Беларусь можа апынуцца на задворках венесуэльскіх інтарэсаў

Яўген Красулін, кандыдат гістарычных навук, спецыяліст па Лацінскай Амерыцы, для UDF.BY

3 ліпеня, на Дзень Незалежнасці, у Мінску з афіцыйным візітам пабываў прэзідэнт Баліварыянскай Рэспублікі Венесуэла Нікалас Мадура Морас.

Н.Мадура прысутнічаў на парадзе, пасля якога меў трохгадзінныя перамовы з А.Лукашэнкам. Па выніках візіту прэзідэнта Венесуэлы бакі загаварылі пра неабходнасць выпрацаваць “дарожную мапу” ў двухбаковых стасунках.

Калі паміж Венесулай і беларуссю ўсё добра, як запэўнівае афіцыйная прапаганда, навошта тады спатрэбілася новая “дарожная мапа”?

Адказвае спецыяліст па Лацінскай Амерыцы Яўген Красулін:

- Казаць пра раптоўнасць візіту Нікаласа Мадуры ў Мінск не выпадае. У Маскве праходзіў форум краін – экспарцёраў газу, куды ўваходзяць Расія, Іран, Венесуэла, у тым ліку. З гэтай нагоды Нікалас Мадура сустракаўся з Пуціным, падпісаў шэраг пагадненняў з “Роснефтью” па сумеснай здабычы і перапрацоўцы вугляродаў.

І няма нічога дзіўнага ў тым, што з Масквы Мадура завітаў у Мінск. Прычым венесуэльскія СМІ падаюць візіт у Беларусь як першы візіт свайго прэзідэнта ў еўрапейскую краіну (што цікава - Расію не называюць еўрапейскай краінай).

Трэба ўяўляць сабе праблемы ў Венесуэле, каб ацэньваць стан двухбаковых стасункаў. Мадура перамог саперніка ад апазіцыі непераканаўча, што істотна ўскладніла ягоную сітуацыю.

Апошнія гады ў Венесуэле складвалася не самая лепшая сітуацыя ў эканоміцы, што прывяло до росту сацыяльнай напружанасці. Усе заваяванні насамрэч, хутчэй, аказаліся толькі размовамі пра заваяванні. У Венесуэле высокая інфляцыя, існуе два курсы – афіцыяльны і неафіцыяльны нацыянальнай грашовай адзінкі – балівара, розніца паміж якімі ў 5 разоў. Напрыканцы чэрвеня ў Венесуэле прайшлі масавыя маніфестыцыі выкладчыкаў ВНУ, якія патрабавалі павышэння заработнай платы; урад мусіў пайсці на саступкі, што, безумоўна, адаб’ецца на бюджэце. Летась дэфіцыт бюджэту склаў 18%, сёлета наўрад ці ўдасца выправіць сітуацыю.

Венесуэла знаходзіцца ў вельмі складанай сітуацыі і актыўна шукае грошы.

Мадура – вымушаны быць рэалістам, хоць яму перыядычна бачацца птушачкі. Мадура мог паставіць у Мінску пытанне пра вяртанне пазыкі. Аднак не думаю, што пазыка сталася галоўнай тэмай перамоў. На міжнароднай арэне Венесуэла мае патрэбу ў падтрымцы, таму губляць такога саюзніка, як Беларусь, з пункту гледжання здаровага сэнсу няварта.

Аднак Венесуэле лепш шукаць іншых саюзнікаў - такія галасы раздаюцца ў Венесуэле досыць гучна. Напрыклад, у Еўропе. Гавораць і пра неабходнасць пацяплення з ЗША. Беларусь можа апынуцца на задворках венесуэльскіх інтарэсаў.

Відавочна больш цікавымі для Венесуэлы ўяўляюцца перспектывы супрацоўніцтва з той жа Расіяй. У размове з Мадурам Пуцін называў лічбу ў 21 мільярд долараў, якія Расія інвеставала ў венесуэльскую эканоміку. Тады ж, 2 ліпеня, Мадура падпісаў з Сечыным пагадненне, якое ўключае і будаўніцтва завода па вытворчасці звадкаванага газу. Рэалізацыя такога праекта аўтаматьычна пазбаўляе Беларусі шанцаў на дыверсіфікацыю энергарэсурсаў. У час крызісу Лукашэнка скарыстаўся прапановай Чавеса атрымліваць танную нафту, што з горам папалам дазволіла перажыць праблемы ў стасунках з Расіяй. Цяпер звадкаваны газ будзе прапаноўваць ужо сумеснае венесуэльска-расійскае прадпрыемства.

“Роснефть” увогуле паводзіць сябе вельмі агрэсіўна як на ўнутраным, так і на знешнім рынку: яна падгрэбла пад сябе частку акцый “Газпрома”, што дазволіла ўвесці дзяржаўны кантроль над “Газпромам”, 2 ліпеня паглынула “Ітэру”. Гэта азначае знікненне магчымасці манеўру: нават калі гіпатэтычна Венесуэла будзе мець магчымасць пастаўляць у Беларусь нафту, то гэта будзе рабіць ужо сумеснае венесуэльска-расійскае прадпрыемства.

Што тычыцца да паставак нафты з Венесуэлы, то насамрэч Венесуэла з-за свайго цяжкага эканамічнага стану наўрад ці здолее ажыццяўляць пастаўкі. Апошнія гадоў 10 Чавес спансаваў рэжым Кастро на Кубе. Цяпер Куба мусіць шукаць іншых спонсараў, мусіць разглядаць нават варыянт лібералізацыі эканомікі – іншых варыянтаў папросту няма.

Што да іншых праектаў (да прыкладу, будаўнічых), то іхнія перспектывы выглядаюць досыць сумна. Раскол нацыі і радыкалізацыя настрояў прывялі экспертаў да высновы, што існуе пагроза гарачага процістаяння. З нагоды падзеяў у Егіпце венесуэльцы досыць рэзка выказваюцца на адрас сваіх вайскоўцаў, якія не здольныя паступаць так, як егіпцяне. Раёны ўздоўж мяжы з Калумбіяй і Каракас патэнцыйна могуць стаць ачагамі антычавісцкай партызаншчыны.

Таму перспектывы іншых сумесных праектаў, у тым ліку і будаўнічых, бачацца сумнымі. У двухбаковых стасунках Беларусі з Венесуэлай пакуль будуць цяжкасці з-за фінансавых праблемаў. Нават калі рэжымы знойдуць рэсурсы на сваё існаванне, асновай далейшых стасункаў бачыцца толькі палітычны складнік. Нават у часы “мядовага месяцу” (2006-2009 гады), асновай беларуска-венесуэльскіх стасункаў з’яўлялася палітыка, на якую спрабавалі накласці эканамічныя адносіны.

Чавес у свой час казаў і пра саюз Беларусі і Венесуэлы. Які саюз мог існаваць паміж такімі далёкімі краінамі, цяжка ўявіць. Аднак гэта можа служыць ілюстрацыяй мыслення Чавеса. Чавес меў у галаве нейкую фантастычную карцінку, рэалізаваць якую, відаць, і сам не ведаў як. Зразумела, Мадура не ведае таго тым болей. У гэтай сітуацыі стасункі паміж краінамі не могуць не змяніцца.

Калі заходзіць размова пра “дарожную мапу” – звычайна кажуць пра пазыку. Пасля таго, як Яраслаў Раманчук агучыў інфармацыю пра запазычанасць Беларусі перад Венесуэлай ў 2,8 мільярда долараў, Венесуэла ў нас амаль выключна асацыюецца з пазыкай. Аднак спектр тэмаў, якія цікавяць абедзве краіны, больш шырокі.

Гаворка пра “дарожную мапу” зайшла таму, што нашыя адносіны заходзяць у тупік. Калі адносіны паміж краінамі ў тупіку – гэта заўсёды дрэнна. Таму, відаць, венесуэльскі амбасадар і загаварыў пра “дарожную мапу”. Беларуска-венесуэльскія адносіны ў часы Чавеса не мелі стратэгічнага накірунку, яны развіваліся імпульсіўна. Таму краінам патрэбны больш трывалы падмурак, якім і можа служыць “дарожная мапа”.

Хаця цяжка ўявіць, што можа ўваходзіць у "дарожную мапу".

У Венесуэле праблемы з сельскай гаспадаркай. Там, дзе перамагае сацыялізм, узнікае дэфіцыт не толькі туалетнай паперы, але і харчавання. Можна было б пастаўляць у Венесуэлу калійныя ўгнаенні, але для таго патрэбна, каб сельская гаспадарка запатрабавала гэтыя ўгнаенні. А Чавес прыклаў руку, каб сельская гаспадарка не развівалася.

Пастаўляць свае прадукты ў Венесуэлу? Вельмі смелы варыянт…

Можна згадаць трактары – Мінск гатовы аддаць іх па бросавых коштах. Але, ізноў-такі, трэба, каб сельская гаспадарка мела попыт на іх.

Адукацыя? Улічваючы, што краіны знаходзяцца далёка адна ад другой, а з фінансамі праблема і там, і там, малаверагодны такі варыянт.

Па тэмах, якія агучаны, складана вылучыць тую, якая можа прывесці да ўстанаўлення трывалых стасункаў. Не часавых, а стратэгічных стасункаў.

На 4 жніўня запланаваная размова па "дарожнай мапе". Але сітуацыя ў Беларусі і Венесуэле не тая, каб чакаць прарыву. Бліжэйшым часам, хутчэй за ўсё, нашыя стасункі будуць знаходзіцца ў замарожаным стане.

Новости по теме

Новости других СМИ