Беларускае войска – Гульня ў вайнушку


Рэжысёр Антось Цялежнікаў, вядомы дакументальным фільмам «Беларусь пад нямецкай акупацыяй», зняў для незалежнага спадарожнікавага тэлеканалу «Белсат» новую стужку – «Гульня ў вайнушку». Прэм’ера фільму адбылася ў эфіры «Белсату» 8 красавіка (пятніца) а 21.40).

Стужка паказвае цяперашняе беларускае войска – ад побыту да ідэалогіі. Аснову фільма склалі расповеды палітычных прызыўнікоў – Франака Вячоркі, Івана Шылы, Андрэя Цянюты ды іншых грамадскіх актывістаў. Некаторых з іх, не зважаючы на кепскі стан здароўя, прызывалі на вайсковую службу.

Назву стужцы дало выказванне былога жаўнера, актывіста «Беларускага руху» Франака Вячоркі. Адзеты ў мундзір, ён кажа: «Уся гэтая служба – гульня ў вайнушку».

Паводле Франака, «служба ў войску не мае нічога супольнага з абаронаю Радзімы, з абаронаю Беларусі. На шапцы – зорка савецкая, на папрузе – серп і молат».

Маладафронтавец Іван Шыла даводзіць: «Калі браць дзяржаўныя інстытуты, то войска пасля турмы – другое паводле закрытасці». На ягоную думку, грамадства дагэтуль не можа ўплываць на гэтую сістэму.

Успаміны палітпрызыўнікоў чаргуюцца з афіцыёзнаю вайсковаю прапагандаю – яна даводзіць, нібыта толькі 1 % жаўнераў хацелі б пазбегнуць службы.

Іван Шыла кажа, што гэта праўда – калі браць звесткі з неананімных анкетаў, што запаўняюць ужо прызваныя хлопцы ў вучэбнай частцы. Насамрэч, паводле ягоных назіранняў, сітуацыя адваротная.

Меркаваць пра стаўленне моладзі да году ці двух праведзеных у казармах можна з вулічнага апытання хлопцаў у Менску, якое вы пабачыце ў гэтым дакументальным фільме.

«Марна некаторыя не хочуць служыць у арміі. Закон беларускі спасцігае ўсіх, хто спрабуе ўхіліцца ад прызыву», – гучыць у кадрах аднаго з прапагандысцкіх тэлесюжэтаў пра апазіцыйную моладзь.

У фільме Антося Цялежнікава Франак Вячорка згадвае, як яго гвалтам забіралі «гуляць у вайнушку»: у кайданках адвозілі ў ваенкамат, ставіліся груба – нібыта ён «зрабіў ім нешта непрыемнае асабіста». Калі ў вайсковым УАЗіку гвалтам прызваны жаўнер запытаў, куды яго вязуць, яму адказалі: «Радзіму абараняць».

«Задача гэтай сістэмы – зламаць псіхіку маладога чалавека, зрабіць з яго бяздумнага выканаўцу чужых загадаў», – кажа Вячорка.
Андрусь Цянюта ў фільме прыгадвае, як яго пад наглядам спецслужбаў аператыўна «вылечылі» ад скаліёзу і зрабілі нібыта прыдатным да вайсковай службы.

Героі фільму «Гульня ў вайнушку» не забыліся пра будні ў вайсковых ботах. Фотажурналіст Сяргей Гудзілін апавядае, як ствараў армейскі фотаальбом, Франак Вячорка – як пісаў уначы пад коўдраю з ліхтарыкам армейскі дзённік.

Палітпрызыўнікі на адзін голас кажуць, што жаўнеры ў войску выконваюць збольшага побытавыя функцыі: узімку прыбіраюць снег, а ўвосень – лісце.

З цікавостак фільму «Гульня ў вайнушку»: прыколы на вайсковую тэматыку, здымкі схаванаю камераю ў казармах, анекдатычныя гісторыі пра афіцэраў.

Разам з тым вы дазнаецеся і пра трагедыі, звязаныя са службаю ў беларускім войску: дзедаўшчыну і смерці жаўнераў.

Рэжысёр фільму Антось Цялежнікаў прызнаўся, што сам не служыў, аднак з тэмаю знаёмы: «Як амаль усе хлопцы ў дзяцінстве, я марыў пайсці ў войска. Мой бацька быў вайсковец, і большасць майго дзяцінства прайшла на вайсковых палігонах і ў розных частках. З узростам гэтая рамантыка развеялася, але з рэчаіснасцю вайсковаю я добра знаёмы». Аўтар кажа, што ягонае стаўленне да службы ў беларускім войску паказанае ў фільме праз расповеды герояў. Антось Цялежнікаў перакананы, што «сённяшняе беларускае войска патрабуе татальнага пераўладкавання і рэфармавання. Трэба ставіць на якасць, а не на колькасць, але магчыма гэта будзе толькі пасля змены цяперашняй улады, якая вінаватая ў тым стане, у якім перабывае армія. Адзіная пазітыўная з’ява ў войску – тое, што туды сталі трапляць грамадскія актывісты, дзякуючы якім мы можам даведацца, як выглядае сёння беларускае войска, і якія здабываюць там невялічкія, але часам істотныя перамогі».

поделиться

Новости по теме

Новости партнёров