перажылі да прэзідэнцкай кампаніі, у часе кампаніі і пасля яе, апынуўся на абочыне палітычнага працэсу, канкрэтна папсаваў адносіны з бацькамі. Мае бацькі выступалі супраць маёй дзейнасці, а тым болей – майго ад’езду за мяжу. Мне давялося вярнуцца дахаты і заканчваць школу, бо мяне выключылі з каледжа за паўтара года да ягонага заканчэння. Не выдалі нават атэстат пра заканчэнне сярэдняй адукацыі.

Вярнуўшыся дахаты, каля года я ўвогуле не ўдзельнічаў у палітычных мерапрыемствах, паступіў у беларускае ВНУ ў Полацку, на гістарычны факультэт, вучыўся. Там я зацікавіўся дзейнасцю "Маладога фронта". Месяцаў шэсць трымаўся, але затым ангажаваўся дзейнасцю "Маладога фронта" і аддаўся ёй цалкам. Пасля парламенцкай кампаніі 2008 года мяне адлічылі з вучобы, толькі мяне гэта не дужа хвалявала: я тады ведаў ужо, што не буду вучыцца ў Беларусі.

Перабраўся ў Мінск – і з таго часу навучаўся на завочным аддзяленні.

- Грамадзянскай прафесіяй ужо абзавяліся?

- Пакуль не – я вучуся ў Віленскім педагагічным універсітэце, і ў хуткім часе на радасць усім мушу атрымаць дыплом.

- Колькі засталося чакаць гэтай радасці?

- Нямнога – каля года.

- А чаму Вільня – іншы ўзровень адукацыі?

- Я б не сказаў. Гэта – блізка, бяспечна і не патрабуе вялікіх ахвяраў. Вучыцца ў Беларусі немагчыма, у Іспаніі – няма магчымасці ды сродкаў, дый з’язджаць не хочацца. Застаецца – Вільня. Гэта адзіны прымальны варыянт, бо нават Варшава знаходзіцца рэальна далей.

"Трэба думаць, як захаваць людзей"

- Недзе з другой паловы 2012 года "Малады фронт" спыніў сваю актыўнасць. Здаецца, гэта свядомае рашэнне. Чым яно выкліканае?

- Не думаю, што гэта свядомае рашэнне, прынамсі, мы не прымалі адпаведных рашэнняў. Не скажу за ўсіх, скажу за сябе – гэта адбылося ад стомы. Шквал рэпрэсіяў абрынуўся на людзей пасля снежня 2010 года і цягнуўся да сярэдзіны 2012 года. Перад усімі намі паўстала пытанне выбару – як дзейнічаць эфектыўна? Калі няма эфекту ад тваёй дзейнасці – наступае пэўны крызіс. І мы аказаліся ў крызісе. Зараз шукаем выхады да больш канструктыўнай дзейнасці.

- Які сэнс Вы ўкладваеце ў паняцце "канструктыўны"? Бо і ЛДП называе сябе канструктыўнай апазіцыяй, і Ляўковіч туды ж імкнецца…

- Пад канструктыўнасцю я разумею поспех. Зараз мы маем вялікі пласт разачараваных людзей, якія не займаюцца палітыкай, бо гэта проста бесперспектыўна. Каб захаваць палітычнае жыццё, грамадскую актыўнасць, мусяць быць маленькія перамогі.

Мы выпрацоўваем стратэгію "Маладога фронта". За апошнія гады ўсё ж адбылося сталенне нашай арганізацыі: кіраўнікі "Маладога фронта" і большасць людзей, якія трапляюць у стужкі навін, - не навабранцы. Натуральна, старажылы не могуць праз 3, праз 5 год па-ранейшаму ладзіць акцыі, якія, апрача сутак, рэальна нічона не даюць. Жыццёва неабходна, каб людзі адчулі поспех і адчулі прагу да грамадскай дзейнасці, а не сышлі ў нябыт, як тое здарылася з папярэднім пакаленнем. Ёсць выхадцы з "Маладога фронта", якія ўзначалілі партыі, арганізацыі, але па вялікім рахунку сотні маладафронтаўцаў – маладых, таленавітых, якія заўсёды былі поруч, зараз не маюць ніякага дачынення да грамадскай дзейнасці.

- То бок, "Малады фронт" вырашыў прыберагчы сваіх людзей да лепшых часін?

- Так. Калі быць аб’ектыўным, то "сутачная" дзейнасць прыводзіць да разбурэння грамадзянскай супольнасці, а не да кансалідацыі. Натуральна, даўным-даўно не навіна, што ў Беларусі пануе дыктатура, што тут законамі і не пахне. Каб захаваць на будучыню грамадзянскую актыўнасць, здольную прывесці да пазітыўных пераменаў (ну немагчыма пабудаваць дзяржаву на пустым месцы!), трэба захаваць людзей. Калі заўтра Аляксандр Рыгоравіч зваліцца з лесвіцы, без нармальных кадраў, дастойнай грамадзянскай супольнасці не ўдасца падняць краіну з каленяў. Трэба думаць, як захаваць людзей.

Скіроўваць усе высілкі, каб даказаць існаванне дыктатуры ў Беларусі, мне падаецца не зусім лагічным. Беларусь ніколі не будзе Паўночнай Карэяй толькі таму, што мы знаходзімся ў цэнтры Еўропы, а на дварэ – 21 стагоддзе. І беларуская дыктатура мае свае адметнасці. Пазіцыя пастаяннай жалобы заўсёды будзе пройгрышнай. Еўропа таксама не прымае Лукашэнку за адэкватнага лідэра, ён дыктатар. Але Лукашэнка не Кім Чэн Ын, які на бронепоездзе ўехаў у 21 стагоддзе і кідае людзей у канцлагеры. І Еўропа мае адпаведны арсенал для размовы з Лукашэнкам, хаця ясна, што гэта не будзе ўзброенае ўмяшальніцтва. Спадзявацца на перамены звонку не выпадае, гэта – дурнота. Трэба працаваць эфектыўна ўнутры краіны. Але як гэта зрабіць – ніхто з апазіцыйнай эліты адказу на гэтае пытанне не мае, на жаль, і мы не маем адказу.

- Ці бачыце Вы сярод цяперашняй апазіцыі дастойных партнёраў?

- Пытанне ў іншым – наколькі мы ўяўляем сабой дастойнага партнёра. Калі б мы мелі выбітныя поспехі, я б мог папракаць іншых. Мы ўваходзілі ва ўсе кааліцыі, які ствараліся на гэтай зямлі апошнія дзесяцігоддзі. Дэградацыя апазіцыйнага руху мне падаецца відавочнай, і я не хачу выступаць крытыкам ці песімістам. Але часам здаецца, што лепш было б, каб сённяшнія апазіцыйныя лідары сышлі і саступілі месца моладзі. Тады, быць можа, нешта ўдалося б змяніць.

Няма адэкватнага ўнутранага дыялогу. Апазіцыя не мае паразумення нават наконт санкцыяў. Патрабаваць захавання санкцый, якія ні да чога не вядуць, - гэта не пазіцыя; патрабаваць адмены санкцый – таксама не пазіцыя, бо паляпшэння ўнутрыбеларускага жыцця не адбываецца. Гэта мусяць быць комплексныя прапановы, бо большасць людзей разумее, што тая ж лібералізацыя, за якую лаялі Мілінкевіча, прыносіла рэальныя вынікі. Сённяшня крытыкі дыялогу, тая ж БХД, не мелі б структур, не мелі б столькі людей у сваіх шэрагах, каб не было лібералізацыя, якая дазволіла аб’ехаць рэгіёны і сустракацца з людзьмі. Зараз стварыць арганізацыю немагчыма.

У 2009-2010 гадах была магчымасць працаваць з людзьмі, і гэта факт. Ці будзе такая магчымасць заўтра, калі, бывае, пачнецца дыялог, я не ўпэўнены. Улада спрабуе навязаць Еўропе дыялог на сваіх умовах. Тады існаваў кансенсус: людзей не садзілі на суткі, але на плошчы ніхто выступаць не мог. Зараз улады дамагаюцца, каб еўрапейцы не рэагавалі на адміністрацыйныя арышты, і калі даб’юцца – гэта будзе правальны дыялог. Патрэбны ўнутраны дыялог, які дазволіў бы выпрацаваць агульныя патрабаванні.

"Трэба чакаць пераменаў да горшага"

- Наколькі сур’ёзнай перашкодай для развіцця апазіцыцыйнага руху з’яўляецца старая апазіцыйная наменклатура?

- Не думаю, што старое кіраўніцтва Партыі БНФ, застанься яно пры ўладзе, змяніла б сітуацыю ў краіне. Але на змену старому кіраўніцтву прыйшло новае – гэта тэхнічная замена, прынамсі, я не бачу розніцы паміж старым і новым БНФ. Ствараюцца новыя кааліцыя, выказваюцца новыя лозунгі, можа, не настолькі радыкальныя. Але, па вялікім рахунку, гэта неістотна – поспеху-то няма.

- А чаму апазіцыя не можа ўвогуле дамовіцца паміж сабой, дакладней – не хоча?

- Ва ўсіх ёсць прыватны інтарэс, уласныя нішы. Калі б яны бачылі верагоднасць перамен, яны мусілі б аб’яднацца. Але сёння кожны займае сваю нішу: нехта з’яўляецца лабістам дыялогу, нехта выступае за санкцыі – кожнаму выгадна сядзець у сваёй нішы.

А навошта дамаўляцца, калі ўплыў на палітыку – мінімальны? Мы не маем уплыву на ўнутраную палітыку, мы маем нібыта ўплыў на міжнародныя структуры, але рэальнага ўплыву няма. Беларускія дэлегацыі ездзяць у Польшчу, якая зацікаўлена і лабіруе дэмакратызацыю ў Беларусі, а ў выніку атрымліваецца, што за апошнія два гады тавараабарот з Польшчай істотна вырас.

Любая заходняя краіна не будзе працаваць сабе ва ўрон: для іх бяспека і дабрабыт сваіх грамадзян куды важней, чым бяспека і дабрабыт беларускіх апазіцыянераў. Таму спадзявацца, што Еўропа ўвядзе эмбарга на нафту (яно магло бы вырашыць беларускую праблему за некалькі месяцаў), нерэальна: не павязе Еўропа нафту з Ірана, калі пад бокам ляжыць танная нафта. Гэтага не будзе ніколі, і спадзявацца на тое – смеху варта. Калі Лукашэнка не пачне страляць людзей на вуліцах, Еўропа не ўвядзе эмбарга на нафту. А Лукашэнка страляць людзей не будзе…

- Да прэзідэнцкай кампаніі засталіся два гады. Ці будзе "Малады фронт" удзельнічаць у гэтай кампаніі?

- Персанальна – дакладна не (смяецца).

Гэта палка з двума канцамі. Пасля 2010 года наступіла разачараванне. Кампанія 2010 года стварала выгляд барацьбы, уяўляла працэс. Аднак усё завяршылася катастрофай 19 снежня 2010 года.

Парламенцкая кампанія пакінула куды горшы асадак. Тут не атрымалася нават проста папрацаваць.

На сённяшні дзень я бачу логіку ва ўдзеле ў прэзідэнцкіх выбарах і не бачу логікі ў іх не ўдзельнічаць. Удзел патрабуе актыўнасці, няўдзел – не патрабуе нічога. Я за байкот у некаторых формах, але я не бачу магчымасці яго рэалізацыі ў беларускіх умовах. За такі байкот, які праводзіцца ў Беларусі, могуць выступаць хіба “лоботрясы”.

- Ці звязваеце Вы з хуткай прэзідэнцкай кампаніяй надзеі на перамены?

- Мне цікава, што будзе на гэтай прэзідэнцкай кампаніі. У мяне такое адчуванне, што трэба чакаць пераменаў да горшага. Паміж дзвюма прэзідэнцкімі кампаніямі ў Беларусі праходзіла многа падзеяў – ад закручвання гаек да пацяпленняў.

Зараз вакуум паміж прэзідэнцкімі кампаніямі запаўняецца больш жорстка, чым раней. Вядома, паслабленні ў 2015 годзе будуць, але яны будуць выглядаць значна горш,чым у 2010 годзе. Калі б лібералізацыя 2010 года не захлынулася ў разгоне Плошчы, думаю, Беларусь ужо магла стацца іншай. За два гады ўлада мусіла бы саступіць многае за крэдыты, за лавіраванне паміж Масквой і Бруселем – карціна была б зусім іншая.

- Ці здолее апазіцыя выйсці адзіным фронтам на прэзідэнцкую кампанію 2015 года?

- Не. Няма ніякіх перадумоў. Калі замежныя фундатары настояць, то апазіцыя зможа выставіць аднаго-двух кандыдатаў. Але гэта не будзе адзіны фронт, бо пасля выбараў апазіцыя яшчэ больш раздробіцца. Такой магчымасці не бачу, як не бачу і лідара, здольнага задаволіць усіх. Нават у беларускай сітуацыі 19-гадовай стагнацыі мог бы з’явіцца палітык, здольны аб’яднаць увесь пратэстны электарат, але сярод тых, хто мае прэзідэнцкія амбіцыі, такога няма дакладна. Гэта партыйныя функцыянеры, якім трэба апраўдаць сваё дзесяцігадовае знаходжанне на чале партыі.

"Я не бачу сэнсу займацца такой палітыкай"

- Кім Вы бачыце сябе ў перспектыве: палітыкам ці зменіце свае прыярытэты?

- Цяжка загадваць. Калі ты ў палітыцы, тады ў ёй можна застацца, а калі ты не ў палітыцы – застацца ў ёй немагчыма. Калі ў краіну прыйдуць перамены, калі з’явіцца інтарэс займацца палітыкай, - то так. Але сёння я не бачу сэнсу займацца такой палітыкай.

- А як жонка ставіцца да Вашай маладафронтаўскай дзейнасці?

- Жонка мяне стымулюе ў некаторых рэчах. Яна ніколі не займалася палітыкай. Ейны погляд збоку на некаторыя рэчы для мяне цікавы. Мы, людзі ангажаваныя, часам не разумеем некаторых рэчаў. Калі пасля нашай жаніцьбы другі раз садзілі на суткі, забралі пад пад’ездам, я ёй сказаў з абурэннем: пяты раз за год забралі перад пад’ездам ні за што! Не трэба здзіўляцца, кажа жонка, так ёсць: трэба прыняць гэты факт, адштурхнуцца ад яго і працаваць далей.

- Чуў, вашае з Алесяй вяселле ледзьве не ператварылася ў “Свадьбу в Малиновке», ці, дакладней, у міёрскі аналаг. Раскажыце, як віцебскі АМАП з міёрскай міліцыяй пільнавалі вашае вяселле…

- На нашае вяселле ў Міёрах з Віцебска прыгналі аўтобус АМАпа, тут былі міліцыянты ў цывільным і міліцыянты ў вопратцы. Калі вяселле гуляла ў рэстаране, людзі ў цывільным прысутнічалі на кухні і адсочвалі працу персанала.

Насупраць нашага дома знаходзіцца раённы аўтапарк. Некалькі амапаўцаў сядзелі нават у старожцы, назіраючы за домам.

Чым нашае вяселле заслужыла такой увагі, каб прысылаць аўтобус АМАПу з Віцебска? Гэта не паддаецца логіцы. Калі, вядома, не ўлічваць, што начальнікам Віцебскага УУС цяпер з’яўляецца мой стары знаёмец Яўсееў…

Па выніку вяселля дваіх маладафронтаўцаў яшчэ і за краты кінулі…

поделиться

Новости по теме

Новости партнёров