У Мінску пройдзе канцэрт, прысвечаны ахвярам тэракта ў метро - аўдыё

Сяргей Нятрэба, партал навінаў www.UDF.BY

У дабрачынным канцэрце, які пройдзе 15 мая ў мінскім "Лофт-кафе", возьмуць удзел беларускія рок-, джаз- і этна-гурты, а таксама літаратары. Усе сродкі, атрыманыя з імпрэзы, будуць пералічаныя пацярпелым ад выбуху ў мінскім метро ды іх сем’ям.

"Нам цяжка падабраць словы, каб апісаць трагедыю, што адбылася 11 красавіка. Таму мы проста пішам, малюем, спяваем, каб засведчыць, што мы смуткуем разам з сем’ямі загінулых і пацярпелых", - кажа адзін з арганізатараў канцэрта, джазмен Павел Аракелян.

У чатырохгадзіннай дабрачыннай акцыі, якая пройдзе 15 мая ў мінскім "Лофт-кафе", возьмуць удзел вядомыя беларускія музыкі і літаратары. Сярод іх – Уладзімір Арлоў, Алесь Разанаў, этна-трыё "Троіца", гурт Akana, джаз-бэнд "Аўтсайдзеры", Аляксандр Памідораў ды шматлікія іншыя.

Павел Аракелян разам з Аленай Аракелян і Юрыем Дзмітрыевым з этна-трыё "Троіца" запісаў новую песню "Release me, Lord!", якую прысвяціў ахвярам трагедыі.

Усе сродкі, атрыманыя з імпрэзы, будуць накіраваныя пацярпелым ды іх сем’ям на рэабілітацыю. Зроблена гэта будзе незалежным чынам пад кантролем інфармацыйнай кампаніі БелаПАН, а не праз фонд, створаны мінскімі ўладамі.

Квіток на канцэрт будзе каштаваць 30 000 рублёў, замовіць яго можна па тэл. +375 29 380 00 10.

У Мінску пройдзе канцэрт, прысвечаны ахвярам тэракта ў метро - аўдыё

поделиться

Новости по теме

Новости партнёров